Белару́ская каталі́цкая мі́сія візанты́йска-славя́нскага абра́ду ў А́нгліі — рэлігійная і культурна-асветніцкая арганізацыя беларускіх грэка-каталікоў у Вялікабрытаніі. З’яўляецца адным з найважнейшых цэнтраў беларускага рэлігійнага і грамадскага жыцця на эміграцыі.
Гісторыя Перадумовы і заснаванне Паводле ўліковых даных Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі (ЗБВБ), каля 15 % яго членаў складалі каталікі, многія з якіх пражывалі ў Лондане. Сталіца Вялікабрытаніі стала цэнтрам прыцягнення для беларускіх вернікаў дзякуючы дзейнасці святара Часлава Сіповіча, які прыбыў сюды з Рыма ў красавіку 1947 года. Ён наладзіў сувязі з беларускай дыяспарай, значную частку якой складалі былыя вайскоўцы Другога Польскага корпуса. Першыя набажэнствы праводзіліся ў літоўскай царкве Святога Казіміра на Авальнай вуліцы, а пазней — у капліцы пры Бромптанскім араторыі.
Айцец Часлаў сутыкнуўся са складанасцямі і супрацівам з боку духавенства Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і часткі беларускіх праваслаўных вернікаў, якія ўспрымалі ідэю уніі як пашырэнне ўлады Ватыкана. Тым не менш, 27 кастрычніка 1947 года Усходняя кангрэгацыя Ватыкана дала афіцыйны дазвол на стварэнне місіі, якая атрымала назву «Беларуская каталіцкая місія візантыйска-славянскага абраду ў Англіі».
Паколькі ўласна беларусаў-уніятаў у Вялікабрытаніі на той час амаль не было, Часлаў Сіповіч працаваў сярод рыма-каталікоў і праваслаўных, а таксама часова апекаваўся рускіми вернікамі, што часам выклікала незадавальненне сярод беларускай праваслаўнай супольнасці.
Marian House У маі 1948 года Часлаў Сіповіч пераехаў у дом «Бельведэр» на Холдэн-авеню ў паўночным Лондане, які быў набыты літоўскімі марыянамі. Будынак атрымаў назву Marian House (Дом Марыі) і стаў сядзібай Місіі. Тут была арганізавана капліца Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Пазней, дзякуючы намаганням айца Часлава па зборы сродкаў, будынак быў выкуплены і аформлены ва ўласнасць беларускіх марыян.
З часам Marian House стаў цэнтрам беларускага грэка-каталіцкага жыцця. У 1960-я гады тут пасяліліся іншыя беларускія святары: Аляксандр Надсан, Янка Садоўскі, Станіслаў Баговіч, Язэп Германовіч, Тамаш Падзява, Фелікс Журня. Доўгі час тут жылі таксама Леў Гарошка і Роберт Тамушанскі.
Душпастырская дзейнасць Асноўным кірункам дзейнасці Місіі была душпастырская праца. Часлаў Сіповіч рэгулярна наведваў розныя рэгіёны Вялікабрытаніі, служачы ў лагерах для ўкраінцаў і беларусаў. У 1959 годзе, пасля вяртання з Рыма, айцец Аляксандр Надсан узяў на сябе апеку над вернікамі ў Цэнтральнай і Паўночнай Англіі.
Важнай падзеяй стала асвячэнне 2 жніўня 1953 года іконы Святых Заступнікаў беларускага народа ў капліцы Місіі. Ікона была напісана на сродкі маёра Андрэя Багамольца і ўключала выявы Ісуса Хрыста, Багародзіцы, Яна Хрысціцеля, а таксама беларускіх святых: Святога Язафата, Святога Казіміра, Святой Ефрасінні, Святога Аўрамія Смаленскага і Святога Кірылы Тураўскага. У 1988 годзе даследчык Гай Пікарда падараваў капліцы Ікону Маці Божай Тысячагоддзя, выкананую ў стылі беларускіх гравюр XVII стагоддзя.
Місія актыўна папулярызавала ўсходняе хрысціянства сярод брытанцаў. Беларускія святары служылі літургіі ў Кембрыджы, Оксфардзе, у розных каталіцкіх і англіканскіх храмах, удзельнічалі ў Тыднях малітваў за царкоўнае адзінства. У маі 1970 года капліцу Місіі наведаў кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы кардынал Іосіф Сляпы.
З 1949 па 2006 год у Місіі было ахрышчана 42 чалавекі, а з 1954 па 2007 год зарэгістравана 17 шлюбаў. Сярод вернікаў былі як беларусы, так і брытанцы, якія цікавіліся ўсходнім абрадам.
Асветніцкая і грамадская дзейнасць Місія стала ініцыятарам стварэння шэрагу арганізацый для беларускай інтэлігенцыі. 1 лістапада 1947 года ў Лондане было заснавана Беларускае хрысціянскае акадэмічнае аб’яднанне «Жыцьцё», якое ставіла на мэце гуртаванне беларускіх студэнтаў і асоб з вышэйшай адукацыяй на грунце хрысціянскай ідэалогіі. Старшынёй арганізацыі стаў Часлаў Сіповіч. Аб’яднанне ладзіла дыскусійныя вечары, лекцыі па філасофіі і сацыяльных праблемах, супрацоўнічала з міжнароднымі студэнцкімі рухамі.
