Уладзі́мір Я́каўлевіч Бягу́н () — мінскі журналіст, публіцыст, займаўся антысіянісцкай і антысеміцкай прапагандай. Член Саюза журналістаў СССР.

Біяграфія Нарадзіўся 1 студзеня 1929 года ў вёсцы Сакі (цяпер Маладзечанскі раён) ў сялянскай сям’і. Маці і дзвюх яго сясцёр падчас вайны расстралялі нацысты. Сам Уладзімір далучыўся да партызан. Пасля вайны скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў у рэдакцыях беларускіх раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», а таксама на Беларускім радыё.

Уладзімір Бягун актыўна прымаў удзел у працы па выкрыцці ў друку і ў навуковых працах «пятай калоны» і «агентаў уплыву» з ліку «сіяністаў» і «клерыкалаў». Працы Бегуна былі прысвечаны ў тым ліку ідэі яўрэйскай змовы супраць камуністычных краін. Ён сцвярджаў, што сіянізм з’яўляецца злейшым ворагам камунізму і дзейнічае як доўгая рука заходняга імперыялізму. Паводле Бегуна, сіянісцкая небяспека і ідэалогія расавай перавагі «абранага народа» закладзены і легітымізаваны іўдаізмам і Торай.

Яго першая праца «Сіянізм і іўдаізм: (матэрыял у дапамогу лектару)» () была выдадзена прапагандысцкім таварыствам «Веды» ў 1972 годзе параўнальна невялікім тыражом 1000 асобнікаў. У кнізе ён атаясамліваў яўрэйскую рэлігію з варожым сіянізмам.

У 1974 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла яго кніга «Паўзучая контррэвалюцыя» () тыражом у 25 000 асобнікаў. Прадмова да яе напісана партыйным гісторыкам Аляксеем Малашкам. У гэтай працы Бягун развіваў свае тэзісы, што яўрэйская рэлігія — заганная, амаральная і вычварная, валодае расісцкай сутнасцю і звязана з сіянізмам. Дзейнасць Бегуна была заўважана і за мяжой. У наступным годзе яго кніга практычна цалкам была перадрукавана ў афіцыйным выданні лонданскім інстытутам яўрэйскіх праблем Сусветнага яўрэйскага кангрэса. Сам ён так ацэньваў сваю дзейнасць у лісце, датаваным 1984 годам: «У апошнія дзесяць гадоў схвоснуўся з „богаабранымі“. Ужо гэтую „прафесію“ больш не давядзецца мяняць».

Бягун стаў найбольш вядомым з ліку другой генерацыі «антысіянісцкага гуртка». Ён уваходзіў у самыя высокія кабінеты чыноўнікаў. У сваёй дзейнасці ён карыстаўся падтрымкай кіраўніка Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Машэрава, які, у прыватнасці, вылучыў Бегуну жыллё ў Мінску. З канца 1960-х гадоў «Маладая гвардыя» стала цэнтральным выдавецтвам, у якім друкаваліся працы вядомых антысіянісцкіх публіцыстаў, уключаючы У. Бегуна і Яўгена Яўсеева. Валерый Ганічаў лічыў публікацыю і распаўсюджванне прац У. Бегуна і іншых «антысіянісцкіх» дзеячаў адной са сваіх галоўных задач як дырэктара «Маладой гвардыі».

Аднак акадэмічныя «антысіяністы» не лічылі Бегуна сваім. Супраць яго «сярэднявечных па форме і змесце прац» выступілі некаторыя іншыя «сіянолагі», у тым ліку старшыня Пастаяннай камісіі па каардынацыі навуковай крытыкі сіянізму пры прэзідыуме Акадэміі навук СССР, акадэмік Міхаіл Карастоўцаў. У лістападзе 1975 года ён накіраваў сакратару ЦК КПСС Міхаілу Суславу ліст, дзе асуджаў выхад у друку кнігі Бегуна «Паўзучая контррэвалюцыя». Ён пісаў пра кнігу: «Я называю яе няўдалай, больш за тое, сугуба для нас шкоднай, таму што нараўне з некаторымі правільнымі сцвярджэннямі яна пад сцягам барацьбы супраць сіянізму прапаведуе адкрыты антысемітызм». Аднак намеснік загадчыка аддзела прапаганды ЦК КПСС Юрый Скляроў у адказе на гэты ліст выкарыстаў заключэнне спецыялістаў з аддзела тэорыі нацыі і нацыянальных адносін Інстытута марксізму-ленінізму, згодна з якім кніга Бегуна цалкам упісваецца ў рэчышча ленінскай нацыянальнай палітыкі. З гэтай прычыны крытыка Карастаўцава была адкінута.

У 1977 годзе Бягун абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Міжнародны сіянізм — ідэйна-палітычная зброя антыкамунізму: крытыка ідэалогіі і метадаў падрыўной дзейнасці».

Бягун стаў ці не галоўным савецкім «антысіяністам». Тыражы яго прац раслі, яго кнігамі былі запоўненыя кніжныя магазіны. Наступная напісаная Бегуном кніга «Уварванне без зброі» () выйшла ў Маскве ў 1977 годзе. Толькі ў 1978—1979 гадах яна была выдадзена агульным тыражом у 250 тысяч асобнікаў. У наступныя гады працы Бегуна перавыдаваліся. Калі раней у савецкай прапагандзе «сіянісцкая» і «клерыкальная» культура яўрэяў на Захадзе супрацьпастаўлялася «народнай сацыялістычнай культуры» савецкіх яўрэяў, то Бягун зрабіў наступны крок — у кнізе «Уварванне без зброі» ён заяўляе, што «ідэя „яўрэйскай культуры“ зыходзіць не ад савецкіх яўрэяў, а ад замежных падрыўных антыкамуністычных цэнтраў», іншымі словамі, цалкам адмаўляе існаванне якой-небудзь яўрэйскай культуры.

У лісце галоўнаму рэдактару часопіса «Наш современник» 16 жніўня 1979 года Бягун не хаваў свайго апазіцыйнага ў адносінах да ўлады настрою: «Нам патрэбна гістарычная праўда. Мы хочам ведаць разбуральнікаў Расіі. І нічога не папiшаш, што ў іх ліку былі не толькі рускія, але і яўрэйскія жывадзёры».

З 1979 года Бягун працаваў у Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР. У 1970—1980-я гады гэты інстытут з’яўляўся галоўным генератарам антысеміцкіх настрояў як у БССР, так і ў СССР у цэлым. Тут працаваў цэлы шэраг дзеячаў-«антысіяністаў», якія вялі антыяўрэйскую прапаганду.

У 1980-я сачыненні Бегуна таксама выдаваліся і перавыдаваліся, не дасягаючы маштабу «бестселера» 1977 года, але ўсё ж выходзячы буйнымі тыражамі. «Апавяданні пра „дзяцей удавы“: [крытычны аналіз франкамасонства]» () мелі тыраж 30 000 асобнікаў, апошняя выдадзеная праца аўтара, маралізатарская арыентаваная на моладзь кніга «Сваё і чужое: Нарысы» () — 45 000 асобнікаў. Кнігі ўтрымлівалі аб’ёмны набор клішэ пра варожы заходні свет, часткай якога ўсё яшчэ заставаліся яўрэі, гэта значыць «сіяністы». З аднаго выдання ў іншае гэтыя клішэ аўтар перастаўляў месцамі, фармуючы такім чынам новы «прыклад».

Аднак Бягун стаў наватарам, першым з савецкіх аўтараў выступіўшы з апраўданнем яўрэйскіх пагромаў. Так, масавую разню Багданам Хмяльніцкім яўрэяў ён разглядаў як праяву класавай барацьбы ўкраінскіх сялян супраць засілля яўрэйскіх арандатараў. Ён сцвярджаў, што пагромы былі законнай рэакцыяй на эксплуатацыю, якую ажыццяўлялі яўрэі, а асуджэнне пагромаў — рэакцыйнай праявай сіянізму.

У ходзе сваёй «барацьбы з сіянізмам» Бягун накіроўваў дакладныя запіскі ў ЦК КПБ, дзе, у прыватнасці, звяртаў увагу на створаную яшчэ да рэвалюцыі рашотку мінскіх балконаў, ва ўзоры якой ён угледзеў зоркі Давіда. Гэтыя сімвалы ён змог разгледзець і на некаторых савецкіх скульптурных выявах.

Апаненты пісалі на Бегуна лісты ў ЦК, яго ідэі крытыкаваліся ў заходніх выданнях, аднак ён заставаўся «на плаву». Прыхільнікі Бегуна тлумачылі гэта тым, што яго «апаненты не маглі пры гэтым абвергнуць факталагічны і тэксталагічны матэрыял кніг». Якаў Басін успамінаў выпадак, калі ноччу моладзь размалявала свастыкамі дарогу ад кватэры Бегуна да бліжэйшага трамвайнага прыпынку.

Бягун спрабаваў змагацца супраць памяці яўрэйскага мастака Марка Шагала. ЮНЕСКА прыняла рашэнне аб’явіць 1987 год годам Шагала, паколькі ў гэты год было стагоддзе з дня яго нараджэння. У Беларусі пачалося абмеркаванне стварэння музея знакамітага віцебскага мастака. Абмеркаванне мела грамадскі рэзананс, што выклікала негатыўную рэакцыю партыйных дзеячаў. Прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі выступілі з рэзкай крытыкай «шагаламаніі». У партыйныя і выканаўчыя органы паступалі «лісты рабочых», якія пратэставалі супраць увекавечання памяці і стварэння музея Шагала. Калега Бегуна па інстытуце Віктар Боўш выступіў з асуджэннем «крыклівай кампаніі ў сувязі са 100-годдзем мастака-мадэрніста Шагала» і супраць «навязвання савецкім людзям фальшывых аўтарытэтаў».

