«Каро́ткі фільм пра забо́йства» () — польскі псіхалагічны фільм, зняты ў 1987 годзе рэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім на аснове ўласнага сцэнарыя, напісанага ў суаўтарстве з Кшыштафам Пясевічам. Галоўныя ролі ў фільме выканалі , і .

«Кароткі фільм пра забойства» з’яўляецца поўнаметражнай версіяй пятай часткі дзесяцісерыйнага тэлецыкла «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Фільм адпавядае пятай запаведзі паводле каталіцкай традыцыі: «Не забівай».

Прэм’ера фільма ў Польшчы адбылася 11 сакавіка 1988 года і выклікала бурную рэакцыю крытыкаў. Карціна была ўспрынята як знак пратэсту супраць смяротнага пакарання, адмена якога стала прадметам грамадскіх дыскусій. Польскія крытыкі высока ацанілі мастацкія якасці фільма, у прыватнасці майстэрскую аператарскую працу Славоміра Ідзяка, аднак адзначалі і слабасці працы Кеслёўскага і Пясевіча, сярод якіх празмерная ідэалістычнасць постаці адваката.

«Кароткі фільм пра забойства» стаў першым творам Кеслёўскага, які атрымаў шырокую вядомасць і прызнанне ў Заходняй Еўропе. У маі 1988 года фільм быў паказаны ў межах асноўнай конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю, дзе ўдастоіўся Прыза журы і Прыза ФІПРЭСІ. У лістападзе таго ж года карціна была ўзнагароджана Еўрапейскай кінапрэміяй ў намінацыі Найлепшы еўрапейскі фільм.

Сюжэт У адкрываючай сцэне паказаны выявы некалькіх мёртвых жукоў, у бруднай лужыне ляжыць дохлы пацук, дзеці вешаюць труп чорнага ката́.

Варшава, 16 сакавіка 1987 года. Першая палова фільма знаёміць гледачоў з трыма персанажамі, папераменна паказваючы падзеі гэтага дня ў іх жыцці.

Вальдэмар Рэкоўскі (Ян Тэсаж) — непрыемны чалавек сярэдніх гадоў, кіроўца таксі — клапатліва мые свой аўтамабіль, адначасова заглядваючыся на супрацоўніцу прадуктовай крамы Беатку (Эльжбета Хельман). У нейкі момант да яго падыходзяць мужчына і жанчынай (Крыстына Янда і Ольгерд Лукашэвіч), просячы іх падвезці, але кіроўца адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што заняты мыццём машыны. Калі ж побач праходзіць Беатка, ён запрашае яе падвезці, аднак тая не згаджаецца. Тады Вальдэмар сканчвае мыццё машыны і з’язджае, праігнараваўшы мужчыну і жанчыну, якія яго чакалі непадалёк. Катаючыся па горадзе, таксіст сустракае знаёмага яму дваровага сабаку і дзеліцца з ім бутэрбродам, набывае латарэйны білет і скрупулёзна выбірае нумары. Часам дзеля забавы ён чыніць невялікія паскудствы. Калі міма яго таксі праходзіць чалавек з некалькімі сабакамі, ён нечакана громка сігналіць, і адзін з сабак зрываецца з павадка. Увогуле таксіст звыкла злоўжывае свабодай, якую дае яму яго прафесія. Ён груба абыходзіцца з непрыемнымі яму людзьмі і адмаўляецца іх падвозіць.

Яцэк Лазар (Мірослаў Бака) — дваццацігадовы вясковы хлопец. Ён бессэнсоўна швэндаецца па вуліцах Варшавы. Яцэк распытвае, дзе бліжэйшая стаянка таксі. Прыйшоўшы на месца, ён знаходзіць, што там чакае шмат людзей. Бадзяючыся па горадзе, Яцэк чыніць зламысныя і бессэнсоўныя рэчы. Ён з абыякавасцю назірае, як два чалавекі даганяюць і збіваюць іншага, у грамадскім туалеце спіхвае чалавека ў пісуар, скідвае камень з моста на праязджаючыя аўтамабілі, ганяе галубоў, якіх корміць старая жанчына. Дарогай Яцэку на вочы не раз трапляюцца малыя дзяўчынкі. У Яцэка і самога ёсць з сабой крыху прымяты фотаздымак з дзяўчынкай, убранай у белае. Ён заходзіць у фотаатэлье і пакідае там фотаздымак, каб яго павялічылі. Ён цікавіцца ў работніцы фотаатэлье, ці можна па фотаздымку вызначыць, жывы чалавек ці не.

