Джавана Гарцоні (; , Аскалі-Пічэна — , Рым) — італьянская мастачка эпохі барока.

Біяграфія Нарадзілася ў гарадку Аскалі-Пічэна, рэгіён Марке. Дата нараджэння — 1600 год — выводзіцца з аўтографа на малюнку 1616 года, дзе пазначана, што аўтару 16 гадоў. Бацькі Джаваны родам з Венецыі; сярод сям’і былі рамеснікі, ювеліры і мастакі. Магчыма, першым настаўнікам дзяўчыны быў яе дзядзька П’етра Гайя (), які належаў да школы Джакама Пальма Малодшага. У ранніх творах Джаваны адчуваецца ўплыў гэтага мастака.

У 1620-х гадах Джавана жыла ў Венецыі з братам Матэа і наведвала школу каліграфіі Джакама Роньі (). У 1622 годзе выйшла замуж за венецыянскага мастака Тыберыа Цінеллі. Аднак шлюб працягваўся толькі год, магчыма, прычынай разводу паслужыў дадзены Джаванай зарок цноты.

У 1630 годзе Джавана разам з братам пераехала ў Неапаль, дзе працуе пад заступніцтвам Фернанда Афан дэ Рыбера і Энрыкеса, трэцяга герцага дэ Алькала-дэ-лас-Гасулес. Тым жа часам яна знаёміцца і пачынае ліставанне з калекцыянерам, мецэнатам і эрудытам Касіяна даль Паца, які дапамагае маладой мастачцы знайсці заказы ў Рыме, куды Джавана пераехала ў 1631 годзе.

Аднак у Рыме мастачка была непрацяглы час, у 1632 годзе перасялілася ў Турын па запрашэнні Крысціны Французскай, герцагіні савойскай. Пры двары піша ў асноўным партрэты і мініяцюры, у тым ліку самой герцагіні і герцага Віктара Амадэя I. Захаваліся таксама сведчанні пра яе «пергаменты з выявамі кветак, садавіны і жывёл»; да турынскага перыяду належыць найранейшы з цяпер вядомых нацюрмортаў Гарцоні.

У 1637 годзе памірае герцаг, заступнік Джаваны, яна пакідае Турын. Пра жыццё Гарцоні ў 1637—1642 гадах вядома вельмі мала; думаюць, што ў тыя гады мастачка наведала Францыю, магчыма, і Англію. Творы французскіх, англійскіх і галандскіх мастакоў, бачаныя ў падарожжы, паўплывалі на яе пазнейшы стыль.

У 1640-х гадах Джавана пераехала ў Фларэнцыю, дзе жыла да 1651 года. Тут яе заказчыкамі былі фларэнтыйскія арыстакраты, у тым ліку Медычы. Сярод яе твораў — партрэты, мініяцюры, карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты, кампазіцыі з кветак і садавіны, батанічныя замалёўкі, а таксама копіі карцін вядомых мастакоў. У Фларэнцыі Гарцоні пазнаёмілася з творчасцю , аўтара шматлікіх замалёвак флоры і фаўны, зробленых на заказ Медычы, заступнікаў навукі. Напэўна, творы гэтага майстра натхнілі Гарцоні на стварэнне ўласных твораў падобнага стылюGetty Museum.

У 1651 годзе Гарцоні — ужо прызнаны мастак — пераехала ў Рым. Ёй не бракавала ні заказаў, ні грошай, адзін з біёграфаў сцвярджаў нават, што яна магла папрасіць за свае творы «любую цану, якую пажадае». Напэўна, у гэты час яна стала членам рымскай гільдыі мастакоў, Акадэміі Святога Лукі, хоць не захавалася дакументаў, якія пацвярджаюць яе членства, вядома, што Гарцоні наведвала паседжанні Акадэміі.

Джавана Гарцоні памерла ў Рыме паміж 10 і 15 лютага 1670 года. Яшчэ ў 1666 годзе яна запісала ўсю сваю маёмасць Акадэміі св. Лукі, пры ўмове свайго пахавання ў яе . Умову выканалі, але надмагілле з’явілася толькі ў 1698 годзе.

Творчасць

Джавана Гарцоні вядома, найперш, нацюрмортамі і батанічнымі замалёўкамі. Яна была адной з першых жанчын, якія працавалі ў гэтым жанры. Яе творы, створаныя пераважна гуашшу ці тэмперай на пергаменце, дзівяць дбайнай прапрацоўкай дэталяў і тонкасцю штрыха.

У 1650-х гадах Гарцоні выяўляе шматлікія вазы з кветкамі, дэманструючы выдатнае пачуццё кампазіцыі. Відавочна таксама, што мастачка добра знаёма з марфалогіяй кветак, усе яе творы вылучаюцца абсалютнай натуралістычнай дакладнасцю.

У 1660-я гады на заказ Фердынанда II Медычы Гарцоні стварае каля дваццаці мініяцюр, якія паказваюць блюды з садавіной і гароднінай. Нягледзячы на пэўную аднастайнасць шматкроць паўтаранага матыву, Гарцоні здолела разнастаіць свае творы, уносячы ў кампазіцыі дадатковыя элементы — кветкі, птушак, насякомых. Апроч гэтага, віртуознасць мастачкі выяўляецца ў майстэрскім ужыванні святлаценю і іншых эфектаў.

Характэрная рыса многіх работ Гарцоні — своеасаблівае спалучэнне батанічнай замалёўкі, для якой важная найперш дакладнасць і дэталёвасць малюнка, з уласна жывапіснымі прыёмамі. Гэтым яе творчасць адрозніваецца ад натуралістычных замалёвак Лігоццы, з якім яе нярэдка параўноўваюць, але таксама і ад большасці мастакоў — аўтараў нацюрмортаў, для якіх навуковая дакладнасць намаляваных аб’ектаў была другаснай.

Галерэя

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Жанчыны-мастакі Катэгорыя:Мастакі барока Катэгорыя:Мастакі XVII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі Італіі