Бягун быў адпраўлены рабочай паездкай у Віцебск, па выніках якой ім быў напісаны артыкул «Украдзены ліхтар галоснасці», які выйшаў у першым нумары «Политического собеседника», часопіса ЦК Кампартыі Беларусі. З вялікім партыйным пафасам Бягун асуджаў «шагаламанію», якую яму ўдалося выявіць у асяроддзі віцебскай інтэлігенцыі, дзе «святлафоры маральнасці пагаслі зусім». Віцебскі мастацка-практычны інстытут, створаны і кіруемы Шагалам, паводле сцвярджэння Бегуна, «меў, згодна з дакладам рабоча-сялянскай інспекцыі, выключна адмоўныя бакі… У інстытуце знайшлі прытулак дэзерціры, спекулянты і іншыя цёмныя асобы, якія атрымлівалі шчодрыя харчовыя пайкі…». Да ліку «антысіяністаў», якія змагаліся з «шагаламаніяй», далучыліся мастак Міхаіл Савіцкі, тэатразнавец Уладзімір Няфёд і партыйны гісторык Аляксей Малашка. Стварэнне музея Шагала стала магчымым толькі ў 1991 годзе, пасля таго, як партыйная сістэма спыніла існаванне.

У канцы савецкага часу дзейнасць «антысіяністаў» стала магчымым адкрыта крытыкаваць. Алесь Адамовіч назваў Бегуна ў ліку дзеячаў, якія ўзводзяць «бар’ер супраць перабудовы». У 1987 годзе ва ўсесаюзнай газеце «Советская культура» выйшаў артыкул «Аб сапраўдных каштоўнасцях і ўяўных ворагах» журналіста Андрэя Чаркізава, дзе аўтар назваў стваральнікаў версіі існавання «сіянісцка-масонскай змовы ў краіне», у ліку якіх быў Уладзімір Бягун. Публікацыі гэтых аўтараў Чаркізаў характарызаваў як «антынавуковыя і па сутнасці дэзарыентуючыя чытача». Таксама ён указаў на сувязь гэтых персон з антысеміцкім таварыствам «Памяць», галоўнымі лектарамі якога яны былі. У адказ Бягун і яго паплечнікі падалі ў суд на самога Чаркізава і на газету. 5 кастрычніка 1987 года на судовым слуханні было зачытана экспертнае заключэнне Інстытута ЗША і Канады АН СССР, дзе апроч іншага, указвалася, што ў сямі выпадках у публікацыях Бегуна тэкст быў запазычаны з «Майн Кампф» Адольфа Гітлера, з заменай слова «яўрэйскі» на «сіянісцкі». Суд вынес рашэнне на карысць Чаркізава.

Уладзімір Бягун памёр 19 чэрвеня 1989 года на 61-м годзе жыцця ад інфаркту міякарда. Нешматлікія прыхільнікі лічаць яго смерць «раптоўнай і таямнічай». Сярод прыхільнікаў існуе легенда, што «барацьбіт з сіянізмам» быў забіты сваімі ідэалагічнымі апанентамі.

Калегі памерлага па антысіянісцкай прапагандзе Валерый Емяльянаў і Аляксандр Раманенка ўскладалі адказнасць за яго смерць на яўрэяў. Аляксандр Раманенка сцвярджаў, што Уладзімір «быў забіты небяспечнай сіянісцкай зброяй… зброяй палітычнага тэрору, разлічанай менавіта на забойства інфарктам міякарда. Гэта — асаблівая зброя забойства. Забойцы фармальна-бюракратычна-юрыдычна спрытна ўхіляюцца ад адказнасці за забойства і менавіта ў гэтым — асаблівая небяспека жахлівага злачынства».

У новай Беларусі сачыненні Бегуна запатрабаваны толькі ў маргінальным асяроддзі, а ён сам стаў персанажам анекдотаў.

Некаторыя публікацыі Сионизм и иудаизм: (материал в помощь лектору). — Веды, 1972. — 1000 экз. Ползучая контрреволюция. — Мінск: Беларусь, 1974. — 25 000 экз. Вторжение без оружия. — М., 1977. — 150 000 экз.; за 1978—1979 гады агульны тыраж у 250 000 экз. Рассказы о «детях вдовы»: [критический анализ франкомасонства] / Пад рэдакцыяй Г. П. Давідзюка. — Другое, дапоўненае выдадзена. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986. — 30 000 экз. Ярмарка предателей. — Мінск: Беларусь, 1983. Свое и чужое: Очерки. — 45 000 экз.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Постаці антысіянізму ў СССР Катэгорыя:Постаці антысемітызму ў СССР Катэгорыя:Аўтары антысеміцкай літаратуры Катэгорыя:Савецкі антыіўдаізм