Людміла Віктараўна Бакуновіч (у дзявоцтве Войтанка; ) — дзяячка беларускай эміграцыі.

Біяграфія Людміла нарадзілася ў 1938 годзе ў Міры ў сям’і доктара Віктара Войтанкі. Бацька падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах, выкладаў у медычнай школе. У Слоніме ў лазарэце замяніў доктара Янку Геніюша, які вярнуўся са сваёй беларускай камандзіроўкі ў Прагу.

Людміла разам з дзедам і бабуляю, бацькамі і братамі ў 1944 годзе выехала на эміграцыі, а ў 1948 г. — да сваякоў маці ў ЗША. Пасяліліся ў штаце Нью-Джэрсі. Дзед — праваслаўны святар Сцяпан Войтанка быў першым святаром у беларускай царкве ў Хайленд-Парку.

У 1960 годзе Людміла Войтанка скончыла Дугласаўскі каледж, дзе вывучала біялогію і хімію. Хацела вучыцца на медыка, але ў ЗША было складана паступіць, і дзяўчына паехала ў Лювенскі ўніверсітэт у Бельгіі, дзе тады былі і іншыя беларусы. Праўда, з навучаннем не склалася праз слабое веданне французскай мовы.

У Лювене Людміла пазнаёмілася з Уладзімірам Бакуновічам, з якім пасля пабралася шлюбам. У 1962 г. у іх нарадзілася першая дачка Наталля. А ў наступным годзе яны перабраліся ўжо разам у ЗША. Першапачаткова жылі з бацькамі Людмілы ў Нью-Джэрсі, пазней пераехалі ў Дэтройт. У сям’і нарадзіліся пяцёра дзяцей.

Па-за выхаваннем дзяцей і працай школьнай настаўніцы Людміла Бакуновіч была актыўнай удзельніцай беларускага жыцця. У Дэтройце была адной з заснавальнікаў беларускай царквы Св. Духа, высвячаць якую прыязджаў ейны дзед Сцяпан Войтанка.

У 1969—1973 гадах ліставалася, магчыма, спачатку з ініцыятывы бацькі, з Ларысай Геніюш. Пераважна лісты былі надрукаваныя ў альманаху «Асоба і час» (№ 3, 2010).

Пасля смерці мужа ў 1992 годзе і выхаду на пенсію Людміла вярнулася ў Нью-Джэрсі, дзе жыла адна з дачок. Яна зрабілася актыўнай прыхаджанкай царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Хайленд-Парку, дзе служыў ейны дзед, а потым і ейны бацька, што таксама пад канец жыцця высвяціўся на святара. Людміла была старшынёю сястрыцтва, няспыннай арганізатаркай царкоўных мерапрыемстваў, пачастункаў.

На пачатку 1990-х яна прыязджала ў Беларусь, у 1993 годзе была ўдзельніцай Першага З’езда беларусаў свету.

У апошнія гады жыцця Людміла Бакуновіч дапамагала сваім дзецям даглядаць унукаў, якіх агулам у яе было дванаццаць. Жыла ў дачкі Сафіі ў штаце Дэлавэр.

Памерла 2 жніўня 2025 года ў штаце Дэлавэр.

Крыніцы

Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі