Львоўскі палеазойскі прагін () — тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы на захадзе Украіны. У рэльефе прагіну адпавядаюць Валынскае ўзвышша і заходняя частка Падольскага ўзвышша.
Геалогія Крышталічны фундамент пагружаецца ў заходнім напрамку ад 160 да 7000-8000 м. У геалагічным разрэзе выдзяляюцца дыслакаваныя адклады рыфею—венду (пескавікі, аргіліты, базальты, туфы агульнай магутнасцю 1000—1200 м), ніжняга палеазою (пескавікі, аргіліты, вапнякі; да 2000 м), дэвону (вапнякі, пескавікі, мергелі; да 1700 м), карбону (пескавікі, аргіліты, каменны вугаль; да 1200 м). У палеазойскай тоўшчы прагіну выдзяляюць зону дыслакацый, што перакрывае старэйшыя (байкальскія) структуры фрагмента Заходне-Еўрапейскай платформы, і монаклнальную частку, якая размешчана на заходнім краі Валына-Падольскай монакліналі. Гэта тоўшча нязгодна перакрыта чахлом (да 1200 м) юрскіх і мелавых (пераважна карбанатных) адкладаў. Больш маладыя адклады ўтвараюць адзіны структурны паверх Львоўскага прагіна і Валына-Падольскай монакліналі. Сярод антрапагенавых адкладаў пераважаюць лёсы.
У геалагічнай гісторыі прагіну выдзяляецца неклькі этапаў ад канца пратэразою да неагену. Пратэразойскія структуры паўночна-заходняга распасцірання збягаюцца з паўночна-заходнім схілам Расточча. Яны рассечаны серыяй папярэчных разломаў, часткова ўнаследаваных ад Валына-Аршанскага прагіну. З планетарным глыбінным разломам звязаны Сушчана-Пержанскі разлом. Ён падзяляе Львоўскі палеазойскі прагін на паўночна-заходні сегмент, які ў палеагене—неагене падпарадкуецца ўзыходным рухам, і паўднёва-ўсходні сегмент, што слаба пагружаецца.
З дэвонскімі адкладамі звязаны Львоўска-Валынскі каменнавугальны басейн, у іх выяўлены запасы прыроднага газу.
Літаратура Глушко В. В. Львівський палеозойський прогин // Географічна енциклопедія України: у 3 т. / редколегія: О. М. Маринич (відпов. ред.) та ін. Т. 2 — К.: «Українська радянська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, 1990.
Катэгорыя:Тэктоніка Украіны Катэгорыя:Усходне-Еўрапейская платформа