Пётр Мар’ян Масоніус або Масоніюс, радзей Пётр Пятровіч Масоніус (, ; Крыптанімы: Mns; 1 лютага 1862, Курск — 20 ліпеня 1945, Вільня) — беларуска-польскі філосаф, псіхолаг i педагог, асветнік, энцыклапедыст і журналіст, шматгадовы выкладчык Універсітэта Стэфана Баторыя.
Біяграфія Паходзіў са шляхты Навагрудскага павета Мінскай губерні, каталік. Сын палкоўніка Рускай імператарскай арміі Пятра Масоніуса і Алены са Слізняў, дачкі Атона Слізня — філамата і сябра Адама Міцкевіча. Бацька даслужыў звання генерал-маёра, памёр у 1874 годзе. У 1882 годзе Мар’ян ажаніўся з Анеляй Гоўвальт.
Вырас у маёнтку Мар’янаўцы Навагрудскага павета. Скончыў Мінскую гімназію, потым матэматычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, затым з 1890 года вывучаў філасофію, педагогіку, славістыку і гісторыю мастацтва ва ўніверсітэтах Лейпцыга, Берліна, Прагі і Мюнхена. У 1890 годзе абараніў ступень доктара філасофіі ў Лейпцыгскім універсітэце працай «Пра трансцэндэнтальную эстэтыку Канта» («Über Kants transcendentale Aestethik»).
Стаў адным з прадстаўнікоў Варшаўскай школы пазітывізму, якая разам з польскімі неакантыянцамі сфарміравала адзіны фронт супраць месіянізмуWładysław Tatarkiewicz, Historia filozofii, 3 vols., Warsaw, Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1978; vol. 3, pp. 177-78.. Погляды Масоніуса прынята называць «крытычным або новакрытычным пазітывізмам». Аўтар крытычных прац па польскай гісторыі.
Пасля вяртання ў Расію жыў у Пецярбургу, з 1891 года працаваў у рэдакцыі штотыднёвіка «Kraj», дзе блізка супрацоўнічаў з Уладзімірам Спасовічам.
У 1892 годзе пераехаў у Варшаву. Публікаваўся ў «Głosie», «Tygodniku Illustrowanym», «Wisłe», «Ateneum», «Gazecie Warszawskiej» і «Gazecie Polskiej». У 1895—1905 гадах быў членам рэдакцыі «Wielkiej Encyklopedii Powszechnej Ilustrowanej», яго артыкулы падпісаны скарачэннем Mns (Шалькевіч інтэрпрэтуе скарачэнне як адсылку да Мінска, як Масоніус усё жыццё лічыў сябе мінчанінам). Быў членам рэдкалегіі і аўтарам біяграфій (Лібэльта, Рыбінскага, Скшынецкага i Трэнтоўскага) для «Albumu biograficznego zasłużonych Polaków i Polek wieku XIX» (1901—1903) Марыі Хелмонскай. У 1897—1914 гадах быў у рэдакцыі «Przeglądu Filozoficznego».
14 красавіка 1906 абраны ў Дзяржаўную думу 1-га склікання ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Уваходзіў у групу Заходніх ускраін, аўтанаміст. Выступаў у Думе па аграрным пытанні, прамаўляў пра грамадзянскую роўнасць, Беластоцкі пагром, наконт даклада Аграрнай камісіі, пра ўрадавае паведамленне па аграрным пытанні. Пасля роспуску Думы імператарам Мікалаем II далучыўся да Саюзу аўтанамістаў і федэралістаў Лядніцкага, дэкларацыю якога падпісаў.
У 1906—1914 гадах працаваў выкладчыкам гімназій Рэя і Гурскага ў Варшаве. У 1907—1914 гадах выкладчык філасофіі і псіхалогіі на факультэце гуманітарных навук Таварыства навучальных курсаў у Варшаве (пазней Свабодны польскі ўніверсітэт).
Падчас 1-й сусветнай вайны апынуўся ў Мінску, дзе ў 1915—1918 гадах кіраваў польскай гімназіяй, яго вучнем быў Ежы Гедройц.
