Андрэ́ Мары́ Ампе́р (20 студзеня 1775, Ліён — 10 чэрвеня 1836, Марсель) — французскі фізік, матэматык, хімік, член Парыжскай акадэміі навук (1814), замежны член Пецярбургскай акадэміі навук (1830), адзін з заснавальнікаў электрадынамікі (аўтар самога тэрміна). Выдатны навуковец, у гонар якога была названа адзінка вымярэння сілы току — ампер. Таксама вынаходнік шэрагу прылад, сярод якіх саленоід і электрычны тэлеграф. Яго імя таксама сярод 72 імёнаў, выгравіраваных на Эйфелевай вежы.

Аўтар першай тэорыі магнетызму. Прапанаваў правіла для азначэння кірунку дзеяння магнітнага поля на магнітную стрэлку (правіла Ампера). Ампер правёў шэраг эксперыментаў па даследаванню ўзаемадзеяння паміж электрычным токам і магнітам, для якіх сканструяваў вялікую колькасць прыбораў. Выявіў дзеянне магнітнага поля Зямлі на праваднікі з токам пры іх руху.

Адкрыў (1820) механічнае ўзаемадзеянне токаў і ўстанавіў закон гэтага ўзаемадзеяння (закон Ампера). Зводзіў усе магнітныя ўзаемадзеянні да ўзаемадзеяння ўтоеных у целах кругавых малекулярных электрычных токаў, эквівалентных плоскім магнітам (тэарэма Ампера). Сцвярджаў, што вялікі магніт складаецца з велізарнай колькасці элементарных плоскіх магнітаў. Паслядоўна даводзіў чыста токавую прыроду магнетызму.

Андрэ Мары Ампер адкрыў (1822) магнітны эфект шпулькі з токам (саленоіда). Выказаў ідэю аб эквівалентнасці саленоіда з токам і пастаяннага магніта. Прапанаваў змяшчаць металічны стрыжань з мяккага жалеза для ўзмацнення магнітнага поля. Выказаў ідэю выкарыстання электрамагнітных з'яў для перадачы інфармацыі (1820). Ампер вынайшаў камутатар, электрамагнітны тэлеграф (1829). Сфармуляваў паняцце «кінематыка». Праводзіў таксама даследаванні па філасофіі і батаніцы.

Дзяцінства і юнацтва Продкі Андрэ Мары Ампера былі рамеснікамі і жылі ў наваколлях Ліёна. Іх прафесійны і культурны ўзровень хутка ўзрастаў ад пакалення да пакалення, і прадзед вучонага Жан-Жазеф быў не толькі дасведчаным каменячосам, але і выконваў складаныя будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы, а яго сын Франсуа ўжо стаў тыповым адукаваным гарадскім буржуа, прадстаўніком даволі заможнага трэцяга саслоўя, і ажаніўся з дваранкаю. Бацька Андрэ Мары, Жан-Жак Ампер атрымаў добрую адукацыю, валодаў старажытнымі мовамі, сабраў сабе выдатную бібліятэку, жыва цікавіўся ідэямі асветнікаў. Выхоўваючы дзяцей, ён натхняўся педагагічнымі прынцыпамі Жан-Жака Русо. Яго палітычным ідэалам была канстытуцыйная манархія.

Вялікая французская рэвалюцыя заспела Жана-Жака Ампера на набытай незадоўга да гэтага пасадзе каралеўскага пракурора і каралеўскага дарадцы ў Ліёне. Падзенне Бастыліі сям'я Ампераў сустрэла з запалам. Але неўзабаве на яе абрынулася бяда. Жан-Жак прытрымліваўся ўмераных поглядаў і паплаціўся за гэта. У Ліёне пачаў лютаваць апантаны містычнымі ідэямі люты якабінец, які паклёпнічаў на ні ў чым не павінных людзей і іменем рэвалюцыі разам са сваімі падручнымі абвальваў на іх кары. Ліонцы паўсталі супраць зверстваў якабінцаў, паўстанне было задушана і жырандыст Жан-Жак Ампер (хоць яго дзеянні, па сутнасці, як раз былі прадыктаваныя намерам выратаваць важакоў-якабінцаў ад лютасці натоўпу) быў гільяцінаваны 24 лістапада 1793 г. Гэта было страшнае ўзрушэнне для Андрэ Мары і ўсёй яго сям'і (якая да таго ж нядаўна перанесла яшчэ адзін удар — ад сухот памерла Антуанэта, старэйшая з сясцёр).

