Лоская друкарня — друкарня ў мястэчку Лоск Ашмянскага павета (цяпер вёска ў Валожынскім раёне) у другой палове XVI ст.. Адзін з галоўных цэнтраў арыянскага кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гісторыя Друкарня заснавана магнатам-арыянінам Я. С. Кішкам, крайчым вялікім літоўскім, які ў 1572 годзе выкупіў у братоў М. Кавячынскага і Г. Кавячынскага абсталяванне Нясвіжскай друкарні і перавёз у свой замак у Лоску. У друкарні выходзілі кнігі на польскай і лацінскай мовах, вядома каля дваццаці выданняў. Фактычным ідэйным кіраўніком друкарні ў 1570 — пачатку 1580-х гадоў быў Сымон Будны, які адначасова служыў дворным прапаведнікам у Кішкі.

Першым друкаром у Лоску быў Даніэль з Ленчыцы, які ў 1573—1574 гг. надрукаваў адну з найбольш значных кніг — Новы Запавет у перакладзе Сымона Буднага з яго прадмовай і каментарыямі.

У 1574 годзе выйшлі трактаты «Пра дзве сутнасці Хрыста» Буднага, «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як Бог-Айцец», «Супраць хрышчэння дзяцей».

Пасля ад’езду Даніэля Ленчыцкага ў Вільню месца друкара ў Яна Кішкі заняў Ян Карцан. Сваю дзейнасць у Лоскай «замкавай друкарні» ён пачаў выданнем у 1576 г. твора Сымона Буднага «Аб артыкулах веры». У тым жа годзе Карцан друкуе працу Цыцэрона «Пра абавязкі» ў перакладзе на польскую мову Станіслава Кашуцкага. Таксама ў друкарні выдаваліся палемічныя творы М. Чаховіца, А. Волана, кнігі рэктара арыянскай школы ў Іўі Я. Л. Намыслоўскага. У 1576 годзе з’явілася кніга «Пра фурыі, або вар’яцтвы французскія» ў перакладзе С. Буднага, прысвечаная падзеям Варфаламееўскай ночы 1572 года. Усяго ў Лоску з 1576 па 1580 г. Карцан выдаў сем кніг — дзве на лацінскай і пяць на польскай мовеАпушкин А. На заре книгопечатания в Литве. С. 81..

Адным з важнейшых выданняў гэтага перыяду стала кніга Андрэя Фрыча Маджэўскага «De Respublika emendanta libri quinque» (Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай) у перакладзе на польскую мову Кіпрыяна Базыліка, надрукаваная ў кастрычніку 1577 годзе з прадмовамі католіка М. Стрыйкоўскага, кальвініста А. Волана, арыяніна С. Буднага. Узорам для перакладчыка стала базэльскае (Іаана Апорына) выданне 1559 года. Пераклад і выданне фінансаваў полацкі ваявода, кальвініст Мікалай Монівід Дарагастайскі (пам. у 1597 г.), член кадыфікацыйнай камісіі, што падрыхтавала рэдакцыю другога Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля пераезду ў верасні 1580 года Яна Карцана ў Вільню друкарня працавала менш інтэнсіўна. Лоскім выданнем прынята лічыць кнігу «Абарона супраць непраўдзівага абвінавачвання…» (1583), якую падпісаў Аляксей Радзецкі, назваўшы сябе «друкар Яна Кішкі»Kawecka-Gryczowa A. i in. Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. S. 145.. У 1583 годзе пабачыла свет праца «Пра свецкую ўладу». Дзве кнігі выйшлі з упамінаннем друкара Фелікса Балямоўскага: «Іп Evangelii secundum lohannem primum caput meditatio. I.V. interprete. Eiusdem Alexandri Scriptum de peccato in Spiritum Sanctum I.V. [Io. Voelkel] interprete. Losk, in typographia Iohannis Kiscae, eiusdem impensis, per Felicem Bolemovium impressum. 28.XI 1.1586.» i «Sententiae ad communem vitae usum propter faciliorem perceptionem in Latinos, Polonicos et Germanikos versus redactae» (1589)Абодва выданні ёсць у бібліятэцы Уроцлаўскага ўніверсітэта..

Дакладна невядома, да якога часу працавала друкарня ў Лоску — магчыма, да смерці Яна Кішкі ў 1592 годзе.

Значэнне Выданні Лоскай друкарні вызначаліся вострай палемічнай накіраванасцю, якая выходзіла за межы чыста тэалагічных праблем і закранала пытанні дзяржаўнай і сацыяльнай перабудовы грамадства.

Крыніцы

Літаратура

Drukarze dawnej Polski od XV do XVIII wieku. Z. 5. Wrocław; Kraków, 1959.

Катэгорыя:Друкары Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Лоск