Пётр Баліцкі (Кшыштаф Глобіш) здае экзамен на права займацца адвакацкай практыкай. Ён малады і поўны ідэалістычных ідэй. Падчас экзамена ён выказвае думку, што пакаранне — гэта не толькі ўздзеянне на абвінавачанага, але і акт запужвання іншых. Аднак з часоў Каіна яшчэ не адно пакаранне не выправіла свет і не адпужвала яго ад здзяйснення злачынстваў.

Таксіст ездзіць па горадзе, шукаючы кліента. Яцэк заходзіць у кафэ, купляе каву і пірожнае. Седзячы ў кафэ, Яцэк намотвае на руку вяроўку, але спыняецца, калі бачыць, як дзве дзяўчынкі гуляюць за акном кафэ. Ён жартуе з імі. Затым ідзе да стаянкі і ловіць таксі. На таксі спяшаюцца яшчэ некалькі чалавек, але Яцэк адмаўляецца саступіць ім, хлусячы, што яму з імі не па дарозе. Таксі належыць Вальдэмару. Яцэк называе яму аддалены раён горада. У бязлюдным месцы ён накідвае вяроўку на шыю Вальдэмара і цягам доўгага часу жорстка душыць яго. Калі задушыць Вальдэмара не атрымоўваецца, Яцэк праломвае яму галаву кавалкам арматуры, але і гэтага аказваецца недастаткова. Вальдэмар стогне, з апошніх сіл просячы аб літасці, але Яцэк не слухае. Ён дабівае таксіста, скрышыўшы яму галаву цяжкім каменем. Затым скідвае цела ў раку. Вярнуўшыся ў таксі, Яцэк дастае бутэрброд, зроблены жонкай таксіста, і ўключае радыё. Па радыё гучыць дзіцячая песенька, у якой малады леў вучыцца быць адважным. Узлаваны Яцэк выдзірае аўтамагнітолу і шпурляе яе ў раку. Увечары Яцэк на машыне таксіста прыязджае да прадаўшчыцы Беаты і запрашае яе на спатканне. Яна ж па цаццы на шкле пазнае таксі (раніцай таго ж дня Вальдэмар спрабаваў з ёй фліртаваць) і спалохана пытаецца Яцэка, адкуль у яго машына.

Суд прыгаворвае Яцэка да смерці, нягледзячы на пранікнёную прамову Пятра супраць смяротнага пакарання. Для Пятра гэта першая справа, і пасля працэсу ён гутарыць з дасведчаным суддзёй, які гэтую справу вёў. Пётр пытаецца, ці магло б нешта змяніцца, калі б замест яго быў больш вопытны адвакат. Суддзя адказвае, што Пётр зрабіў усё, што можна было зрабіць у такой сітуацыі, і што гэта была найлепшая на яго памяці прамова супраць смяротнага пакарання, аднак прысуд не мог быць іншым.

У дзень, на які прызначана смяротнае пакаранне, Яцэк просіць аб размове з Пятром, бо Пётр адзіны, па яго словах, не быў супраць яго. Пётр спрабуе патлумачыць, што людзі не супраць яго, але супраць яго ўчынку; аднак Яцэк не знаходзіць розніцы. У размове Яцэк распавядае, што пяць гадоў таму памерла яго ўлюбёная малодшая сястра. Гэта было ў вёсцы. Яе пераехаў на трактары сябра Яцэка, з якім Яцэк перад гэтым піў. Яцэк да гэтага часу вінаваціць сябе. Ён гаворыць, што ўсё магло б быць іначай, калі б гэтага не здарылася. Яцэк просіць перадаць яго бацькам просьбу, каб маці саступіла яму месца на могілках побач з сястрой і бацькам. Яшчэ ён просіць Пятра забраць у фотаатэлье здымак, дзе яго сястра выяўлена ў сукенцы для Першага Прычасця, і перадаць здымак маці.

