Казімір Лашкевіч (; )Чарнякевіч А. Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада 1919—1939 гг.. — Гродна: ЮрСаПрінт, 2015. — С. 149—150. — польскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, дэпутат Сойма Польскай Рэспублікі першага склікання.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і Адама і Марыі (па нараджэнні Цыдзік). Скончыў Гродзенскую гімназію, духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу і аддзяленне філасофіі і кананічнага права Санкт-Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Да 1914 года вывучаў палітычныя навукі ў Парыжы.
Падчас Першай сусветнай вайны прызваны ў расійскую армію. З 1918 года быў членам Польскай ваеннай арганізацыі, удзельнічаў у раззбраенні германскіх войск на Віленшчыне ў 1918—1919 гадах. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне ў 1920 годзе як добраахвотнік. Супрацоўнічаў з польскай дэмакратычнай штодзённай газетай «Echo», якая выдавалася ў Гродне з 1918 года, быў яе рэдактарам у 1922 года. Да 1922 года працаваў настаўнікам у Гродне.
Быў дэпутатам Сойма Польскай Рэспублікі першага склікання ў 1922—1927 гадах. Быў абраны ў сойм па спісе Польскага сялянскага саюза «Пяст» па Гродзенскай выбарчай акрузеТокць С. Парламенцкія выбары 1922 г. у Гродзенскім павеце Беластоцкага ваяводства // Гадавік Цэнтра беларускіх студыяў. — № 8. — Варшава, 2022. — С. 84. і першапачаткова быў членам парламенцкай фракцыі гэтай партыі. У выніку расколу ў гэтай партыі ў снежні 1923 года далучыўся да Сялянскага саюза, а потым — да Партыі працы. Прымаў удзел у працы соймавых камісій па справах адукацыі і адміністрацыйных спраў. Быў членам спецыяльнай камісіі па расследаванні крывавых сутыкненняў, якія адбыліся 6-8 лістапада 1923 года ў Кракаве, Барыславе і Тарнаве.
У 1927—1934 гадах быў дэпутатам гарадской рады ў Гродне (у 1927 годзе выбраны ад Хрысціянскага польскага блока, у 1930 — ад Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам), у 1928 і 1930—1932 гадах — намеснікам старшыні рады. Член павятовага Камітэта фізічнага выхавання і праўлення Польскага краязнаўчага таварыства ў Гродне (1927). Быў ініцыятарам заснавання іпатэчнага кааператыўнага банка ў Гродне ў 1933 годзе.
Пазней працаваў сакратаром, кіраўніком аддзялення ваяводскай адміністрацыі ў Беластоку. У 1933—1939 гадах быў дарадчыкам Фонду працы ваяводскай адміністрацыі ў Беластоку.
Падчас нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны актыўна ўдзельнічаў у падполлі пад псеўданімам «Казімір». З мая 1942 да канца 1943 года быў акруговым дэлегатам Польскага ўрада ў Беластоку.
Пасля сканчэння вайны працаваў начальнікам аддзела ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Польскай Народнай Рэспублікі.
Памёр у Варшаве. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках (участак 130-4-14)https://cmentarze.um.warszawa.pl/pomnik.aspx?pom_id=33988.
Крыніцы
Літаратура Чарнякевіч А. Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада 1919—1939 гг.. — Гродна: ЮрСаПрінт, 2015. — С. 149—150.
Спасылкі
Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 1 склікання Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскай Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі