Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса — мураваны каталіцкі храм у вёсцы Хатава Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры неараманскага стылю.

Гісторыя Першы касцёл у Хатаве быў пабудаваны на могілках як філіяльны ў 1774 (1776) годзе. У 1867 годзе царскія ўлады адабралі храм у католікаў і перарабілі яго ў праваслаўны. Пасля адыходу вёскі да Польшчы ў 1921 годзе будынак зноў стаў касцёлам.

Акарамя таго, ў 1924 годзе Соф’я (Марыя) Ленская, дачка Міхаіла Ленскага, чый маёнтак Хатава ў тыя часы знаходзіўся на тэрыторыі парафіі, пастанавіла пабудаваць на тэрыторыі маёнтка капліцу. У 1925 годзе ў капліцы ўжо перастала хапаць месца: у ёй адбываліся хросты, шлюбы, пахаванні.

Па гэтай прычыне ў 1931 годзе Караль Незабытоўскі, муж Соф’і Ленскай, абвясціў аб будаўніцтве новага мураванага касцёла і стаў яго галоўным фундатарам. Дзякуючы намаганням Ленскіх пры актыўным ўдзеле парафіян у 1933 годзе храм быў пабудаваны. Святыню кансэкраваў 29 жніўня 1934 года Казімір Букраба, біскуп пінскі. У 1935 годзе былі асвячоны званы, названыя ў гонар Незабытоўскіх — Караль, Соф’я і Міхаіл (іх сын).

У 1939—1944 гадах святаром у храме быў адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху Люцыян Хвецька. Падчас Другой сусветнай вайны, прыкладна ўлетку 1944 года, касцёл быў зачынены, а пазней ператвораны ў склад, дзе захоўвалася збожжа і цукар для патрэбаў бровара. Вежу будынка выкарыстоўваў лясгас для назірання за лесам. Неўзабаве храм прыйшоў у заняпад: абваліўся дах, пачалі рассыпацца сцены.

З пачаткам «перабудовы» вернікі (асабліва вылучалася Альберта Уліч) пачалі прасіць улады вярнуць ім касцёл, што ў выніку і адбылося. Парафіяне самі ўзяліся за рамонт і аднавілі касцёл. Імкнучыся дапамагчы прыхаджанам, ксёндз Антоній Дзям’янка, цяпершані біскуп Пінскі, колішні пробашч парафіі ў Навагрудку, наведваў святыню і даваў парады.

У канцы 1990 года парафія аднавілася на чале з пробашчам Мар’янам Шэршням, пры якім паспяхова скончылася адбудова касцёла. 19 кастрычніка 1991 года храм быў рэкансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам. На дадзены момант у храме служыць ксёндз Аляксандр Багдановіч.

Архтэктура Размешчаны за 2 км на ўсход ад вёскі, на тэрыторыі былой сядзібы Ленскіх. Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад двухсхільным дахам. З алтарнага боку далучана паўкруглая апсіда з бакавымі сакрысціямі. Асіметрыю ў аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўносіць далучаная з боку фасада чатырохгранная вежа-званіца, адкрытая наверсе арачнымі прасветамі-трыфорыумамі. Вось фасада адзначана арачным уваходным перспектыўным парталам і акном-ружай над ім. Бакавыя фасады члянёны арачнымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках, маюць рызаліты трансепта, завершаныя двухграннымі шчыпцамі.

Унутраная прастора падзелена на тры нефы магутнымі пілонамі і перакінутымі праз іх аркадамі. Нефы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. З боку прысбітэрыя ўладкаваны хоры з амбонам, адкрытыя раманскай аркадай.

Літаратура

Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Стаўбцоўскага раёна Катэгорыя:1934 год у Заходняй Беларусі Катэгорыя:Хатава Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неараманскім стылі