«Белару́сы» — шматтомнае навуковае выданне, гісторыка-этналагічнае даследаванне асаблівасцей культуры і побыту беларусаў. Падрыхтавана Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. Выдадзена ў 13 тамах 1995—2012 гадах у Мінску на беларускай мове выдавецкім домам «Беларуская навука».

Апісанне Выданне ахоплівае ўсе найважнейшыя галіны жыццядзейнасці і культуры беларускага народа ў дыяхронным і тэматычным аспектах. У тамах разглядаюцца асаблівасці развіцця народных промыслаў і рамёстваў, дойлідства і архітэктуры, сямейнага ўкладу жыцця ў мінулы і сучасны перыяды, фальклорна-абрадавая творчасць, праблемы нацыянальнай культурнай спадчыны. Характарызуюцца найбольш распаўсюджаныя віды народнага мастацтва, асвятляюцца праблемы прарадзімы славян, этнагенетычных вытокаў, агульных і асаблівых рыс духоўнай культуры, вераванняў, звычаяў, абрадаў, традыцый і самасвядомасці беларусаў. Аналізуецца сувязь беларускай культуры з культурнымі традыцыямі іншых славянскіх народаў.

Змест тамоў Т. 1: Прамысловыя і рамесныя заняткі (1995) Т. 2: Беларускае народнае дойлідства (1998) Т. 3: Гісторыя этналагічнага вывучэння (1999) Т. 4: Вытокі і этнічнае развіццё (2001) Т. 5: Сям’я (2001) Т. 6: Грамадскія традыцыі (2002) Т. 7: Вусная паэтычная творчасць (2004) Т. 8: Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (2005) Т. 9: Антрапалогія (2006) Т. 10: Славянскія этнакультурныя традыцыі (2007) Т. 11: Музыка (2008) Т. 12: Экраннае мастацтва (2009) Т. 13 Тэатральнае мастацтва (2012)

Узнагароды У 2008 годзе аўтарскаму калектыву ў складзе В. М. Бялявінай, А. У. Гурко, Г. І. Каспяровіч, Т. І. Кухаронак, А. І. Лакоткі, Л. В. Ракавай, Я. М. Сахуты, І. У. Чаквіна была прысуджана прэмія «За духоўнае адраджэнне».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Беларускія энцыклапедыі Катэгорыя:Кніжныя серыі Катэгорыя:Этнаграфія Беларусі Катэгорыя:Кнігі па гісторыі Беларусі Катэгорыя:Выданні выдавецтва «Беларуская навука» Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне»