Булавабрух кольчаты, вялікая кольчатая страказа, кардулегастр кольчаты (Cordulegaster boltonii) — від стракоз сямейства булавабрухаў.
Апісанне Даўжыня брушка 54—64 мм, задніх крылаў 41—47 мм. Буйныя чорныя стракозы з ярка-жоўтымі палосамі на грудзях і кольцамі на брушку, пры яго аснове — шыпападобныя вырасты. Крылы празрыстыя. Пярэднія і заднія крылы розныя па форме, трохвугольнікі на іх выцягнуты ўздоўж. Вочы сутыкаюцца на цемі.
Пашырэнне Пашыраны ў Еўропе (акрамя поўначы). На Беларусі трапляюцца нешматлікія папуляцыі.
Імага жывуць у зацененых месцах, каля берагоў рэк і ручаёў. Лічынкі вялікія, развіваюцца ў праточных водах з павольным цячэннем.
Асаблівасці біялогіі Стракозы хутка лётаюць па берагах вадаёмаў, аддаляючыся часам на вялікія адлегласці ад месцаў выпладу. Лёт у чэрвені-ліпені. Яйцы адкладваюць у час лёту ў вільготны грунт на невялікую глыбіню.
Дарослыя кормяцца насякомымі, рэгулятары колькасці крывасосных двухкрылых. Лічынкі сілкуюцца воднымі беспазваночнымі, маляўкамі рыб.
Цыкл развіцця 3-4 гады.
Літаратура
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — ISBN 5-85700-095-5
Спасылкі
Катэгорыя:Булавабрухі