У 1949 годзе дзейнасць «Жыцьця» трансфармавалася ў Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь», створанак ў Лювене (Бельгія). Лонданскі аддзел «Руні» быў найбольш актыўным: тут рэгулярна праходзілі сустрэчы, чыталіся даклады, выдаваўся інфармацыйны бюлетэнь. У Marian House неаднаразова (у 1952, 1953 і 1955 гадах) праходзілі Тыдні студый беларускіх каталіцкіх інтэлектуалаў.
У 1960 годзе ў Рыме адбыўся першы з’езд беларускіх каталіцкіх святароў, вынікам якога стала стварэнне школы-інтэрната імя Святога Кірылы Тураўскага ў Лондане. Для школы быў набыты асобны будынак побач з Marian House. У 1971 годзе была заснавана Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны, для якой таксама быў набыты асобны дом. Такім чынам, у паўночным Фінчлі сфарміраваўся беларускі рэлігійна-грамадскі цэнтр.
Святары Місіі актыўна ўдзельнічалі ў працы Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі і Англа-беларускага таварыства, выступалі з лекцыямі, прадстаўлялі беларускую супольнасць на міжнародных рэлігійных і грамадскіх мерапрыемствах.
Выдавецкая дзейнасць Выдавецкая справа была важным напрамкам працы Місіі. Адным з галоўных праектаў стаў часопіс «Божым Шляхам», заснаваны айцом Львом Гарошкам у Парыжы ў 1947 годзе. У 1964 годзе выданне часопіса было адноўлена ў Лондане пад рэдакцыяй айца Язэпа Германовіча. Часопіс публікаваў матэрыялы па рэлігійнай і нацыянальнай гісторыі, хроніку жыцця дыяспары, мастацкія творы. Выхад «Божым Шляхам» працягваўся да 1980 года.
З 1983 года па ініцыятыве айца Аляксандра Надсана пачаў выходзіць «Веснік Беларускага Каталіцкага Душпастырства», які выконваў ролю сувязвльнога звяна паміж беларускімі вернікамі ў розных краінах. У 1999—2001 гадах студэнты, якія гуртаваліся вакол Місіі, выдавалі бюлетэнь «Наша Місія».
У 1980-я гады пачалася актыўная праца па выданні літургічных тэкстаў у перакладзе на беларускую мову, зробленым айцом Аляксандрам Надсанам. Былі выдадзены «Літургікон», малітоўнік «Госпаду памолімся» (2002) і іншыя тэксты, якія пазней пачалі выкарыстоўвацца ў адроджанай грэка-каталіцкай царкве ў Беларусі. Таксама Місія выдавала працы па гісторыі і літаратуры аўтарства святароў і свецкіх дзеячаў.
Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі У 1989 годзе пры Місіі быў створаны Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі (Byelorussian Radiation Relief Appeal) пад кіраўніцтвам айца Аляксандра Надсана. Асноўнай мэтай камітэта стаў збор сродкаў і арганізацыя дапамогі пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы. Камітэт закупляў і адпраўляў у Беларусь лекі, вітаміны, медыцынскае абсталяванне, у тым ліку апарат УГД, набыты ў 1990 годзе па замове беларускіх лекараў. Айцец Аляксандар асабіста суправаджаў гуманітарныя грузы.
Важным напрамкам стала арганізацыя аздараўлення беларускіх дзяцей у Вялікабрытаніі. З 1991 года сотні дзяцей з пацярпелых раёнаў прыязджалі на адпачынак у брытанскія сем’і. Партнёрам Камітэта ў Беларусі стаў фонд «Сакавік». Дзейнасць Камітэта спрыяла прыцягненню ўвагі брытанскага грамадства да праблем Чарнобыля і Беларусі.
Сучасны стан У 1980-я гады, пасля смерці большасці святароў старэйшага пакалення, асноўны цяжар працы ў Місіі лег на плечы айца Аляксандра Надсана. Нягледзячы на кадравыя праблемы, дзейнасць арганізацыі працягвалася. У 1990-я гады Місія стала цэнтрам прыцягнення для новай хвалі беларускай эміграцыі і студэнтаў, якія прыязджалі на вучобу.
14 мая 2006 года ў Лондане быў пасвечаны ў дыяканы, а пазней у святары Сяргей Стасевіч, выпускнік Грэчаскай калегіі ў Рыме, які паступова пераняў кіраўніцтва Місіяй, забяспечваючы пераемнасць традыцыі.
Кіраўнікі Часлаў Сіповіч (1947—1981) — біскуп, Апостальскі візітатар. Аляксандр Надсан (1981—2015) — Апостальскі візітатар. Сяргей Стасевіч (з 2015).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Беларуская грэка-каталіцкая царква Катэгорыя:Беларусы ў Вялікабрытаніі Катэгорыя:Рэлігійныя арганізацыі, заснаваныя ў 1947 годзе Катэгорыя:Каталіцтва ў Вялікабрытаніі Катэгорыя:Лондан