Ю́ліуш Караль Ігнацы Станіслаў Костка Астро́ўскі (; ) — польскі палітычны дзеяч і генеалог, калекцыянер мастацтва, граф.

Біяграфія Нарадзіўся года ў Варшаве. Паходзіў са шляхецкага роду Астроўскіх герба «Равіч». Сын Станіслава Астроўскага, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў, землеўладальніка і філантропа, і Гелены са Скрынскіх. Яго дзедам быў генерал Антоні Ян Астроўскі, а прадзедам — Томаш Адам Астроўскі, падскрабі надворны каронны пры Станіславе Аўгуставе Панятоўскім.

У 1877 годзе скончыў адукацыю ў Лёвене, дзе вывучаў гісторю, пасля ў Бруселі, дзе вывучаў права.

У 1889 годзе атрымаў у спадчыну ўяздоўскія маёнткі і стаў адным з найбагацейшых землеўладальнікаў Каралеўства Польскага. У 1891 годзе яго графскі тытул быў афіцыйна зацверджаны ў Расійскай імперыі. У 1893 годзе атрымаў чын камер-юнкера, а ў 1905 — камергера.

Належаў да лагера кансерватыўных каталіцкіх дзеячаў. У 1905 годзе быў сярод ініцыятараў стварэння Каталіцкага саюза, які ставіў за мэту набліжэнне каталіцкай царквы да рабочых і сялян праз дамы народнай асветы. 29 красавіка 1907 года быў выбраны прэзідэнтам Каталіцкага саюза ў Варшаве, які ўвайшоў у склад Каталіцкай акцыі. У сваіх поглядах на грамадска-працоўныя пытанні кіраваўся вучэннем Льва XIII, перакладаў і выдаваў каталіцкія брашуры, фінансаваў іх друк. Быў сябрам міжнароднай арганізацыі католікаў-інтэгрыстаў — праціўнікаў мадэрнізму. Меў званне папскага камергера і быў кавалерам Мальтыйскага ордэна.

Навуковая дзейнасць Генеалогіяй займаўся як аматар. У 1896—1914 гадах у Варшаве выдаваў па сшытках «Гербавая кніга польскіх родаў» (Księga herbowa rodów polskich), дзе змешчана больш за 3600 выяў гербаў і іх апісанняў у алфавітным парадку (да герба «Sylm»). Працяг выдання ў 1930—1936 гадах выходзіў у форме часопіса «Herold» (да герба «Szczerbic»).

Праца Астроўскага заснаваная на вялікай фактычнай базе, ахоплівае ўсе тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, а таксама Сілезію, Заходняе Памор’е і Курляндыю, уключаючы гербы і няпольскіх родаў. Нягледзячы на асобныя недахопы (не заўсёды крытычны падыход да матэрыялу, памнажэнне гербавых разнавіднасцяў), праца захоўвае вялікую навуковую і даведачную вартасць дзякуючы багаццю сабраных звестак (3664 гербы).

Мецэнацтва і калекцыянаванне Заснаваў прытулак для каталіцкіх сірот у Тамашове Мазавецкім, фундаваў будаўніцтва касцёла Св. Антонія, гарадскога шпіталя Св. Станіслава і адкрыццё гандлёвай школы з польскай мовай навучання. Быў калекцыянерам і мецэнатам, падтрымліваў маладых мастакоў, сябраваў з Янам Стыкам, які стварыў яго партрэт. У 1912 годзе арганізаваў у Тамашове Мазавецкім вялікую выставу мастацтва, палова экспанатаў на якой паходзіла з яго збораў. Калекцыі Астроўскага, што захоўваліся ў Варшаве, Уяздзе і Томашаве, былі амаль поўнасцю знішчаны або вывезены падчас нямецкай акупацыі.

Сям’я Быў жанаты з Марыяй Дэльфінай з Тышкевічаў. Меў дзяцей:

Станіслаў (у манастве Язафат; 1890—1939), манах-бенедыкцінец, гісторык, бібліятэкар, займаўся бібліялагічнымі і стратыграфічнымі даследаваннямі; Ян Крыстын (1894—1981), дэндролаг, перакладчык, уладальнік уяздоўскіх маёнткаў; Людвіка.

Крыніцы

Літаратура Włodzimierz Dworzaczek Juliusz Karol Ostrowski [w:] Polski Słownik Biograficzny tom XXIV wyd. 1979 Ryszard Kotewicz, Ród Ostrowskich w dziejach Tomaszowa i Rzeczypospolitej, Tomaszów Mazowiecki 1991, s. 17 (fot., biogram).

Спасылкі

Катэгорыя:Генеалогі Польшчы Катэгорыя:Палітыкі Польшчы Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1854 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1917 годзе Катэгорыя:Графы Катэгорыя:Калекцыянеры Польшчы Катэгорыя:Мецэнаты Польшчы