Дзяніс Шчарбіцкі (нар. , ) — беларускі футбаліст, брамнік расійскага клуба «Урал» з Екацярынбурга.

Клубная кар’ера Выхаванец дзіцячай школы мінскага МТЗ-РІПА, пазней трапіў у структуру барысаўскага БАТЭ. З 2014 года пачаў выступаць за дубль, таксама ў 2014 і 2015 гадах выступаў за барысаўскі клуб у Юніёрскай лізе УЕФА.

З 2015 года пачаў прыцягвацца да асноўнай каманды. 7 ліпеня 2016 года дэбютаваў у аснове БАТЭ ў матчы Вышэйшай лігі супраць «Іслачы» (3:1). Да канца сезона 2016 згуляў яшчэ ў чатырох матчах чэмпіянату. У верасні 2016 года падпісаў новы кантракт з БАТЭ.

У сезоне 2017 стаў асноўным брамнікам БАТЭ, правёў за каманду 23 матчы ў чэмпіянаце Беларусі, 4 у Лізе чэмпіёнаў і 8 у Лізе Еўропы. Па выніках сезона 2017 быў прызнаны найлепшым брамнікам чэмпіянату Беларусі. У студзені 2019 года падоўжыў кантракт з барысаўчанамі. Пачынаў сезон 2019 у якасці асноўнага брамніка, аднак у чэрвені атрымаў траўму і да канца года на полі не з’яўляўся. Траўмы пераследавалі футбаліста і ў наступныя гады: у сезоне 2020 чаргаваўся з Антонам Чычканам, а ў 2021 годзе ўвогуле не з’яўляўся на полі.

У лютым 2022 года яшчэ на год падоўжыў пагадненне з БАТЭ. Толькі з лета пачаў пачаў трапляць у заяўку каманды на матчы, у сезоне 2022 правёў дзве гульні ў Вышэйшай лізе. У пачатку 2023 года з-за забароны Міністэрства спорту і турызму не трапіў у заяўку БАТЭ на сезон і не ўдзельнічаў у афіцыйных матчах.

У ліпені 2023 года перайшоў у екацярынбургскі «Урал». У студзені 2024 года падпісаў новы доўгатэрміновы кантракт з клубам.

Міжнародная кар’ера У 2012—2013 гадах гуляў за юнацкую зборную Беларусі ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы.

17 студзеня 2015 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі, выйшаўшы на замену ў канцы матча супраць Эстоніі на Кубку Садружнасці ў Санкт-Пецярбургу. Пазней стаў асноўным брамнікам моладзевай зборнай.

9 чэрвеня 2018 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі, адгуляўшы ўсе 90 хвілін у таварыскім матчы супраць Фінляндыі (0:2).

Дасягненні Чэмпіён Беларусі (3): 2016, 2017, 2018 Сярэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (2): 2019, 2020 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2022 Уладальнік Кубка Беларусі: 2020 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2017 Найлепшы брамнік чэмпіянату Беларусі: 2017 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (2): 2017, 2018

Статыстыка выступленняў СезонДывізіёнКлубКраінаМатчыГалы 2013 дубль БАТЭ 0 0 2014 дубль БАТЭ 6 −6 2015 дубль БАТЭ 3 −3 2016 Д1 БАТЭ 5 −3 2017 Д1 БАТЭ 23 −12 2018 Д1 БАТЭ 26 −18 2019 Д1 БАТЭ 10 −3 2020 Д1 БАТЭ 14 −15 2021 Д1 БАТЭ 0 0 2022 Д1 БАТЭ 2 −3

Грамадзянская пазіцыя Пасля жорсткага разгону акцый пратэстаў, выкліканых масавымі фальсіфікацыямі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, разам з 92 іншымі беларускімі футбалістамі выступіў з асуджэннем гвалту ў Беларусі.

Крыніцы

Катэгорыя:Футбольныя варатары Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Урал Екацярынбург