Можна сказаць, што кнігі выратавалі і вярнулі да жыцця Андрэ Мары. Чытаць ён пачаў прыкладна з чатырох гадоў. У 14 гадоў залпам прачытаў усе 20 тамоў «Энцыклапедыі» Дэні Дзідро і Жана ля Рона д'Аламбера. Каб чытаць працы Бярнулі і Эйлера, за некалькі тыдняў вывучыў лацінскую мову. Чытанне наогул было не толькі галоўнай, але і адзінай крыніцай яго ведаў.

Іншых настаўнікаў у Ампера не было, ён ніколі не хадзіў у школу, не здаў за ўсё сваё жыццё ні аднаго іспыту. Але ён пастаянна і многа чэрпаў з кніг. Ампер не проста чытаў, ён вывучаў, творча засвойваў тое, што ён прачытаў. Невыпадкова, што ўжо ў 12-14 гадоў ён пачаў дасылаць матэматычныя мемуары ў Ліёнскую акадэмію, пісаў навуковыя працы па батаніцы, вынаходзіў новыя канструкцыі паветраных змеяў, працаваў над стварэннем новай міжнароднай мовы і нават сумяшчаў усё гэта са складаннем эпічнай паэмы.

Перанесеныя душэўныя траўмы амаль на два года выбілі Андрэ Мары з каляіны. Толькі ў 20 гадоў ён ізноў пачынае адчуваць цягу да кніг і ведаў. Але Ампер па-ранейшаму, на погляд многіх знаёмых, паводзіць сябе дзіўна. Часта блукае ў адзіноце, нязграбны і неахайна апрануты, часам гучна і мерна чытае лацінскія вершы або размаўляе сам з сабой. Да таго ж, ён вельмі блізарукі (ён здагадаўся аб гэтым, толькі набыўшы акуляры, што стала для яго знамянальнай падзеяй!).

Мабыць, адным з галоўных імпульсаў, што вярнулі Ампера да актыўнага жыцця, стала яго сустрэча з золатавалосай Катрын Каррон. Ампер закахаўся зразу і назаўжды, але згоду на вяселле змог атрымаць толькі праз тры гады. Вялікую падтрымку Амперу аказала Эліза, сястра Катрын, раней за іншых яна зразумела і ацаніла яго выключныя душэўныя якасці. У жніўні 1800 г. нарадзіўся Ампераў сын, якога ў гонар дзеда назвалі Жанам Жакам.

У Бургу і Ліёне Яшчэ да жаніцьбы Андрэ Ампераў пачаў выкладаць, даючы прыватныя ўрокі па матэматыцы. Зараз жа ён змог выклапатаць сабе месца настаўніка ў Цэнтральнай школе горада Бурга. Пасля гутаркі з Камісіяй у лютым 1802 года, ён быў прызнаны падрыхтаваным для правядзення заняткаў. Становішча ў бургскай школе было ўбогае, і Ампер спрабаваў хаця б трохі ўдасканаліць фізічны і хімічны кабінеты, хоць грошай на гэта ні ў школы, ні, тым больш, у настаўніка не было. Заробак быў вельмі невялікі, а прыходзілася жыць асобна ад жонкі і дзіцяці, пакінутых у Ліёне. І хоць чым магла дапамагала маці Ампера, яму прыходзілася шукаць дадатковага заробку, даючы яшчэ ўрокі ў прыватным пансіёне Дзюпра і Аліўе.

