Джон Сміт ( — 21 чэрвеня 1631) — англійскі салдат, даследчык, каланіяльны губернатар, адмірал Новай Англіі і пісьменнік. Ён быў прысвечаны ў рыцары за заслугі перад Жыгімонтам Баторыем, князем Трансільваніі, і яго сябрам Мозешам Секелі . Пасля вяртання ў Англію ён адыграў важную ролю ў стварэнні калоніі ў Джэймстаўне, штат Вірджынія, першага пастаяннага англійскага паселішча ў Паўночнай Амерыцы, у пачатку XVII стагоддзя. Ён быў кіраўніком калоніі Вірджыніі з верасня 1608 года па жнівень 1609 года і ўзначальваў экспедыцыі ўздоўж рэк Вірджыніі і Чэсапікскага заліва, падчас якіх стаў першым англійскім даследчыкам, які склаў карту гэтага рэгіёна. Пазней ён даследаваў і склаў мапу ўзбярэжжа Новай Англіі.
Джэймстаўн быў заснаваны 14 мая 1607 года. Сміт навучыў першых пасяленцаў займацца сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам, тым самым выратаваўшы калонію ад спусташэння. Суровае надвор'е, недахоп ежы і вады, дзікія забалочаныя мясціны і напады карэнных амерыканцаў амаль знішчылі калонію. Аднак пад кіраўніцтвам Сміта Джэймстаўн выжыў і ў рэшце рэшт дасягнуў росквіту. Сміт быў вымушаны вярнуцца ў Англію пасля таго, як атрымаў траўму ў выніку выпадковага выбуху пораху ў каноэ.
Кнігі і карты Сміта адыгралі важную ролю ў заахвочванні і падтрымцы англійскай каланізацыі Новага Свету . Ён прыдумаў назву рэгіёну Новая Англія, якую апісаў наступным чынам: «Тут кожны чалавек можа быць гаспадаром і ўладальнікам сваёй працы і зямлі». ...Калі ў яго няма нічога, акрамя рук, ён можа... дзякуючы працавітасці хутка разбагацець». Сміт памёр у Лондане ў 1631 годзе.
Раннія гады
Дакладная дата нараджэння Джона Сміта невядомая. Ён быў ахрышчаны 6 студзеня 1580 года ў Уілабі, недалёка ад Олфарда, Лінкальншыр, дзе яго бацькі арандавалі ферму ў лорда Уілабі. Па яго словах, ён паходзіць са старажытнага роду Смітаў з Кёрдлі, графства Ланкашыр. З 1592 па 1595 год ён наведваў заняткі ў Граматычнай школе караля Эдуарда VI у Лаўце, а затым яго адправілі вучыцца ў купца ў гандлёвым порце Ганзейскай лігі Кінгс-Лін у Норфалку. Аднак хутка ён адчуў, што зусім не прыстасаваны да манатоннага жыцця гандляра і абмежаванняў канторы. Біёграф Джона Сміта Пітэр Фёрстбрук сцвярджае, што менавіта кароткі перыяд вучнёўства Сміта ў марскім порце Кінгс-Лін абудзіў у ім авантурны дух.
Першыя падарожжы
Сміт упершыню выправіўся ў мора ў 16 гадоў пасля смерці бацькі. Ён служыў наймітам у арміі Генрыха IV, караля Францыі, супраць іспанцаў, змагаючыся за незалежнасць Нідэрландаў ад караля Іспаніі Філіпа II . Затым ён адправіўся ў Міжземнае мора, дзе займаўся гандлем і пірацтвам, а пазней ваяваў супраць асманскіх туркаў у Трынаццацігадовай вайне. У 1600 і 1601 гадах падчас паходу Міхаіла Храбрага на баку аўстрыйскіх Габсбургаў у Венгрыі ён быў павышаны да капітана кавалерыі.
Пасля смерці Міхаіла Храбрага ваяваў на баку Раду Шэрбана ў Валахіі супраць васала Асманскай імперыі Ерэміі Магілы. Паводле чутак, Сміт у трох паядынках забіў і адсек галовы тром асманскім праціўнікам, за што быў ўзведзены ў рыцары прынцам Трансільваніі і атрымаў каня разам з гербам, на якім былі выяўлены тры турэцкія галовы.
У 1602 годзе ён быў паранены ў сутычцы з крымскімі татарамі, захоплены ў палон і прададзены ў рабства. Яго адправілі ў якасці нявольніка ў Канстанцінопаль (Стамбул) жанчыне па імені Хараца Трагабігзанда, якая накіравала яго ў Растоў выконваць сельскагаспадарчыя работы і прыняць іслам. Падчас аднаго з чарговых збіццяў, якім яго падвяргаў гаспадар, Сміт забіў свайго гаспадара і ўцёк з Асманскай імперыі ў Масковію. Сміт падарожнічаў па Рэчы Паспалітай, Еўропе і Афрыцы і ў 1604 годзе вярнуўся ў Англію.