Эта (Эдзі) Майсееўна Ты́рманд (, Варшава — 29 красавіка 2008, Мінск, Беларусь) — беларускі кампазітар, педагог. Першая жанчына-кампазітар у Беларусі.
Біяграфія Эта (Эдзі) Майсееўна Тырманд нарадзілася 23 лютага 1917 года ў Варшаве. З 1929 года наведвала клас фартэпіяна Варшаўскай кансерваторыі. У 1938 годзе скончыла настаўніцка-харавы факультэт Варшаўскай кансерваторыі, адначасова працягваючы навучацца па класе фартэпіяна.
У 1939 годзе, пасля акупацыі Варшавы нямецка-фашысцкімі войскамі, пешшу перайшла граніцу СССР. Пасля пераезду ў Мінск паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас фартэпіяна дацэнта Аляксея Канстанцінавіча Клумава, сумяшчаючы вучобу з працай канцэртмайстра.
У гады Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя паваенныя гады Эдзі Тырманд пражывала ў горадзе Фрунзэ (цяпер Бішкек), працуючы канцэртмайстрам Кіргізскага тэатра оперы і балета імя А. Малдыбаева, а таксама педагогам мясцовага музычнага вучылішча.
У 1948 годзе аднаўляецца на пятым курсе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас фартэпіяна Рыгора Ільіча Шаршэўскага) і паступае на першы курс аддзялення кампазіцыі (клас Анатоля Васільевіча Багатырова). Фартэпіяннае аддзяленне сканчае ў 1949 годзе, кампазітарскае ў 1952.
У 1949—1989 гадах выкладчыца ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, спачатку выкладала фартэпіяна, а з 1963 года выконвала абавязкі дацэнта зноў створанай кафедры канцэртмайстарскага майстэрства. Ёй належаць адмысловыя заслугі ў выхаванні некалькіх пакаленняў высокакваліфікаваных канцэртмайстраў, яе лічаць галавой беларускай канцэртмайстарскай школы. Адначасова ў 1949—1962 гадах выкладала ў музычнай школы пры Беларускай кансерваторыі.
Адначасова Эдзі Тырманд інтэнсіўна займаецца кампазітарскай творчасцю, ствараючы творы галоўным чынам у камерным жанры.
Член Саюза кампазітараў Беларусі з 1954 года.
Апошнія 20 гадоў жыцця Эдзі Майсееўны былі азмрочаны праблемамі са зрокам, якія вельмі хутка прывялі да практычна поўнай слепаты.
Эдзі Майсееўна Тырманд памерла ў Мінску 29 красавіка 2008 года.
Сям’я Усе родныя і блізкія Эдзі Майсееўны загінулі ў Варшаўскім гетаСпіс загінулых членаў сям’і Тырманд у музеі Яд-Вашэм (Іерусалім), у тым ліку бацькі Мойшэ-Герш Іосіфавіч Тырманд (1891Запіс пра нараджэнне М.-Г. Тырманда 14 студзеня 1891 года—1942), выхадзец ВаршавыКартка М. Турманда ў Музеі Яд-Вашэм і Шыфра-Цырл Іцкоўна Глянцшпігель (1895—1942), нараджэнка ЛюблінаКартка Ш. Глянцшпігель у музеі Яд-Вашэм, сястра Ёспа-Марыям (1921—1942)Картка М. Тырманд у музеі Яд-Вашэм (Іерусалім).
Адзіным блізкім ёй чалавекам быў муж, альтыст Ізраіль Аляксандравіч Турш, які таксама страціў сваіх блізкіх у Халакосце на тэрыторыі Польшчы.
Творчасць Творчасці Тырманд уласцівы канкрэтнасць і шырокі дыяпазон вобразнага мыслення, экспрэсіўная манера пісьма, нацыянальная характэрнасць музычнай мовы, абумоўленая чуйным услухоўваннем у інтанацыйную і ладавую будову беларускай народнай песні. Сярод твораў: 2-і канцэрт для фартэпіяна з аркестрам (1956), санаты для фартэпіяна (1969), альта і фартэпіяна (1961), віяланчэлі і фартэпіяна (1971), скрыпкі і фартэпіяна (1972), а таксама саната і п’есы для цымбалаў і фартэпіяна; санаціны, сюіты, такаты для фартэпіяна, а таксама «Сюіта ў стылі рэтра» для домры і фартэпіяна (1977); вакальныя цыклы на вершы М. Танка, Э. Агняцвет, Р. Бёрнса, Ф. Гарсія Лоркі, Б. Дадзье; хары на словы М. Багдановіча, Я. Коласа, М. Танка, П. Труса; фартэпіяна п’есы, песні і хары для дзяцей.
Літаратура
Саламаха А. Эдзі Тырманд. Мн., 1973; Гарт Б. Сюиты Э. Тырманд // Вопросы фортепнанного творчества, исполнительства и педагогики. Л., 1973; Тер-Минасян Л. Фортепианные произведения Э. Тырманд… Мн., 1983.
Катэгорыя:Кампазітары XX стагоддзя Катэгорыя:Кампазітары Беларусі Катэгорыя:Музычныя педагогі XX стагоддзя Катэгорыя:Музычныя педагогі Беларусі Катэгорыя:Піяністкі паводле алфавіта Катэгорыя:Піяністы паводле алфавіта Катэгорыя:Піяністкі XX стагоддзя Катэгорыя:Піяністы Беларусі