Нягледзячы на вялікую педагагічную нагрузку, Ампер не пакідае навуковую працу. Іменна ў гэты час ва ўступнай лекцыі ў Цэнтральнай школе ў 1802 г., а яшчэ раней — на пасяджэнні Ліёнскай акадэміі, у прысутнасці Вольта, ён упершыню выказвае думку, што магнітныя і электрычныя з'явы можна растлумачыць, зыходзячы з адзіных прынцыпаў.

Не пакідае ён і даследаванняў у галіне матэматыкі. Тут на першы план выходзяць даследаванні па тэорыі імавернасцей. Яны былі заўважаны ў Акадэміі навук, дзе, у прыватнасці, на іх звярнуў увагу П'ер Сімон Лаплас. Гэта стала падставай для прызнання Ампера прыдатным для пасады выкладчыка ў Ліёнскім ліцэі, які тады толькі адкрываўся. Яго кандыдатура была прапанована Д'Аламберам. У красавіку 1803 г. дэкрэтам Консульства Ампер быў прызначан на жаданае для яго месца выкладчыка ліцэя. Аднак, Ампер заставаўся ў Ліёне менш за два гады.

Ужо ў сярэдзіне кастрычніка 1804 ён быў залічан на пасаду рэпетытара Політэхнічнай школы ў Парыжы і пераехаў туды.

Першае дзесяцігоддзе ў Парыжы Пераезд у Парыж адбыўся неўзабаве пасля таго, як Ампер аўдавеў. Страта любімай жонкі прывяла яго ў адчай і рэлігійнае замяшанне. Мабыць, яшчэ і таму Ампер, нягледзячы на мольбы яго мацяры, паспяшаўся пакінуць Ліён, каб пачаць у Парыжы выкладанне ў арганізаванай дзесяць гадоў назад Політэхнічнай школе.

Пачаўшы працаваць рэпетытарам, Ампер ужо ў 1807 прыступіў да самастойных заняткаў, а неўзабаве ён стаў прафесарам матэматычнага аналізу. Неўзабаве ў Політэхнічнай школе з'явіўся 24-летні Араго, з якім Ампер праводзіў пасля важныя сумесныя даследаванні. Стаўленне да Ампера калегаў, сярод якіх было нямала сапраўды буйных навукоўцаў, было цалкам добразычлівым, яго праца ішла паспяхова, але душэўная рана, нанесеная стратай жонкі, была пакутлівай. З лепшымі намерамі сябры Ампера пазнаёмілі яго з сямействам, у якім была дачка «на выданні», 26-гадовая Жана Франсуаза. Ахвярай гандлярскай прагнасці і грубіянскага эгаізму гэтай жанчыны і ўсяго яе сямейства неўзабаве і стаў даверлівы, прастадушны і безабаронны ў сваёй наіўнасці Ампер, якога праз некаторы час проста выгналі з хаты, і яму прыйшлося знайсці часовы прытулак у Міністэрстве ўнутраных спраў.

Колькасць прафесійных абавязкаў Ампера тым часам узрастала. Яго прызначылі на пасаду прафесара матэматычнага аналізу і экзаменатара па механіцы ў першым аддзяленні Політэхнічнай школы, ён працуе (да 1810) у Кансультатыўным бюро мастацтваў і рамёстваў і з восені 1808 на пасадзе галоўнага інспектара ўніверсітэта. Гэтая апошняя праца, узяцца за якую Ампера вымусіла цяжкае матэрыяльнае становішча, патрабавала няспынных раз'ездаў, адымала асабліва шмат часу і сіл. Ён аддаў гэтай знясільваючай працы 28 гадоў, і апошняя камандзіроўка скончылася на дарозе ў Марсель у 1836 г. яго смерцю.