12—15 жніўня 1917 года ўдзельнічаў у працы Дзяржаўнай нарады ў Маскве.
У 1917—1918 гадах кіраваў рэдакцыяй «Dziennika Mińskiego»Zdzisław Julian Winnicki, W Mińsku Litewskim mieście dawnej Rzeczypospolitej, Wrocław 2005.. Уваходзіў у камісію па стварэнні Беларускага ўніверсітэта ў Менску, а таксама выкладаў курсы беларусазнаўства, дзе выкладаў беларускую мову. У 1918 годзе арганізаваў польскую гімназію імя Уладзіслава Сыракомлі ў Нясвіжы, быў яе першым дырэктарам да 1919 года. Двойчы арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу бальшавікамі, спачатку ў 1919 годзе, затым падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе, вызвалены па абмене.
У 1918 годзе Антон Луцкевіч называў Мар’яна Масоніуса сярод удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху.
У незалежнай Польшчы, з кастрычніка 1920 года, працаваў выкладчыкам філасофіі і педагогікі ва Універсітэце Стэфана Баторыя (УСБ). У сваіх лекцыях надаваў найбольшую ўвагу эпістэмалогіі і эстэтыцы. Падчас наступлення Тухачэўскага эвакуіраваўся разам з універсітэтам спачатку ў Варшаву, потым ненадоўга ў Познань, дзе чытаў лекцыю пра бальшавізм («O bolszewictwie»). З 1922 года быў дэканам і намеснікам дэкана гуманітарнага факультэта УСБ . Чытаў лекцыі па гісторыі філасофіі і педагогікі, псіхалогіі народаў і эстэтыцы. Выкладаў таксама ў мужчынскай гімназіі і ліцэі на Туравай гары, сярод яго вучняў быў Чэслаў Мілаш. Творы Масоніуса ўключаюць зборы філасофскіх эсэ, вядомы яго пераклады на польскую мову заходнееўрапейскіх філосафаў — Канта, Шапенгаўэра і ТардзьёOśrodek Myśli Politycznej (Center for Political Thought), 1998; Marian Massonius (1862—1945) с избранными фрагментами его эссе «О большевизме»..
У 1928 годзе ўзначаліў спецыяльную экзаменацыйную камісію для выпускнікоў Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій.
У 1932 годзе выйшаў на пенсію. Тады ж быў узнагароджаны Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (9 лістапада 1932).
Належаў, між іншым, да Філасофскага таварыства ў Варшаве і віленскага Таварыства сяброў навук.
Пахаваны на Бернардынскіх могілках у Вільні.
Архіўныя матэрыялы Мар'яна Масоніуса захоўваюцца ў Архіве Польскай Акадэміі навук у Варшаве пад сігнатурай III-17.
Выбраныя публікацыі
Szkice estetyczne (1884) Über den kritischen Realismus (1887, Лейпцыг) Очерк истории польской филозофии (1890, Масква) Racjonalizm w teorii poznania Kanta (1898) Rozdwojenie myśli polskiej (1901, Варшава) O bolszewictwie. Odczyt wygłoszony w dniu 21 sierpnia 1920 roku w Poznaniu, Poznań-Warszawa: Księgarnia św. Wojciecha, 1921 (Głosy na czasie (45)) Dzieje Uniwersytetu Wileńskiego 1781—1832. Mirosław Supruniuk (red.). Toruń: Uniwersytet M. Kopernika, 2005. ISBN 83-231-1828-0.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Marian Massonius, O bolszewistwie, Ośrodek Myśli Politycznej Publikacje Mariana Massoniusa w bibliotece Polona
Катэгорыя:Педагогі Польшчы Катэгорыя:Журналісты Польшчы Катэгорыя:Пахаваныя на Бернардзінскіх могілках Катэгорыя:Постаці Мінска Катэгорыя:Постаці Нясвіжа Катэгорыя:Нарадзіліся ў Курску Катэгорыя:Члены Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі I склікання Катэгорыя:Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі факультэта філасофіі і сацыялогіі Варшаўскага ўніверсітэта