Партызанская брыгада імя С. М. Кароткіна (у чэрвені 1942 — лютым 1943 гадоў — Сіроцінская партызанская брыгада, у лютым — чэрвені 1943 года — Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага) — партызанская брыгада, створаная ў чэрвені 1942 года. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Сіроцінскага, Расонскага, Полацкага, Ушацкага, Пліскага і Мёрскага раёнаў. 2 ліпеня 1944 года брыгада (660 партызан, 6 атрадаў) злучылася з Чырвонай Арміяй.
Склад Брыгада была арганізавана на базе асобных партызанскіх атрадаў «Мсцівец», «Грозны» і імя Варашылава. У лютым 1943 года брыгада падзялілася: з атрадаў «Мсцівец», імя Варашылава, «Сталінец» і роты атрада «Грозны» была створана партызанская брыгада імя У. І. Леніна. Атрад імя ВЛКСМ у баях з карнікамі (май 1944 года) панёс цяжкія страты і быў рассеяны. На дату злучэння з Чырвонай Арміяй у склад брыгады ўваходзілі: атрад «Грозны»; атрад імя Чапаева; атрад «За перамогу»; атрад «Беларускі мсцівец»; атрад імя Дзяржынскага; атрад імя Кірава.
Камандаванне Камандзіры С. М. Кароткін (загінуў); П. А. Хомчанка; У. М. Талаквадзе.
Камісары В. М. Фралоў; А. Б. Эрдман.
Начальнікі штаба У. Р. Аляксандраў; П. А. Хомчанка; М. Ф. Мацвеенка.
Гісторыя Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк — Маладзечна, Віцебск — Полацк, Гарадок — Невель, на шашэйных і грунтавых дарогах. Разбілі нямецкія гарнізоны на станцыях Язвіна (ліпень 1942), Лоўша (жнівень 1942) Сіроцінскага, у вёсках Гута, Янчыкава, Званае і Балдышы Полацкага (красавік 1943), у вёсцы Азерцы Пліскага (верасень 1943) раёнаў. У час Лепельскай аперацыі прыкрывала ўдарныя брыгады з боку Полацка — Ветрына. У верасні — снежні 1942 года, студзені — сакавіку, маі — чэрвені 1943 года вялі баі з карнікамі на тэрыторыі Сіроцінскага, Асвейскага і Дрысенскага раёнаў. У жніўні 1943 года на чыгунцы Полацк — Маладзечна падарвалі больш за 2 тысячы рэек. У красавіку — маі 1944 года ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне трымалі абарону каля вёскі Асінаўка — возера Шо — вёскі Шоша, прарвалі блакаду каля станцыі Кульгаі Пліскага раёна і на мяжы вёсак Паперына — Новае Сяло Ушацкага раёна. У ліпені 1944 года разам з часцямі Чырвонай Арміі трымалі абарону на рубяжы вёскі Новы Пагост — возера Важа Мёрскага раёна, удзельнічалі ў баі за вёску Варапаншчына Браслаўскага раёна.
Памяць Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад, у 1975 годзе ў вёсцы Капылоўшчына Ушацкага раёна ў гонар брыгады ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Гл. таксама Язвінская аперацыя
Літаратура
Катэгорыя:Савецкія партызанскія злучэнні, брыгады і атрады на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:З’явіліся ў 1942 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе