Беларускі ганчак — заводская парода паляўнічых сабак Беларусі з групы ганчакоў, знаходзіцца ў стадыі адраджэння. Прызначана для загоннага палявання на капытных — дзікоў, ласёў, аленяў, казуль, можа выкарыстоўвацца ў паляванні на зайца і лісіцу.

Гісторыя Пра паляванне з ганчакамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі вядома з пісьмовых крыніц, самыя раннія з іх XVI стагоддзя. У Статуце ВКЛ ганчакі называюцца польскім словам «огар» (ogar). Мясцовыя ганчакі такога тыпу былі шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі, але паступова амаль зніклі, выцесненыя ганчакамі іншых парод (рускім і эстонскім ганчакамі, у прыватнасці), а пагалоўе, якое захавалася, метысавалася і паступова амаль цалкам страчана. Аднаўленне пароды пачалося ў 2003 годзе сіламі энтузіястаў, метадам народнай селекцыі, і звязана з імёнамі заводчыка з Маладзечна Уладзіміра Казіміравіча Лазарэнкі, які ўзначаліў яе вядзенне, і кандыдата біялагічных навук Ірыны Раманаўны Ярохінай, старшыні Клуба пароднага паляўнічага сабакаводства. Бацькамі стала пара сабак патрэбнага тыпу (Байкал і Аза) з ліку сабраных па вёсках каля Воранава паляўнічых сабак, якія працуюць па дзікуБеларускi ганчак // Русский охотничий журнал. — 2014. — № 6 (21). — ISSN 2306-3130.Наталля Тур. Сантэхнік з Маладзечна аднавіў адзіную беларускую пароду сабак і дае шчанюкам прыгожыя імёны: Змагар, Гонар // Наша Ніва 23.08.2019. Пароду стваралі метадам узнаўляльнага скрыжавання мясцовых сабак з блізкімі па паходжанні рускімі ганчакамі і польскімі агарамі (прабацькоў апошніх стваральнік сучаснай пароды Пётр Картавік вывез якраз з вёсак Гродзенскай вобласці). Першы планавы памёт нарадзіўся ў 2004 годзе. Да 2011 году з’явіліся першыя прыплоды з трохкаленнага радаводу. Да 2014 года колькасць сабак дасягнула 400, а ў 2025 годзе перасягнула 850 асобінПшеничников С. Белорусский гончак — национальная порода Белоруссии // Охота и охотничье хозяйство. — 2014. — № 10. — С. 26—29. — ISSN 0131-2596.

Магчыма, блізкі сваяк беларускіх ганчакоў гэта літоўская нацыянальная парода — (Lietuvių skalikai), гісторыя якіх апелюе да тых самых гістарычных крыніц, ды і першыя прататыпы беларускай пароды паходзяць з самага сумежжа з Літвой. У Літве адраджэнне нацыянальнай пароды пачалося з сярэдзіны 1970-х гадоў. Іншы блізкі сваяком, імаверна, гэта , бо парода таксама выведзена з асобін, вывезеных Пятром Картавікам у 1959 годзе ці то з Літвы, ці то (больш імаверна) з Гродзенскай вобласці. Паводле польскіх кінолагаў, продкам гэтай групы парод лічацца ганчакі-бладхаўнды, выведзеныя каля 1000 года на тэрыторыі сучаснай бельгійскай правінцыі Люксембург.

На міжнароднай выставе сабак 7 красавіка 2007 года адбылася першая прэзентацыя пароды: удзельнікам і экспертам выставы былі паказаны 15 беларускіх ганчакоў. У чэрвені 2008 года Беларускае кіналагічнае аб'яднанне прыняло першы, часовы стандарт пароды. У 2010 годзе парода ўключана ў пералік паляўнічых сабак, з якімі дазволена паляваць у Беларусі. У 2013 годзе прыняты правілы палявых выпрабаванняў сабак пароды па дзіку і крывяным следзе, а ў 2017 годзе ўведзена банітыроўка, парода дапушчаная да выпрабаванняў па зайцу і лісіцы.

Беларускі ганчак — адзіная станам на 2026 год афіцыйная нацыянальная парода сабак Беларусі. Хаця беларускія карані маюць, напрыклад, польскія спаніэлі, але ніводная з гэтых парод пакуль не прызнана Міжнароднай кіналагагічнай федэрацыяй FCI. Некаторымі кінолагамі разглядаецца як пародная група рускага ганчака.

Знешні выгляд Сабака вышэй сярэдняга росту, характэрнага для ганчакоў аблічча, прапарцыйнага складання, дужай канстытуцыі. Палавы дымарфізм выражаны: кабель прыкметна мацней і буйней за суку. Галава сухая, даўгаватая, патылічнай груд выяўлены, на лбе часта маецца лагчынка. Пераход ад ілба да носа прыкметны, але плаўны. Морда прамая, па даўжыні роўная галаве. Верхняя губа затуляе ніжнюю і ўтварае невялікую зморшчыну ў куце рота. Мочка носа цёмная, вялікая. Вушы вісячыя, тонкія, клінаватай формы, даўжынёй да сярэдзіны морды або ніжэй; пасаджаны высока і добра прылягаюць да галавы. Вочы з ледзь касым разрэзам, павекі з цёмнай абводкай. Шыя моцная, з невялікімі зморшчынамі ўнізе, магчымы невялікі падбрудак. Спіна роўная, шырокая і моцная, карак крыху вышэй крыжа, круп нахілены. Хвост пасаджаны невысока, шырокі ў падставы і вытанчаецца да канца, выгнуты ў выглядзе шаблі; у спакоі апушчаны, ва ўзбуджэнні падымаецца вышэй спіны. Канечнасці з добра выяўленымі кутамі сучляненняў. Лапы звадзістыя, добра сціснутыя ў камякСтандарт породы «Беларуский гончак».

Выкарыстанне Парода выводзілася як спецыялізаваная для палявання на дзіка і капытных загонам, папулярнага ў Беларусі.

У паляванні загонам ад сабакі патрабуецца актыўна і мэтанакіравана шукаць звера, а знайшоўшы, пераследваць яго да лініі стральбы, увесь час даючы голас. Пры гэтым сабака павінен быць паслухмяным і спыняць гон па сігнале кіраўніка.

Крыніцы

Катэгорыя:Паляўнічыя пароды сабак