Пётр Серапіёнавіч Крохалеў (Крахалёў; ) — беларускі мастак. Прафесар (1982). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1970).

Біяграфія Нарадзіўся 5 кастрычніка 1919 года ў Шадрынску Екацярынбургскай губерні РСФСР (цяпер — Курганская вобласць Расіі).

У 1937—1939 гадах займаўся ў Свярдлоўскім мастацкім вучылішчы. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў у 1952 годзе Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе. Вучыўся ў І. Сярэбранага, Ю. Няпрынцава, В. Арэшнікава. Удзельнік мастацкіх выставак з 1953 года.

У 1953—1956 гадах выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, у 1956—1961 гадах — у Беларускім політэхнічным інстытуце, у 1961—1995 гадах — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Прафесар з 1982 года.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1956 года.

Памёр 15 ліпеня 1997 года.

Творчасць Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Асноўныя творы: карціны «Рамонтныя работы ў МТС» «Арганізацыя калгаса», «Былыя паходы», «Сцелюць лён», «Плытагоны», «Праводзілі на фронт», «Першая камуна на Беларусі», «Пералом», «Да новага жыцця», «На заданні», «Нашы прыйшлі»; трыпціх «Аб зямлі, аб калектывізацыі»; партрэты дачкі, брыгадзіра, пастуха, калгасніцы; пейзажы «Блакітная вясна», «Люты», «Вясна. Вяча», «Ракаўскія далі», «Лес у Чэрнеўцы», «Івацэвічы». Адзін з аўтараў дыярамы «Мінскі кацёл» у Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах БСМ, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Літаратура

Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Дэканы мастацкага факультэта БДАМ