Вольга Віктараўна Вялічка () — беларуская псіхолаг, грамадская актывістка і літаратарка. Вядома як стваральніца сістэмы паліятыўнай дапамогі ў Гродне, дабрачыннай арганізацыі «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» і аўтарка дакументальнай кнігі пра псіхалагічныя траўмы дзяцей палітзняволеных.
Біяграфія З 2008 года была першай і нязменнай дырэктаркай Гродзенскага дзіцячага хоспіса. Пад яе кіраўніцтвам арганізацыя вырасла з 2 супрацоўнікаў і 8 апекаваных да апекі над 80 сем’ямі. Для забеспячэння працы хоспіса Вялічка асвоіла навыкі эканаміста і планавіка, а таксама дызайнера — разам з калегамі стварыла праект «Святаянік» па адаптыўным адзенні для людзей з інваліднасцю. У хоспісе быў абсталяваны ўнікальны сенсорны пакой для расслаблення дзяцей і безбар’ерны кінатэатр. Жыццёвая філасофія Вольгі грунтуецца на павазе да дзяцей як да асоб, а не як да «набору дыягназаў».
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Вольга Вялічка была незалежнай назіральніцай ад штаба Віктара Бабарыкі. Пасля выбараў увайшла ў Савет народнага даверу ў Гродне, мэтай якога было развязанне палітычнага крызісу. За ўдзел у пратэстах яе затрымалі, амаль суткі Вялічка правяла ў ізалятары часовага ўтрымання і была аштрафавана.
У сувязі з актыўнай грамадскай дзейнасцю Вялічка пачаліся шматлікія праверкі хоспіса ДФР, МНС, санстанцыяй, у хоспіса адабралі арандаваныя памяшканні ў паліклініцы № 2, канфіскавалі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, набыты за спонсарскія сродкі.
У кастрычніку 2020 года праз пагрозу крымінальнага пераследу і магчымага адабрання ўласных дзяцей Вольга з сям’ёй вымушана выехала ў Літву. 20 жніўня 2021 года ўлады ліквідавалі Гродзенскі дзіцячы хоспіс.
У Вільні Вольга Вялічка працягвала працу псіхолага, засяродзілася на дапамозе дзецям палітвязняў. Таксама Вялічка займаецца каардынацыяй ініцыятывы «Урачы за праўду і справядлівасць», якая даследуе стан медыцыны ў беларускіх месцах зняволення.
У Беларусі супраць Вольгі Вялічка заведзены крымінальныя справы за нясплату падаткаў (арт. 243 КК), удзел у пратэстах (арт. 342 КК), незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання (арт. 193-1 КК) — справа заведзена ў чэрвені 2022 года за распараджэнне рахункамі хоспіса пасля яго ліквідацыі.
У 2024 годзе ў рамках «спецыяльнага вядзення» (завочна) Вольгу Вялічка асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 12 000 рублёў, гэта першы вядомы выпадак прымянення адноўленага артыкула 193-1 КК.
Сям’я З мужам Сяргеем Вялічкам выхоўвае сына Міхаіла і дачку Радаславу.
Творчасць Вынікам працы псіхолагам з дзецьмі палітвязняў стала кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2023), дзе сабраны ўспаміны, сны і казкі дзяцей, запісаныя падчас тэрапіі. Прадмову да выдання напісала нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
У 2024 годзе Вольга Вялічка з кнігай «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» атрымала прэмію імя Алеся Адамовіча «за гуманістычнае асэнсаванне беларускага турэмнага досведу з перспектывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў».
У 2025 годзе кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» трапіла ў лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год.
Крыніцы
Катэгорыя:Члены Каардынацыйнай рады Катэгорыя:Члены фракцыі Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду»