Rubon — літаратурны і публіцыстычны альманах, першае перыядычнае выданне прысвечанае пераважна Інфлянтам (Латгаліі), якое выдаваў у Вільні асветнік Казімір Буйніцкі ў 1843—1849 гадах на польскай мове. Назва адсылала да антычнай назвы ракі Рубон, якую атаясамлівалі з Дзвіной.

У альманаху апублікавана шмат важных матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, асабліва Падзвінню. У прыватнасці, тут публікаваліся даследаванні графа Адама Плятэра «Пра паходжанне слова Рубо (або Рубон), нададзеным старажытнымі Дзвіне», «Пра старажытныя камяні з надпісамі, што знаходзяцца ў рэчцы Дзвіна ад XII стагоддзя каля Полацка і Дзісны», «Пра даўнія магілы і пра старажытнасці, знойдзеныя ў Інфлянтах Польскіх», «Гістарычныя звесткі пра царкву Перамянення Панскага (Спаса), размешчаную каля Полацка, пра крыж, падараваны гэтай жа царкве святою Ефрасінняю і пра пілігрымку гэтай святой у Ерусалім»Rubon. 1842. T. I. S. 5-7; T. II. S. 37-47; T. V. S. 7-37; 1845. T. VI. S. 7-34; 1847.T. VIII. S. 22-47; T. IХ. S. 24-33. Хаўстовіч М. В. Гісторыя беларускай літаратуры 30-40-х гг. XIX ст.: Дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш. навуч. устаноў.. — Мн.: БДУ, 2001. — С. 40. — 171 с. — ISBN 985-445-548-3..

У 1845 годзе ў альманаху быў апублікаваны паэтычны цыкл Яна Чачота пад назваю «Песенькі», складзены з адзінаццаці вершаваных твораў. Вершы «Яна далёка», «Раскоша», «Малацьбіты», «Адмаўленне», «Клетка» і «Праснічка» выяўляюць яскравыя лірычныя тэмы, якія, на думку Уладзіміра Мархеля, натхняліся безнадзейным каханнем паэта да Зосі МалеўскайГісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 193. У 1847 годзе выйшла другая частка аповесці «Драўляны дзядок і мадам Інсекта» Яна Баршчэўскага. У альманаху таксама друкаваліся вершы, фальклорныя запісы, проза Тадэвуша Лада-Заблоцкага, Гераніма Марцінкевіча, Ігната Храпавіцкага, Вінцэнта РэутаБеларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. С. 424., і многіх іншых літаратараў тагачасных Беларусі і Літвы — пераважна, жыхароў Віцебскай губерні. Усяго выйшла 18 тамоў.

Альманах спыніў існаванне, імаверна, ў сувязі з цэнзурнымі цяжкасцямі, якія рэзка ўзмацніліся на пачатку «Змрочнага сямігоддзя» (1848—1855).

Крыніцы

Катэгорыя:Літаратура на польскай мове Катэгорыя:1842 год у Вільні