Набліжаецца час выканання прысуду. Ахоўнік пытаецца ў Пятра, ці скончылі яны гутарку, Пётр жа адказвае, што ён ніколі не згодзіцца яе скончыць па сваёй волі. Тады Яцэка сілай адводзяць і з захаваннем усіх працэдур — абвяшчэння прысуду, апошняй цыгарэты, наказаў святара — вешаюць. У апошні момант Яцэк у адчаі спрабуе вырвацца з рук турэмшчыкаў. Пётр, прысутны пры гэтым, ледзьве трымаецца на нагах.

У апошняй сцэне Пётр сядзіць у машыне ў сельскай мясцовасці і ў бяссільнай злосці плача.

Акцёрскі склад

Вытворчасць

«Кароткі фільм пра забойства» першапачаткова ствараўся як пятая частка тэлевізійнага цыклу фільмаў «Дэкалог», прысвечанага Дзесяці запаведзям. Паводле ўспамінаў Кшыштафа Кеслёўскага ідэя стварэння такога цыклу належала яго суаўтару Кшыштафу Пясевічу, з якім яны раней разам працавалі над фільмам «Без канца» (1985). У адрозненні ад папярэдняга фільма, напоўненага палітычнымі рэаліямі свайго часу, пры напісанні сцэнарыя для «Дэкалога» аўтары вырашылі пазбягаць палітычных тэм, каб зрабіць фільм больш універсальным.

Вытворчасцю тэлецыкла займалася , мастацкім кіраўніком якога быў Кшыштаф Занусі, а яго намеснікам — сам Кеслёўскі. Улічваючы рызыкі, звязаныя са стварэннем кінафільмаў, Кеслёўскі звярнуўся да польскага тэлебачання з прапановай зняць цыкл тэлефільмаў. Першапачаткова Кеслёўскі не меў намеру займацца ўласна рэжысурай фільмаў, каб даць магчымасць дзесяці дэбютантам зрабіць свой першы фільм. Аднак значна пазней, калі першыя версіі сцэнарыяў былі гатовы, Кеслёўскі перадумаў аддаваць сцэнарыі на рэалізацыю іншым і вырашыў узяцца за здымкі сам.

Згодна з фінансавым пагадненнем, якое Кеслёўскі заключыў з польскім тэлебачаннем, з дзесяці эпізодаў тэлецыкла «Дэкалог» два мусілі мець поўнаметражныя версіі для кінатэатраў. Кеслёўскі прапанаваў Міністэрству культуры Польшчы самім выбраць адзін са сцэнарыяў для стварэння яго кінаверсіі, пры той умове, што другім такім фільмам стане менавіта «Кароткі фільм пра забойства», заснаваны на пятай частцы тэлецыкла. Міністэрства абрала «Дэкалог, шэсць» і прафінансавала абедзве стужкі. Сваё асаблівае жаданне зняць менавіта «Кароткі фільм пра забойства» Кеслёўскі тлумачыў наступным чынам:

Прататыпам Яцака Лазара стаў выхаванец папраўчай установы ў , які пазней патрапіў у турму і быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Перад выкананнем прысуду Кшыштаф Кеслёўскі некалькі разоў сустракаўся з асуджаным.

