Гомельскі трамвай — сукупнасць нерэалізаваных праектаў арганізацыі трамвайнага руху ў Гомелі.
Перыяд Расійскай імперыі
Узмоцненае развіццё прамысловасці і чыгуначных зносін у канцы XIX пачатку XX стагоддзя прывяло да значнага росту насельніцтва Гомеля. З 1897 года да Першай сусветнай вайны горад павялічыўся амаль утрая. Гарадскі транспарт быў прадстаўлены коннымі экіпажамі і омнібусамі. Каб палепшыць транспартную сітуацыю, кіраўніцтва Гомеля задумалася аб будаўніцтве трамвайнай сеткі.
Адна з самых ранніх згадак пра планы арганізацыі трамвайнага руху ў горадзе зафіксавана ў брашуры «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг.» Льва Аляксеевіча Вінаградава: «Съ 1901 г. главныя улицы предпологается даже освѣщать электричеством и покрыть сѣтью лiний электрическаго трамвая; правительством уже разрѣшено заключить контрактъ на это предпрiятie съ кiевскимъ капитолистомъ Б.».
Непасрэдна праектныя распрацоўкі па будаўніцтве трамвайнай сеткі ў Гомелі рабіліся ў 1910-я гады. Увосень 1913 года на пасяджэнні гарадской думы прайшло абмеркаванне будаўніцтва і схемы трамвайнага руху. 20 кастрычніка 1913 года Пратакол пасяджэння быў накіраваны ў Санкт-Пецярбург, дзе распрацоўкай праекта занялася «Усеагульная кампанія электрычнасці». У пачатку 1914 года гарадская дума атрымала чарцяжы неабходнай інжынернай інфраструктуры, два варыянты трасіроўкі і тлумачэнні да іх.
Рэалізацыі праекта перашкодзілі Першая Сусветная вайна, а таксама рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі на тэрыторыях былой Расійскай імперыі.
Міжваенны перыяд БССР
Актыўнае прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва ў міжваенны перыяд разам з ростам колькасці насельніцтва горада зноў паставіла пытанне эфектыўнасці гарадскога транспарту.
У 1934 годзе ў маскоўскім «Камдартрансе» для Гомеля была распрацавана сістэма пасажырска-грузавога трамвая. Бо ў горадзе цярпеў нястачу чыгуначнага пакрыцця, для транспарціроўкі прадукцыі прапаноўвалася падвесці трамвайную каляю да найбольш значных прамысловых аб’ектаў. Лініі пасажырскіх маршрутаў не мелі значных адрозненняў ад тых, што планаваліся да рэвалюцыі.
Да вайны ў Гомелі жыло каля 140 тысяч жыхароў, у горадзе дзейнічала дзве аўтобусных лініі і дзве лініі воднага транспарту. 86 % гарадскіх пасажырскіх перавозак на 1938 год прыпадала на маршруты паміж Гомелем і Навабеліцай.
У схеме 1940 года, распрацаванай маскоўскім «Гіпрадорам», адмовіліся ад грузавой функцыі трамвайных калей, быў запланаваны Палескі пуцеправод, які дазволіў бы трамваям перасякаць чыгунку, трамвайнае дэпо планавалася размясціць у раёне Цэнтральнага рынку.
Рэалізацыі праектаў перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна.
Пасляваенны перыяд БССР
Зноў да ідэі будаўніцтва трамвайнай сеткі ў Гомелі вярнуліся падчас аднаўлення горада пасля вайны.
Згодна з праектам, рэальная даўжыня сеткі павінна была складаць 14 км, перспектыўная — 30,5 км. Трамвайныя маршруты планаваліся для сувязі правабярэжжа горада з Навабеліцай, а таксама жылых і прамысловых раёнаў у заходняй і паўночна-заходняй частках Гомеля. Згодна з разлікамі, на долю трамвая ў гарадскіх пасажырскіх перавозках адводзілася 75 %. Трамвайнае дэпо плошчай 1,5 га планавалася размясціць у паўночнай частцы Цэнтральнага раёна Гомеля.
Тым не менш, частка мясцовай партыйнай бюракратыі выступала супраць будаўніцтва трамвайнай сеткі, спасылаючыся на шум, які ствараецца трамваямі, і аддавала перавагу аўтобусам і тралейбусам. З пратакола пашыранага пасяджэння Гомельскага гарвыканкама ад 26 жніўня 1946 года: «Антонаў (сакратар гаркама КП(б)Б): трамвай у горадзе будзе праходзіць па вуліцах Савецкай, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай, імя Будзённага, Батарэйнай. Трамвай стварае шум у горадзе на самых галоўных вуліцах. Гаркам КП(б)Б супраць будаўніцтва трамвая ў горадзе Гомелі і рэкамендуе аўтобус, а магчыма і тралейбус.» «Трамвай намечен правильно, но по Советской улице его пускать не надо…»
Дакументальныя сведчанні
Дакументальныя сведчанні пасляваеннага плана будаўніцтва трамвайнай сеткі ў Гомелі размяшчаюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі. Нумар справы: «348 — Гомельская область. г. Гомель. Пояснительная записка к генеральному плану. Облпроект. г. Гомель. 1946».
У культуры Гісторыя з нерэалізаванымі праектамі гомельскага трамвая стала часткай гарадскога фальклору, спарадзіўшы лакальны фразеалагізм «Першы гомельскі трамвай», які выказвае скепсіс і іронію ў дачыненні да маштабных планаў. У рамане Іллі Эрэнбурга «Бурнае жыццё Лазіка Ройтшванца»Эренбург И. Г. Бурная жизнь Лазика Ройтшванеца. — М. : Советский писатель • Олимп, 1991. — 18 с. — ISBN 5-265-02271-6. (1928) гомельскі кравец іранічна ўспамінае пра праект трамвая ў Гомелі.
Сучасны стан
Афіцыйных планаў будаўніцтва трамвайнай сістэмы ў Гомелі няма. Гарадская адміністрацыя аддае перавагу развіццю бязрэйкавага электрычнага транспарту: электробусам і тралейбусам з павялічаным аўтаномным ходам. Нягледзячы, што няма практычных крокаў па рэалізацыі, праекты рэйкавага транспарту (трамвая і метрапалітэна) застаюцца аб’ектам устойлівай цікавасці мясцовых транспартных суполак і часткай лакальнага культурнага кантэксту Гомеля.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Гомельская копейка", № 18, 18.07.1911 Гомель принимает вид культурного европейского города: Так писала в 1911 году газета «Гомельская копейка»
«Проект пассажирско-грузовой трамвайной сети 1934 года» — «Пошукі старога Гомеля» «Последний довоенный проект трамвайной сети Гомеля 1940 года» — «Пошукі старога Гомеля»
Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. Шыфр: Ф. 3, воп. 4, спр. 348
Катэгорыя:Трамвайныя сістэмы Беларусі Катэгорыя:Транспарт Гомеля