Яўген Сяргеевіч Вільскі (нар. , Полацк) — беларускі палітык і грамадскі актывіст. Выканаўца абавязкаў старшыні партыі «Народная Грамада» у эміграцыі. Былы член кампаніі «Гавары праўду».

У ліпені 2024 года завочна асуджаны ў Беларусі на 12 гадоў пазбаўлення волі.

Біяграфія Нарадзіўся года ў Полацку. З’яўляецца ветэранам вайны ў Афганістане. У палітыцы з 2010-х гадоў.

У 2013 годзе быў актывістам «Полацкай кааліцыі дэмакратычных сіл» і кампаніі «Гавары праўду», затрымліваўся міліцыяй. На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года з’яўляўся даверанай асобай кандыдата Таццяны Караткевіч.

Пазней далучыўся да партыі «Народная Грамада», якой кіраваў Мікалай Статкевіч. У 2020 годзе быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Віцебскай вобласці. Перад выбарамі быў затрыманы і адбываў арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Наваполацку.

У кастрычніку 2025 года старонка Вільскага ў Facebook была прызнана ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Крымінальны пераслед У 2024 годзе стаў фігурантам крымінальнай справы ў рамках «спецыяльнай вытворчасці». З 25 чэрвеня па 8 ліпеня 2024 года ў Брэсцкім абласным судзе праходзіў завочны працэс над Яўгенам Вільскім, а таксама Вадзімам Дзмітранком, Вольгай Карач, Анатолем Котавым і Веранікай Цапкала. Справу разглядаў суддзя Андрэй Лешчанка.

Яўгену Вільскаму былі прад'яўленыя абвінавачванні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

8 ліпеня 2024 года суд прызнаў Вільскага вінаватым і завочна прыгаварыў яго да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама прызначыў штраф у памеры 12 000 базавых велічынь (480 000 рублёў).

25 кастрычніка 2024 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пад старшынствам суддзі Эдгара Марцірасяна разгледзеў апеляцыю ў закрытым рэжыме і пакінуў прысуд без змен.

1 лістапада 2024 года Яўген Вільскі быў унесены ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У кастрычніку 2025 года стала вядома, што трохпакаёвая кватэра Вільскага ў дзесяціпавярховым доме ў Наваполацку, дзе зарэгістравана трое чалавек, была выстаўлена на аўкцыён са стартавай цаной 141 710 рублёў.

Дзейнасць у эміграцыі Пасля выезду з Беларусі ўзначаліў партыю «Народная Грамада» ў якасці выканаўцы абавязкаў старшыні з-за зняволення Мікалая Статкевіча.

У ліпені 2022 года ўвайшоў у склад «Нацыянальнага савета», створанага на Форуме дэмакратычных сіл у Берліне па ініцыятыве Валерыя Цапкалы, Вольгі Карач і Дзмітрыя Балкунца як альтэрнатывы Офісу Святланы Ціханоўскай.

У 2024 годзе ўдзельнічаў у выбарах у Каардынацыйную раду ў складзе спісу «Салідарнасць» (аб’яднанне «Народнай Грамады» і часткі БХД пад кіраўніцтвам Георгія Дзмітрука). Спіс набраў 1,55 % галасоў і заняў перадапошняе месца.

У лістападзе 2025 года стаў адным з ініцыятараў стварэння «Беларускай нацыянальнай кааліцыі» разам з Георгіем Дзмітруком і Віталём Савюком («Краіна для жыцця»). Кааліцыя пазіцыянуе сябе як апазіцыя Святлане Ціханоўскай.

Скандалы і канфлікты У студзені 2025 года ў тэлеграм-канале «Народнай Грамады» з’явілася заява аб непрызнанні Святланы Ціханоўскай нацыянальным лідарам. Пазней заява была выдалена, а прэс-служба партыі назвала яе «танным укідам». Вільскі заявіў, што разглядае магчымасць звароту ў паліцыю з-за распаўсюджвання гэтай інфармацыі журналістамі.

У маі 2024 года стала вядома, што сябры «Народнай Грамады» Павел Бялюцін і Вольга Цішкевіч пісалі даносы ў КДБ на іншых апазіцыянераў. Вільскі заявіў, што сяброўства гэтых асоб у партыі прыпыненае. Пазней, у студзені 2026 года, яшчэ адзін член рэвізійнай камісіі партыі, Анатоль Вайцяхоўскі, таемна вярнуўся ў Беларусь і пачаў супрацоўнічаць з прапагандай. Былы палітвязень Сяргей Спарыш абвінаваціў Вільскага ў тым, што менавіта ён уключыў Вайцяхоўскага ў кіраўніцтва партыі, нягледзячы на папярэджанні.

11 верасня 2025 года Вільскі прысутнічаў на беларуска-літоўскай мяжы падчас абмену палітвязняў і меў кароткую размову з Мікалаем Статкевічам, які адмовіўся пакідаць краіну. Па словах Вільскага, ён спрабаваў угаварыць Статкевіча выехаць, але той застаўся непахісным.

У лістападзе 2025 года Сяргей Спарыш, які быў вызвалены і дэпартаваны ў Літву, абвінаваціў Вільскага ва ўзурпацыі ўлады ў партыі і спробах шантажу з выкарыстаннем турэмных паняццяў пра «нізкі сацыяльны статус».

Крыніцы

Спасылкі Старонка Яўгена Вільскага на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна» Старонка Яўгена Вільскага на сайце Dissidentby

Катэгорыя:Нарадзіліся 9 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1962 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Полацку Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Катэгорыя:Эмігранты з Беларусі Катэгорыя:Асуджаныя завочна ў Беларусі