Пунскія — род татарскіх царэвічаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шэйх-Ахмеда, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пачатку XVI ст. як ганаровы палоннага знаходзіўся ў ВКЛ.

Енбек-салтан згаданы ў Попісе войска ВКЛ 1528 года. У 1542 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошаў. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Новагародскім ваяводстве. Меў сыноў Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. У 1571—1585 гадах яны прадалі Калдычэва канцлеру ВКЛ А. Валовічу. У 1576 годзе Іслам Енбекавіч за заслугі ў баявых дзеяннях супраць расійскіх і шведскіх войск у Інфлянтах атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта II Аўгуста прывілей на с. Янушкава ў Пунскай воласці, пасля — новыя наданні ад Генрыка Валезы і Стэфана Баторыя. Паводле попісу 1567 г., Пунскія выстаўлялі ў войска 3 коннікаў. Як і царэвічы Астрынскія, Пунскія не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў Пунскіх ператварыўся ў прозвішча. Яны прадалі землі пад Пунямі і Паложына ў Менскім ваяводстве, дзе яшчэ ў канцы XVII ст. валодалі часткай маёнтка Руднікі. У XVIII ст. гэты род, відаць, згас.

Крыніцы

Літаратура Думин, С. В. Татарские князья в Великом княжестве Литовском / С. В. Думин // Acta Baltico-Slavica. [Т.]. 20. — Wrocław, 1991. — S. Думин, С. В. Татарские царевичи в Великом княжестве Литовском (XV—XVI вв.) / С. В. Думин // Древнейшие государства на территории СССР: Материалы и исследования, 1987 год / АН СССР, Ин-т истории СССР; Отв. ред. В. Т. Пашуто. — М.: Наука, 1989. — 317, с., л. портр. — С. 106—113. — ISBN 5-02-009475-7. Пазднякоў, В. Пунскія / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Т. 2: К—Я. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. Пунскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 7. — ISBN 985-11-0214-8.

Катэгорыя:Вялікалітоўскія шляхецкія роды татарскага паходжання Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя