Лан (ад , — лен, мерніцкі шнур) — у сярэдневяковай Еўропе поўны сялянскі надзел, абкладзены павіннасцямі; зямельная мера.
У розных краінах выкарыстоўваліся нацыянальныя назвы лана: манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.
Пры вызначэнні лана ўлічвалі якасць глебы, сістэму земляробства, прылады працы, характар угоддзяў, а таксама тып уласнасці на зямлю. Складаныя часткі лана вымяраліся геаметрычнымі мерамі (бонар, акр, стаянне, прут, шнур, верв) або агратэхнічнымі мерамі (морг, шэфельсат, загон, гоня, карэц, бочка, гарнец).
У Польшчы і Рэчы Паспалітай У Польшчы лан вядомы з XIII стагоддзя, калі пашырылася ўнутранае асваенне зямель, заснаванне паселішчаў паводле нямецкага (магдэбургскага) права і ўвядзенне чыншу ў вёсках. Спачатку лан адпавядаў пэўнай плошчы пасеву збожжа або колькасці зямлі, апрацаванай запрэжкай за дзень.
Першыя віды геаметрычнага вызначэння лана (франконскі, тэўтонскі) датуюцца XIV стагоддзем і залежалі ад даўжыні вымяральных прылад — локця, ляскі (прута, палкі), шнура. Старапольскі (каралеўскі) лан вядомы з XVI стагоддзя і складаўся з 24 стаянняў (каля 48 га).
Тэўтонскі лан вымяраўся 15-локцевай палкай, меў памеры 180 × 4050 локцяў і падзяляўся на 18 стаянняў. У Малой Польшчы яго вымяралі локцем у 58,6 см, і плошча лана складала каля 25 га. Франконскія ланы вымяралі палкай у 14,75 локця: малы франконскі меў памеры каля 23 га, вялікі франконскі — каля 29 га.
Холмскі лан (холмская валока) з’явіўся на мяжы XIV—XV стагоддзяў: пры шырыні ў 1 шнур (37,5 локця) меў 1 мілю (13 500 локцяў) даўжыні. Пазней ён выкарыстоўваўся ў Каралеўскай Прусіі і Мазовіі і складаўся з 30 моргаў, памераных прутом у 7,5 локця даўжыні (1 морг — 10 × 30 прутоў); пры гэтым локаць меў даўжыню 56,7 см, а плошча лана была 16,8 га.
У XVI стагоддзі падчас валочнай памеры ў ВКЛ пашырэнне атрымала валока, якая генетычна паходзіла ад рыжскага лана, вядомага з XIII стагоддзя (30 моргаў па 400 квадратных прутоў кожны), а таксама ад холмскага лана.
У XVI—XVII стагоддзях у Рэчы Паспалітай у сувязі з новай арганізацыяй абкладання павіннасцямі дзяржаўных зямель узніклі ланы:
рэвізорскі (роўны 3 холмскім), выбранецкі (пры стварэнні каралём Стафанам Баторыем выбранецкай, або ланавай, пяхоты), гібернавы (роўны 1,5 тэўтонскага; выкарыстоўваўся пры вызначэнні гіберны — дзяржаўнага падатку пры раскватараванні войск у каралеўшчынах), польскі (з 12 стаянняў, каля 12 га), сялянскі (кмецкі; з 288 загонаў, каля 6 га; выкарыстоўваўся пры вызначэнні павіннасцей).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай лан выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у тым ліку дзесяцінай у Расійскай імперыі.
Крыніцы
Літаратура
Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.
Катэгорыя:Гістарычныя адзінкі вымярэння Катэгорыя:Адзінкі вымярэння плошчы Катэгорыя:Гісторыя сельскай гаспадаркі