Вольга Сяргееўна Худзенка (нар. , Хойнікі) — беларуская вяслярка-байдарачніца, выступае за зборную Беларусі з 2011 года. Трохразовы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў у байдарцы-чацвёрцы (2012, 2016, 2020). Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія Вольга Худзенка нарадзілася 12 мая 1992 года ў горадзе Хойнікі, Гомельская вобласць. Актыўна займацца веславаннем пачала ва ўзросце чатырнаццаці гадоў у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву ў Мазыры, праходзіла падрыхтоўку пад кіраўніцтвам трэнера Міхаіла Аземшы, пазней трэніравалася ў старэйшага трэнера жаночай зборнай Генадзя Галіцкага. На спаборніцтвах прадстаўляе Гомельскую вобласць. Першага сур’ёзнага поспеху дамаглася ў 2011 годзе, калі пераможна дэбютавала на Кубку свету, выйграла бронзавы медаль на чэмпіянаце свету ў венгерскім Сегедзе (з чатырохмясцовай байдаркай на дыстанцыі 500 метраў), а таксама заваявала золата і бронзу на чэмпіянаце Еўропы ў Бялградзе (з чацвёркай на 500 метраў і двойкай на 200 метраў).

У 2012 годзе Худзенка выйграла тры сярэбраныя медалі на першынстве Еўропы ў харвацкім Заграбе і дзякуючы чарадзе ўдалых выступленняў ганаравалася правы абараняць гонар краіны на летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане. Удзельнічала ў заплывах на 500 метраў двухмесных і чатырохмясцовых байдарак, у першым выпадку ў пары з Марынай Палтаран вымушана была здавольвацца суцяшальным фіналам «Б» і ў канчатковым выніку размясцілася на дзявятай пазіцыі, тады як другім разам з Палтаран, Ірынай Памелавай і Надзеяй Папок дабралася да фінальнай стадыі і заваявала бронзу. «Мы доўга ішлі да гэтага медаля, многае перажылі. Але імкнуліся, стараліся, біліся да канца, хоць, прызнаюся, не асабліва разлічвалі падняцца на пастамент». Па выніках сезона ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

Пасля Алімпіяды спартсменка засталася ў асноўным складзе беларускай нацыянальнай каманды і брала ўдзел у найбуйнейшых міжнародных спаборніцтвах. Так, у 2013 годзе яна пабывала на чэмпіянаце свету ў нямецкім Дуйсбургу, дзе з чацвёркай стала бронзавай прызёркай у паўкіламятровай гонцы, а затым паўтарыла гэта дасягненне на еўрапейскім першынстве ў партугальскім Мантымор-у-Велью. Апроч гэтага, трыумфальна выступіла на летняй Універсіядзе ў Казані, прывезла адтуль тры залатыя медалі, выйграныя ў трох розных дысцыплінах.

На Алімпійскіх гульнях 2016 года выйграла бронзавы медаль у чацверцы разам з Марынай Літвінчук, Надзеяй Ляпешка і Маргарытай Махневай.

Жыве і трэніруецца ў горадзе Мазыры. Вучылася на факультэце фізічнай культуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна.

Узнагароды і званні Узнагароджана ордэнам Айчыны III ступені (2022)Прадстаўнікі сферы спорту ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях у Токіа // Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 14 студзеня 2022., ордэнам Пашаны (2016)Указ № 450 ад 13 снежня 2016 г. «Аб узнагароджанні», медалём «За працоўныя заслугі» (2019). Удастоена ганаровага звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

Спасылкі Вольга Сяргееўна Худзенка на сайце «Беларусь у асобах і падзеях»

Худзенка Вольга Сяргееўна  — даведка на сайце МДПУ імя І. П. Шамякіна Худзенка Вольга Сяргееўна — даведка на Беларускім інфармацыйным спартыўным партале

Катэгорыя:Весляры на байдарках і каноэ Беларусі Катэгорыя:Весляры на байдарках і каноэ на летніх Алімпійскіх гульнях 2012 года Катэгорыя:Весляры на байдарках і каноэ на летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года Катэгорыя:Бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года Катэгорыя:Бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 2016 года Катэгорыя:Чэмпіёны свету па веславанні на байдарках і каноэ Катэгорыя:Чэмпіёны Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ Катэгорыя:Сярэбраныя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года Катэгорыя:Весляры на байдарках і каноэ на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 года Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Мазыра Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Хойнікаў