«За адзнаку» — нагрудны знак Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 2006 года № 588. У 2013 годзе ў палажэнне ўнесены змены.

I ступень нагруднага знака зарэгістраваная ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18 лістапада 2008 года пад № А-120, II ступень — пад № А-121.

Статут Нагрудным знакам узнагароджваюцца работнікі Міністэрства юстыцыі і арганізацый яго сістэмы за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў у працы.

Нагрудным знакам могуць быць узнагароджаныя таксама іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад і аказалі эфектыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі.

Нагрудны знак мае дзве ступені. Вышэйшай з’яўляецца I ступень. Узнагароджанне адбываецца паслядоўна: спачатку II ступенню, затым I ступенню. Паўторнае ўзнагароджанне адной і той жа ступенню не прадугледжана.

Парадак прадстаўлення да ўзнагароды вызначаецца Міністрам юстыцыі. Рашэнне аб узнагароджанні афармляецца загадам Міністра.

Знак і пасведчанне ўручаюцца асабіста Міністрам юстыцыі або яго намеснікамі ва ўрачыстай абстаноўцы.

Асобы, узнагароджаныя нагрудным знакам, якія ўчынілі наўмыснае злачынства або дапусцілі дысцыплінарную правіну, рашэннем Міністэрства юстыцыі могуць быць пазбаўленыя ўзнагароды.

Запісы пра ўзнагароджанне і пазбаўленне заносяцца ў працоўную кніжку.

Нагрудны знак носіцца на форменным або цывільным адзенні і размяшчаецца на правым баку грудзей пасля ордэнаў і медалёў, а пры іх адсутнасці — на іх месцы.

Пры страце нагруднага знака або пасведчання дублікаты не выдаюцца.

Апісанне Нагрудны знак мае выгляд стылізаванай васьміграннай зоркі (I ступень — залацістага колеру, II ступень — серабрыстага колеру). На ёй размешчаны чырвоны фігурны шчыт з аблямоўкай (I ступень — серабрыстага, II ступень — залацістага колеру), які сімвалізуе абарону правоў і свабод грамадзян.

У цэнтры шчыта — калона (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага колеру), увянчаная выявай дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, што ўвасабляе закон і справядлівасць. Пасярэдзіне калоны размешчаная таблічка з надпісам «ЗАКОН» (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага колеру), ніжэй — зялёная стужка з надпісам «ЗА АДЗНАКУ».

Шчыт і калонку абрамляе лаўровы вянок (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага колеру). Паверх вянка шчыт абрамлены па баках і знізу чырвонай стужкай з надпісам «МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ», падзелены ўнізе падставай калоны. На падножжы калоны размешчана рымская лічба «I» або «II» чырвонага колеру, якая абазначае ступень узнагароды.

Знак вырабляецца з металу (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага колеру). Памер знака — 48 × 40 мм.

Крыніцы

Катэгорыя:Нагрудныя знакі Беларусі Катэгорыя:Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:З’явіліся ў 2006 годзе Катэгорыя:2006 год у Беларусі