Міхаі́л Мікала́евіч Пташу́к () — беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар.

Біяграфія Скончыў рэжысёрскі факультэт Тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР (1972; майстэрня Г. Данеліі). Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Член КПСС (з 1978). Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года, у Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў — «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У. Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В. Быкава, 1986). Сярод фільмаў канца 1980-1990-х — гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд» (1988), "Кааператыў «Палітбюро» (1992), «У жніўні 44-га…» (2000). Паставіў тэлевізійны фільм «Нас выбраў час» (1978), фільм-спектакль Мінскага тэатра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997).

Работы М. Пташука неаднаразова атрымлівалі высокія ўзнагароды на прэстыжных кінафестывалях. Для яго творчай манеры ўласцівы абвостраная ўвага да складаных гісторыка-філасофскіх праблем, псіхалагічная заглыбленасць, упэўненасць рэжысёрскага почырку і пад.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1982). Народны артыст БССР (1990). Дзяржаўная прэмія БССР (1982) за экранізацыю рамана І. Шамякіна «Вазьму твой боль»; прэмія Ленінскага камсамола (1980) за кінафільм паводле твора У. Халіпа і А. Петрашкевіча «Время выбрало нас».

Фільмаграфія 1973 — «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (сцэнарый — А. Усаў, аператар — Ю. Кліменка); 1975 — «Лясныя арэлі» (сцэнарый — І. Пяткевіч, аператар — Ю. Марухін); 1978 — «Час выбраў нас» (сцэнарый — А. Петрашкевіч, У. Халіп, аператары — Ю. Марухін (1—2 серыі), В. Нікалаеў); 1980 — «Вазьму твой боль» (сцэнарый — І. Шамякін, аператар — В. Нікалаеў); 1984 — «Чорны замак Альшанскі» (сцэнарый — У. Караткевіч, аператар — Т. Логінава); 1986 — «Знак бяды» (сцэнарый — Я. Грыгор'еў, О. Нікіч, аператар — Т. Логінава); 1988 — «Наш браняпоезд» (сцэнарый — Я. Грыгор'еў, аператар — Ю. Ялхоў); 1992 — «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (сцэнарый — Я. Грыгор'еў, аператар — С. Мачыльскі); 1995 — «Гульня ўяўлення» (сцэнарый — Э. Брагінскі, аператар — В. Спарышкоў); 1995 — «Макбет» (сцэнарый — А. Дудараў, аператар — В. Спарышкоў); 2000 — «У жніўні 44-га…» (сцэнарый — У. Багамолаў, аператар — В. Спарышкоў); 2001 — «Песня Розы» (сцэнарый — В. Сакалоўскі, аператар — Д. Гучыарда). 2003 — «У чэрвені 41-га» (сцэнарый — В. Сакалоўскі, К Сіверстоўн, М. Пташук; аператар — Д. Гучыарда).

Крыніцы

Літаратура

Пташук Міхаіл // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад.: Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн., 1987. — Т.4. — С. 412.

Спасылкі

Катэгорыя:Выпускнікі Тэатральнага інстытута імя Барыса Шчукіна Катэгорыя:Народныя артысты Беларускай ССР Катэгорыя:Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР Катэгорыя:Загінулі ў аўтамабільных катастрофах Катэгорыя:Члены Саюза кінематаграфістаў СССР Катэгорыя:Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР