Дрысвя́ты () — возера на мяжы Літвы і Беларусі (Браслаўскі раён) у басейне ракі Дрысвята, за 22 км на захад ад горада Браслаў, каля аграгарадка Дрысвяты. Найбольшае паводле плошчы возера Літвы. Возера Дрысвяты сумесна з возерам Ставок стала азёрным вадасховішчам пасля будаўніцтва на рацэ Прорва ў 1953 годзе плаціны ГЭС «Дружба народаў».
Назва А. Шахматаў звязваў назвы Дрысвяты, Дрывяты, Друя, Дрыса з кельцкім dru- «бегчы, цячы», ад якога, напрыклад, гідронімы Drouvenne, Druna, DruonA. Schachmatov. Zu den ältesten slavisch-keltischen Beziehungen // Archiv für Slavische Philologie. Berlin, 1912. Т. 33. S. 79..
На думку Ю. Сташэўскага, назва Дрысвяты паходзіць ад індаеўрапейскага кораня dru «цячы» (часта сустракаецца ў рачных назвах на кельцкім абшары)J. Staszewski. Słownik geograficzny: pochodzenie i znaczenie nazw geograficznych. Gdynia, 1948. S. 81..
На думку А. Ванагаса, паходжанне назвы літоўскай ракі Drisveta няяснае. Параўн. беларускае Дрысвяты. Корань можа быць *drisu̯-, які можа быць варыянтам кораня dris-, параўн. ДрысаA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 91..
Паводле У. Тапарова, назвы р. Дрисенка, Дрисела ў Павоччы — балтызм, як і Дрыса ў басейне Дзвіны, нягледзячы на некаторыя незразумеласці. Назва Дрысвяты, магчыма, уяўляе сабой варыянт асноў на -u (Дрыс-в-: Дрыс-)В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. — Москва, 1989. С. 51.. Назва р. Дриска ў Падонні — памяншальнае ад Дрыса (рака і возера ў Віцебскай вобл.). Падчас сюды ж адносяць літ. Drisveta > Drisvėtėlė (з *Drisv-, u-асноўны варыянт ад *Dris-), якое, зрэшты, тлумачыцца і інакшВ. Н. Топоров. Балтийские следы на Верхнем Дону // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1997. С. 317..
Некаторыя даследчыкі лічаць угра-фінскімі фарманты -ты, -ды (азёры Дрывяты, Дрысвяты, Снуды)Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1994. С. 528..
Гідраграфія Плошча паверхні 44,5 км². Даўжыня 13 км, найбольшая шырыня 5,8 км. Даўжыня берагавой лініі 60,3 км. Найбольшая глыбіня 31 м, сярэдняя 7 м. Аб’ём вады 313 млн м³. Плошча вадазбору 604 км².
Схілы катлавіны — узгоркі і грады вышынёй да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усходнія і паўднёва-ўсходнія разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўднёвай частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыбіні 5 м пясчаныя грунты, цэнтральная частка выслана ілам. На возеры 8 астравоў, найбольшы з іх Замак (плошча 0,26 км², у XIV—XVII стагоддзях тут існаваў Дрысвяцкі замак).
Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцякаюць рэкі Прорва (злучае Дрысвяты з возерам Аболе) і Дрысвята.
Экалогія Гідратэхнічныя збудаванні ГЭС рэгулююць узровень возера Дрысвяты, якое выкарыстоўваецца ў якасці вадаёма-ахаладжальніка Ігналінскай АЭС. Возера эўтрофнае. Зарастае каля 10 % плошчы возера.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, язь, сазан, судак, плотка, лінь і іншыя віды рыб.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Азёры Літвы Катэгорыя:Басейн Дрысвяты Катэгорыя:Памежныя азёры