Некрашу́нская мячэ́ць — колішняя мячэць у вёсцы Некрашунцы Воранаўскага раёна. Першапачатковая мячэць, знішчаная ў 1915 годзе, з’яўлялася адным з найстаражытнейшых культавых збудаванняў беларускіх мусульман. Мячэць, пабудаваная ў 1926 годзе, пасля Другой сусветнай вайны была зачынена, а пазней разабрана. З’яўлялася духоўным цэнтрам Некрашунскай мусульманскай парафіі.
Гісторыя Паводле падання, мусульманская грамада ў Некрашунцах з’явілася прыблізна ў 1415 годзе. Маюцца дакладныя звесткі пра існаванне парафіі і мячэці ўжо ў XVI стагоддзі. У 1795 годзе парафія налічвала 217 чалавек, у 1851 годзе — 364 чалавекі, а ў 1885 годзе — 291 чалавека. У джаміят (абшчыну) уваходзілі татары, якія пражывалі як у саміх Некрашунцах, так і ў бліжэйшых уладаннях Лідскага і Гродзенскага паветаў.
У 1832 годзе быў праведзены рамонт старой мячэці. Будынак таксама рамантаваўся ў пачатку XX стагоддзя. На рамонт пабудовы грошы далі амерыканскія татары (хаця дакументальна зафіксаваны масавы збор сродкаў сярод татар-эмігрантаў у ЗША датуецца ўжо 1920-мі гадамі) і егіпецкі каралеўскі ўрад. У час Першай сусветнай вайны, 4 верасня 1915 года, храм быў разбураны.
Некаторы час пасля вайны татары выкарыстоўвалі малітоўны дом. Актыўнае аднаўленне пачалося ў міжваенны перыяд, калі тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польшчы (гміна Васілішкі, Лідскі павет, Навагрудскае ваяводства). 20 лютага 1925 года старшыня абшчыны палкоўнік Аляксандр Рамановіч і імам І. Ясінскі заключылі дагавор на будаўніцтва новай мячэці з майстрам Андрэем Падляшуком з Бутрыманцаў. Асноўныя сродкі на будаўніцтва, у тым ліку крэдыт ад Дзяржаўнага зямельнага банка на суму 500 злотых, забяспечыў А. Рамановіч. У аздабленні мячэці і выкананні сталярных, малярных і дахавых прац удзельнічалі пераважна мясцовыя майстры-хрысціяне (А. Маўшовіч, М. Заклюкоўскі, М. Гутэлеўскі і іншыя).
8 кастрычніка 1926 года храм быў урачыста адкрыты. На цырымоніі, акрамя мусульманскага духавенства, прысутнічалі равін Радуньскага і ксёндз Радуньскага касцёла, што падкрэслівала добрасуседскія адносіны паміж канфесіямі. У 1928 годзе пачалося будаўніцтва парафіяльнага дома (завершаны ў 1930-я). Існавала таксама і мусульманская школа.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны і ад’езду ў 1946 годзе ў Польшчу часткі татар, у тым ліку і мулы мячэці, прыход спыніў дзейнасць. У 1950-я гады (за савецкім часам) будынак мячэці быў разабраны, а драўляны зруб пайшоў на будаўніцтва мясцовай бальніцы. Парафіяльны дом функцыянаваў як агульнаадукацыйная школа да канца 1970-х гадоў. На сённяшні дзень ад мячэці часткова захаваўся толькі падмурак.
Захаваліся 2 мізары (татарскія могілкі), на якіх хавалі татар, яшчэ двое могілак былі разбураны ў 1970-я гады. Станам на 1994 год у Некрашунцах пражывала 5 татарскіх сямей, а ў 1998 годзе — 4 сям'і, якія адносіліся да мусульманскай гміны ў Лідзе.
Архітэктура Як адзначаў даследчык Станіслаў Крычынскі, мячэці ў Некрашунцах, Клецку і Ляхавічах сваёй архітэктурай былі вельмі падобныя да драўляных сельскіх каталіцкіх касцёлаў. Сама мячэць уяўляла сабой драўляны зрубны будынак з міхрабам, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад (франтон) быў увянчаны невялікай вежачкай-мінарэтам.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў XVI стагоддзі Катэгорыя:Мячэці Беларусі Катэгорыя:Драўляныя мячэці Беларусі Катэгорыя:Колішнія мячэці Катэгорыя:З’явіліся ў 1926 годзе Катэгорыя:1926 год у Заходняй Беларусі Катэгорыя:Храмы Воранаўскага раёна Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:Зніклі ў 1950-я гады Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары