Станіслаў Мурмеліус — друкар і кнігавыдавец XVI ст.

Біяграфія Паходзіў з Польшчы. У 1558 годзе запрошаны вялікім канцлерам літоўскім Мікалаем Радзівілам Чорным узначаліць Берасцейскую друкарню, якая пасля смерці Б. Ваяводкі бяздзейнічала. Першай кнігай, выдадзенай Мурмеліусам да лістапада 1558, быў зборнік рэлігійных песень С. Зарэмбы «Песні хвал боскіх».

На працягу 1558—1561 гг. ім надрукавана 16 твораў на польскай мове. З іх вядомы: «Два пасланні» (1559) — адказ папскаму нунцыю Ліпамано, дзе крытыкуецца царкоўна-рэлігійная палітыка рымскай курыі і яе ўмяшанне ў справы іншых краін; «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560); прававыя творы Б. Граіцкага — «Артыкулы права Магдэбургскага», «Судовы працэс» (1560) і інш. Магчыма, Мурмеліус удзельнічаў у падрыхтоўцы да выдання Берасцейскай Бібіліі (1563). Каб палепшыць фінансавае становішча друкарні, Мурмеліус выдаваў сваім коштам хадавыя кнігі свецкага зместу, але без пазначэння месца выдання і выдаўца. Сродкі на публікацыю рэлігійнай літаратуры даваў Мікалай Радзівіл Чорны. Якасць выданняў Мурмеліуса сведчыць пра дасканаласць яго выдавецкага і друкарскага майстэрства. З 1570 г. Мурмеліус знаходзіўся ў Кракаве, дзе трапіў у даўгавую турму, адкуль яго вызваліў выдавец М. Шарфенберг. Далейшы лёс Мурмеліуса невядомы.

Крыніцы

Літаратура Kawecka-Gryczowa, A. Murmelius Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. T. 22-1. Zesz. 92. — Wrocław, 1977. — S. 273—274. Murmelius Stanisław // Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5: Wielkie Księstwo Litewskie / Oprac. A. Kawecks-Gryczowa, K. Korotajowa, W. Krajewski. — Wrocław—Kraków, 1959. — S. 180—187.

Александровіч, У. С. Люблінскі след у біяграфіі берасцейскага друкара Станіслава Мурмеліуса / У. С. Александровіч; Пер. з укр. мовы А. С. Макарэвіч // Архіварыус. — 2008. — Вып. 6. — С. 24—40.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў XVI стагоддзі Катэгорыя:Памерлі ў XVI стагоддзі Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага