Юрый (Юрка) Луцкевіч () — адзін з кіраўнікоў Беларускай незалежніцкай партыі, афіцэр батальёну «Дальвіц».

Біяграфія Сын Антона Луцкевіча, вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху, брат Лявона Луцкевіча. Юрка скончыў Віленскую беларускую гімназію, Віленскае тэхнічнае вучылішча.

У канцы 1930-х вучыўся ў Варшаўскай політэхніцы, быў забраны ў польскую афіцэрскую школу. У верасні 1939 трапіў у нямецкі палон. Пад час нямецкай акупацыі Беларусі з гады 2-й сусветнай вайны быў дырэктарам беларускай школы ў Радашковічах, настаўнічаў у Баранавічах. Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам БНП. З 1944 — афіцэр БКА, удзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстання ў Мінску ў канцы чэрвеня 1944, якое не адбылося. Пасля — у батальёне «Дальвіц».

Разам з Усеваладам Родзькам вясной 1945 г. з Чэхіі перабраўся ў Польшчу з мэтай арганізацыі антысавецкага падполля і партызанскага руху. Арыштаваны ў Варшаве ў канцы 1945. Праходзіў па справе над кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі. Асуджаны на 25 гадоў лагераў «за здраду і супрацоўніцтва з ворагам». Зняволенне адбываў на Калыме.

Выйшаў 14 жніўня 1956 года, потым здабываў золата, быў старацелем. У Беларусь вярнуўся ў 1957 г., потым жыў у Вільнюсе. Уладкаваўся на працу ў электрамантажны трэст у сістэме Міністэрства будаўніцтва ЛітССР. Працаваў інжынерам, хоць афіцыйна лічыўся электратэхнікам 6-га разраду.

Памёр 12 жніўня 1992 г. у Вільні.

Сям’я На Калыме, ужо пасля свайго вызвалення з лагеру, пазнаёміўся з маскоўскай камсамолкай Нінай Злыгосцевай, якая былая маладзейшай за яго на 15 гадоў і мела мужа. Пасля раз’ехаліся. У 1957 годзе яна нарадзіла сына Сяргея, а потым развялася са сваім першым мужам. Завязалася перапіска з Луцкевічам, у выніку Злыгосцева пераехала ў Вільню пабралася з ім шлюбам. Юрый Луцкевіч усынавіў яе сына Сяргея і даў яму сваё прозвішчаРодавы пярсцёнак Луцкевічаў. 10.10.2015.

У шлюбе з Нінай Злыгосцевай меў дачку Алесю (нар. 5 лютага 1969) і сына Івана (нар. 8 сакавіка 1974). Алеся Юр’еўна Луцкевіч вучылася ў Мінску, стала дыпламаваным дэфектолагам. Ажанілася з беларускім мастаком Алесем Покладам, ад якога мае сына Яна. Іван Юр’евіч Луцкевіч скончыў факультэт беларускай філалогіі Вільнюскага педуніверсітэта. Эміграваў у Ізраіль, дзе ажаніўся з гамяльчанкай Вольгай, ад якой мае 2 сыноў — Міхаэля (Міхася) і Юрку.

Крыніцы

Літаратура Юры Луцкевіч (нэкралёг) // Беларус, № 394, кастр. 1992. Луцкевіч Юрка // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3

Катэгорыя:Члены Беларускай незалежніцкай партыі Катэгорыя:Члены Беларускай краёвай абароны Катэгорыя:Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»