Давід Лісоўскі або Алег Давід Лісоўскі, сапраўднае імя Алег Ігаравіч Лісоўскі () — беларускі краязнавец, калекцыянер, пісьменнік і перакладчык.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Магілёве. Вучыўся ў ліцэі № 3, скончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве.

У 2007 годзе з’ехаў з Беларусі. Разглядаў пераезд у Ізраіль, аднак урэшце апынуўся ў Германіі. Працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Станам на 2019 год, супрацоўнік тэхнічнай падтрымкі ў кампаніі «Onesto GmbH» у Аўсбургу.

Жыве ў Баварыі.

Жанаты, мае трох дзяцей .

Дзейнасць З дзяцінства цікавіўся гісторыяй і археалогіяй. Са школьных гадоў займаўся сістэматычным зборам візуальных матэрыялаў. Сабраў найвялікшую прыватную калекцыю гістарычных фотаздымкаў Магілёва. Станам на 2019 год, калекцыя налічвала каля 900 арыгінальных здымкаў і 2100 копій. Папаўняе фонд праз інтэрнэт-аўкцыёны і анлайн-крамы, на што за 2009—2019 гады выдаткаваў больш за 10 000 еўра . Сабраны Давідам Лісоўскім візуальны матэрыял стаў асновай для фотаальбома-даследавання Аляксея Бацюкова «Магілёўскае цунамі» (2024) пра паводку на Дубравенцы ў красавіку 1942 года.

Вядзе некалькі анлайн-праектаў, прысвечаных гісторыі Магілёва і Беларусі.

Творчасць Літаратурную дзейнасць пачаў са сцэнарыя камп’ютарнай гульні, пазней перапрацаваў яго ў гісторыка-прыгодніцкі раман, які ў 2019 годзе выданы пад назвай «Кніга». Выданне ілюстравана мастаком Ігарам Адамовічам. Сюжэт ахоплівае тры перыяды гісторыі Магілёва — вайну 1654—1667 гадоў, час першага падзелу Рэчы Паспалітай і падзеі Першай сусветнай вайны .

У творчасці Давід Лісоўскі арыентуецца на стылістыку Уладзіміра Караткевіча і Стывена Кінга.

Таксама перакладае на беларускую гістарычныя тэксты з нямецкай, польскай, іўрыту і ідыша. Пераклаў мемуары салдата вермахта Губерта Грывела пра палон у Магілёве падчас Другой сусветнай вайны. Пераклаў з ідыша фрагменты кнігі Іты Елінай «Дні майго дзяцінства».

Прызнанне Раман «Кніга» ў 2020 годзе трапіў у лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройця. Лаўрэат прэміі «Дэбют» у 2021 годзе з раманам «Кніга» ў намінацыі «Проза».

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Калекцыянеры Беларусі Катэгорыя:Калекцыянеры Германіі