Аляксандр Віктаравіч Казела () — беларускі акцёр тэатра і кіно, удзельнік незалежнага тэатральнага аб’яднання «Купалаўцы».

Біяграфія Нарадзіўся 7 жніўня 1984 года ў Мінску. У 2003 годзе скончыў гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі, атрымаў спецыяльнасць «Харавое дырыжыраванне». У 2007 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «Акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно» (курс Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Л. А. Манаковай).

У 2007 годзе прыняты ў трупу Купалаўскага тэатра. Супрацоўнічаў з Тэатрам сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I», Сучасным мастацкім тэатрам, кабарэ-бэндам «Серебряная свадьба». Станам на жнівень 2020 года (101-ы сезон) быў адным з асноўных удзельнікаў трупы, задзейнічаны ў значнай частцы бягучага рэпертуару. У жніўні 2020 года звольніўся з Купалаўскага тэатра разам з большасцю калектыву ў знак пратэсту. Стаў удзельнікам незалежнай трупы «Купалаўцы».

З 2021 года працягвае прафесійную дзейнасць у эміграцыі — Украіне, затым Польшчы.

Творчасць Станам на жнівень 2020 года ў бягучым рэпертуары Купалаўскага тэатра іграў ролі: Пісулькін («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча); Дзяк («» М. Гогаля); Кабарэцяж («Местачковае кабарэ»); Асэсар («Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча); Канстанцін Гаўрылавіч Трэплеў («» А. Чэхава); Выканаўца песень «Лені Рыфеншталь», «Песенка пра вясёлую вайну ў паветры», «Стары ў Заходнім Бронксе» («Вельтмайстар акардэон» М. Мермана); Пан, Рускі салдат, Чырвонаармеец («Дзве душы» М. Гарэцкага); Серж («» Я. Рэза); П’ер Серыньі («Школа падаткаплацельшчыкаў» і ); Іван Аляксандравіч Хлестакоў («Рэвізор» М. Гогаля); Абярон («Сон у купальскую ноч» У. Шэкспіра); Сід Армфілд («Вешальнікі» М. Мак-Донаха); Белая Сарока («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» паводле Я. Баршчэўскага).

Быў вядомы гледачам як гнуткі, пластычны і абаяльны акцёр. Паводле ацэнкі Дзяніса Марціновіча, у гэты перыяд Казелу часта выкарыстоўвалі ў амплуа акцёра-функцыі, для ажыўлення пастановак. Прыкладам такой працы была роля Арлекіна ў спектаклі «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл», дзе акцёр імкнуўся ажывіць спектакль-музей, трымаючы ў руках усе ніткі пастаноўкі.

У складзе трупы «Купалаўцы» прымаў удзел у пастаноўках: «Камедыя Юдзіфі» — роля канферансье; «Сфагнум» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) — роля Серага; «Гусі-людзі-лебедзі» (рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) — роля Маўчуна; «Ваўкі» (рэжысёр Павел Пасіні, 2025 год) — паводле аповесці Евы Вежнавец; Монаспектакль Аляксандра Казелы (рэжысёр Павел Пасіні, 2025 год).

Як адзначае Дзяніс Марціновіч, менавіта ў эміграцыі адбылося найбольш поўнае раскрыццё творчага патэнцыялу акцёра і яго пераход да глыбокіх драматычных вобразаў. Своеасаблівым прарывам стала роля Серага ў бандыцкай камедыі «Сфагнум», якую крытык характарызуе як працу найвышэйшага пілатажу. Ролю 16-гадовага падлетка Маўчуна ў спектаклі «Гусі-людзі-лебедзі» (2022) крытык называе «сапраўдным цудам», 41-гадовы акцёр стварыў абсалютна пераканаўчы вобраз юнака.

У 2025 годзе на тэатральным форуме «Bliski Wschód» у Любліне Казела прадставіў уласны монаспектакль (рэжысёр Павел Пасіні), што стала новым этапам яго творчай самастойнасці.

Прызнанне Пераможца ў намінацыі «Найлепшы акцёрскі дуэт» (разам з Валянцінай Гарцуевай, спектакль «Не мой» паводле Алеся Адамовіча) на ХІ Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель, 2011 год).

Крыніцы