Здымкі і аператарская праца

Паводле задумы Кеслёўскага над кожным з дзесяці фільмаў тэлецыкла павінен быў працаваць асобны аператар. Калі рэжысёр прапанаваў заняцца адным з фільмаў Славоміру Ідзяку, той згадзіўся, хоць і неахвотна, бо крытычна ставіўся да перспектывы ўдзелу ў здымках тэлесерыяла. Сярод дзесяці прапанаваных фільмаў Ідзяк абраў дзявяты — фільм пра рэўнасць. Аднак пазней падчас свайго знаходжання ў Бяскідах Кеслёўскі зноў сустрэўся з Ідзякам і пераканаў яго ўзяцца менавіта за пятую частку «Дэкалога». Ідзяк спрабаваў адмовіцца, бо не ўпадабаў сцэнарый гэтага фільма, але ў выніку саступіў Кеслёўскаму, паставіўшы аднак умову, што будзе выкарыстоўваць падчас здымак зялёныя пераходныя фільтры ўласнай вытворчасці. Рэжысёр паставіўся да гэтай ініцыятывы аператара як да спробы сапсаваць яго фільм, але даў яму свабоду дзеяння пры пабудове кадраў. Пасля прагляду папярэдніх матэрыялаў Ідзяк палічыў, што і ўпраўду сапсаваў фільм. «На экране гэта выглядала жахліва», — прыгадвае ён. Толькі падчас мантажу Ідзяк пераканаўся, што адзняты матэрыял мае нейкі сэнс. У выніку святлафільтры стварылі вобраз няўтульнай, няветлівай, варожай сваім героям Варшавы, скажаючы каляровую гаму і робячы неба жоўтым, а твары людзей — попельна-шэрымі. У адным з інтэрв’ю Ідзяк казаў, што фарбы фільма павінны выклікаць асацыяцыі з мачой.

У сваёй аўтабіяграфіі рэжысёр наступным чынам каментаваў каларыстычнае рашэнне фільма:

Асаблівую цяжкасць падчас здымкаў фільма ўяўлялі сабой сцэны смерці. У першай сцэне хлопец забівае таксіста цягам сямі хвілін, у другой сцэне на працягу пяці хвілін прыводзіцца ў выкананне смяротны прысуд. Пры здымках першай сцэны ўзнікалі розныя тэхнічныя праблемы. У прыватнасці, адмаўляліся працаваць трубкі, праз якія мусіла ісці кроў. Куды большай праблемай для рэжысёра стала сцэна смяротнага пакарання, бо яе здымалі адным планам. Калі ўсё было гатова да здымкаў, аказалася, што група псіхалагічна не вытрымлівае жаху сцэны. Здымкі прыйшлося перарваць і адкласці на наступны дзень.

Музычнае суправаджэнне

Музычнае суправаджэнне да карціны «Кароткі фільм пра забойства» належыць польскаму кампазітару Збігневу Прайснеру і адыгрывае істотную ролю ў выразнасці фільма. Прайснер, пад уплывам свайго суайчынніка Фрыдэрыка Шапена, «стварыў надзвычайную, элегічную і нібы поўную недаказанасці музыку. Жалобная мелодыя фартэпіяна зліваецца з дрыжачымі струннымі і адзінай трубой, каб надаць эмацыйную выразнасць халоднаму жаху, які сачыцца з экрана».

Музыка, што гучыць у «Кароткім фільме пра забойства» ўвайшла ў склад першага альбома Збігнева Прайснера — «Дэкалог» (1991), у якім прадстаўлена музыка з аднайменнага тэлецыкла, і адпаведна з кінаверсій пятага і шостага фільмаў. Атрымаўшы высокую ацэнку сярод слухачоў, музычныя кампазіцыі з «Кароткага фільма пра забойства» зноў з’яўляліся ў канцэртных альбомах Прайснера «Музыка Прайснера» (1995) і «Чатыры колеры Лодзі» (2014), а таксама ў альбоме «Кеслёўскі» (2003), які ўяўляе сабой кампіляцыю твораў Прайснера да фільмаў кінарэжысёра. Апроч таго, музыка з «Кароткага фільма пра забойства» была выкарыстана ў фільме Вонга Карвая «2046».

Апроч арыгінальнай музыкі Збігнева Прайснера ў фільме выкарыстана песня «Я раскажу табе пра льва» () напісаная польскім кампазітарам на словы .

Тэлевізійная версія