Перагрузка працай і жыццёвыя нягоды не маглі не адбіцца на навуковай прадуктыўнасці Ампера. Гэта асабліва прыкметна па яго даследаваннях у вобласці матэматыкі, хоць за ім захоўвалася ганаровае права наведваць пасяджэнні Акадэміі навук і дасылаць мемуары. У меншай меры спад навуковай актыўнасці крануў хімію, са значнымі прадстаўнікамі якой Ампер меў плённыя стасункі. Амаль увесь 1808 год яго захаплялі ідэі, якія пасля сталі адносіць да вобласці атамістыкі.

Але перыядам рэзкага ўзлёту навуковай актыўнасці, часам яго галоўных дасягненняў сталі гады пасля яго абрання ў 1814 годзе ў Акадэмію навук.

Пасля абрання ў Акадэмію Ампер быў абраны ў лік членаў Парыжскай Акадэміі навук па секцыі геаметрыі 28 лістапада 1814. Круг яго навуковых і педагагічных інтарэсаў да таго часу ўжэ цалкам вызначыўся, і нішто, здавалася бы, не прадвяшчала тут прыкметных змен. Але час гэтых змен ужэ набліжаўся, набліжалася другое дзесяцігоддзе дзевятнаццатага стагоддзя, час самых галоўных навуковых дасягненняў Ампера. У 1820 Ампер даведаўся аб доследах, якія незадоўга да таго праводзіў дацкі фізік Ганс Хрысціян Эрстэд. Ён выявіў, што ток, працякаючы па провадзе, аказвае ўздзеянне на размешчаную каля проваду магнітную стрэлку.

4 і 11 верасня Араго зрабіў у Парыжы паведамленне аб гэтых працах Эрстэда і нават паўтарыў некаторыя з яго эксперыментаў. Зрэшты, вялікай цікавасці ў акадэмікаў гэта не выклікала, але Ампера захапіла цалкам. Насуперак свайму звычаю, ён выступіў тут не толькі як тэарэтык, але заняўся ў маленькім пакойчыку сваёй сціплай кватэры правядзеннем доследаў, для чаго нават уласнаручна вырабіў столік; гэтая рэліквія захоўваецца дагэтуль у Каллеж дэ Франс. Ён адклаў усе астатнія справы і 18 і 25 верасня 1820 г. зрабіў свае першыя паведамленні аб электрамагнетызме. Фактычна за гэтыя два тыдня Ампераў прыйшоў да сваіх самых галоўных навуковых вынікаў. Уплыў гэтых прац Ампера на шматлікія галіны навукі — ад фізікі атама і элементарных часціц да электратэхнікі і геафізікі — немагчыма пераацаніць.

У 1785—1788 гг. Шарль Агюстэн Кулон правёў свае класічныя эксперыментальныя даследаванні законаў узаемадзеяння электрычных зарадаў і магнітных полюсаў. Гэтыя доследы былі ў рэчышчы той грандыёзнай навуковай праграмы, якая была вызначана працамі самога Ньютана, маючы ў якасці вялікага ўзору закон сусветнага прыцягнення, вывучаць усе магчымыя тыпы наяўных у прыродзе сіл. Многім тады здавалася, што паміж электрычнасцю і магнетызмам поўны паралелізм: што ёсць электрычныя, а ёсць і магнітныя зарады, і побач са светам электрычных з'яў ёсць ва ўсім падобны яму свет з'яў магнітных. Адкрыццё Эрстэда многія тлумачылі тады так, што пад дзеяннем току провад, па якім гэты ток працякае, намагнічваецца, а таму і дзейнічае на магнітную стрэлку. Ампер прапанаваў прынцыпова новую, радыкальную і нават, на першы погляд, дзёрзкую ідэю: ніякіх магнітных зарадаў у прыродзе наогул не існуе, ёсць толькі электрычныя зарады, і магнетызм узнікае толькі з-за руху электрычных зарадаў, гэта значыць з-за электрычных токаў.