Пі́нская ЦЭЦ — цеплаэлектрацэнтраль у горадзе Пінск Брэсцкай вобласці. З’яўляецца структурным падраздзяленнем філіяла «Пінскія цеплавыя сеткі» РУП «Брэстэнерга». Забяспечвае цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў і жылога сектара горада, а таксама выпрацоўку электраэнергіі.
Гісторыя Будаўніцтва Пінскай ЦЭЦ пачалося ў 1954 годзе і працягвалася чатыры гады. У маі 1958 года станцыя была ўведзена ў эксплуатацыю, стаўшы важным фактарам для развіцця прамысловасці горада.
У 2003 годзе на станцыі была ўсталявана другая турбіна магутнасцю 12 МВт.
У рамках Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў на 2006—2010 гады была праведзена маштабная рэканструкцыя з будаўніцтвам міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва. У снежні 2006 года ўведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс (два катлы прадукцыйнасцю па 10 тон пары ў гадзіну), а ў чэрвені 2007 года — другі пускавы комплекс (турбаагрэгат магутнасцю 2,7 МВт).
У 2018 годзе на дымавой трубе вышынёй 150 м была зманціравана аўтаматызаваная сістэма бесперапыннага маніторынгу выкідаў.
Склад і характарыстыкі Пінская ЦЭЦ уваходзіць у склад філіяла «Пінскія цеплавыя сеткі» разам з Заходняй міні-ЦЭЦ і Лунінецкай міні-ЦЭЦ. Агульная цеплавая магутнасць трох крыніц складае 690 Гкал/г, электрычная — амаль 30 МВт.
Устаноўленая электрычная магутнасць уласна Пінскай ЦЭЦ складае 20,7 МВт, цеплавая магутнасць катлаагрэгатаў — 329 Гкал/г. Станцыя забяспечвае больш за 25 % патрэбнасці горада ў электраэнергіі і больш за 60 % у цеплавой энергіі.
У якасці паліва выкарыстоўваюцца прыродны газ і мясцовыя віды паліва (драўнянае паліва, фрэзерны торф). Раней выкарыстоўваўся мазут, які цяпер застаецца ў рэзерве. Выкарыстанне мясцовых відаў паліва дазваляе штогод замяшчаць больш за 10,5 млн м³ прыроднага газу.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Цеплавыя электрастанцыі Беларусі Катэгорыя:Энергетыка Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Прадпрыемствы Пінска Катэгорыя:Брэстэнерга