Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці і Сцвігі — лакальная традыцыя народнага песеннага выканальніцтва, якая бытуе ў аграгарадку Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. З’яўляецца часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна Цэнтральнага Беларускага Палесся. Вылучаецца жанравай разнастайнасцю, архаічнымі вакальнымі прыёмамі і ўстойлівай сувяззю з традыцыйным укладам жыцця.

Традыцыя рэпрэзентуецца песенным фальклорам аграгарадка Рычоў і найбольш поўна прадстаўлена ў дзейнасці народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычаўскага цэнтра традыцыйнай культуры.

Паходжанне і гісторыя Фарміраванне песеннай сістэмы рэгіёна, на думку даследчыкаў, адносіцца да перыяду не пазней за XVI стагоддзе, калі склаліся асноўныя жанры каляндарна-абрадавага і сямейна-абрадавага цыклаў. Яны захоўваюць архаічныя функцыі (аграрна-магічную, прадуцыравальную) дзякуючы бытаванню ў мясцовым асяроддзі такіх традыцыйных свят, як Шчодры вечар (Стары Новы год), Юр’я і іншыя. У сучасных вясельных абрадах выкарыстоўваюцца старажытныя элементы: каравай, развітанне з родным домам, сустрэча маладых. Пазаабрадавая лірыка выконваецца ў вольны час, падчас застолляў, на прызбах.

Новы этап у гісторыі спеўнай традыцыі пачынаецца ў 1950-х гадах, калі пры мясцовай установе культуры (цяпер — Рычаўскі цэнтр традыцыйнай культуры) быў створаны фальклорны ансамбль «Дубравіца». Гэта спрыяла развіццю канцэртнай формы выканання побач з аўтэнтычнай.

Заснавальнікам і шматгадовым кіраўніком ансамбля быў Васіль Пятровіч Лукашэвіч, настаўнік мясцовай сярэдняй школы. З 1999 года ансамблем кіруе Ганна Мікалаеўна Бурак. У 1989 годзе калектыў удзельнічаў у запісах на рэспубліканскім радыё, у 1991 — у здымках праграмы абласнога тэлебачання «Крыніцы», у 1998, 2004 і 2012 гадах — у здымках рэспубліканскага тэлебачання. У 2005 годзе ансамблю было прысвоена званне «народны непрафесійны (аматарскі) калектыў».

Як расказвае Ганна Мікалаеўна Бурак: «Это было где-то семдзесят восьмы год. Мы насабіралі былі дваццаць восем чалавек, у нас было, можа, дзевяць ілі адзінаццаць адных мужчын. У два рады на сцені. …Трэба ж по хозяйству: дзве каровы, чэцверо свіней, целята, усе дзело поробіць, чалавека ўгаварыць. А калі не уговорыш, і пад плотам будзеш бегаць ноч, у хату не пусціць. Но абходзім усе сяло, з каждае хаты вырываем. Не то ж: еслі мужчына — жонка не пускае, еслі жонку — чалавек не пускае. Трэба ўгаварыць, трэба выплакаць, трэба выпрасіць, і з каждае хаты выцягалі людзей, і прыходзілі сюды к дзесяці вечара, і рэпеціцыя да двух часоў ночы. І сабіралі, вот тады мы сабралі этот калекціў і пашло, і пашло, і паехало. І папрывыкалі мае людзі, і пахварэлі этой хваробаю, і цяпер усе ото».

Жанравая структура Мясцовая песенная культура вылучаецца шырокім жанравым разнастайнасцю:

Каляндарна-земляробчы цыкл: калядныя, веснавыя (вяснянкі), юр’еўскія і іншыя песні. Сямейна-абрадавы цыкл: найбольш поўна прадстаўлены вясельны абрад, які ўключае шматлікія велічальныя, карыльныя і каравайныя песні. Пазаабрадавыя (лірычныя) песні: складаюць значны пласт рэпертуару.

Музычна-стылявыя асаблівасці Спеўны стыль міжрэчча Прыпяці і Сцвігі развіваўся ў арганічным асяроддзі. Выкананне песень на адкрытай прасторы (вуліца, поле), падчас шумных святаў (вяселле) абумовіла характэрную гучную манеру спеву «адкрытым гукам».

У традыцыі прадстаўлены як сольныя, так і сумесныя формы спеваў. Сярод сумесных вылучаюцца два асноўныя тыпы:

Унісонна-гетэрафонныя спевы: аднагалосная па сваёй аснове манера, уласцівая каляндарна-абрадавым і вясельным песням. Вылучаюцца формульнасцю напеваў, вузкім гукавым дыяпазонам, наяўнасцю рэфрэнаў. Спевы з падводкай (падгалоскамі): шматгалосная па сваёй аснове манера, уласцівая пераважна пазаабрадавым песням. Мяркуе развітую структуру з асноўным напевам і яго варыянтамі-падгалоскамі.

Адметнай рысай стылю з’яўляецца таксама сумеснае выкананне песень жанчынамі і мужчынамі, што з’яўляецца рэдкасцю для многіх рэгіёнаў.

Матэрыяльныя аб’екты, звязаныя з элементам Сцэнічныя касцюмы ўдзельнікаў ансамбля «Дубравіца» адносяцца да турава-мазырскага народнага строю.

Жаночы (дзявочы) касцюм: спадніца (з чорнага саціну або штапелю, крыху ніжэй калена, з стужкамі і карункамі, у буйную складку), блузка (белая, з вышыўкай гладдзю), фартух (з белай тканіны з вышыўкай і фальбонкай), кабат (безрукаўка да пояса на гузіках), хустка (у замужніх жанчын завязваецца пад падбародкам, у дзяўчат — ззаду пад заплеценай касой), боты. Мужчынскі касцюм: белая вышываная кашуля, чорныя штаны, тканы пояс, чорныя боты.

Сучаснае бытаванне і актуальнасць Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча ўяўляе цікавасць для розных груп спажыўцоў музычнай культуры. Канцэрты ансамбля «Дубравіца» выклікаюць шырокую цікавасць у публікі. Матэрыялы, звязаныя з элементам, выкарыстоўваюцца:

У вучэбных праграмах мясцовых і профільных сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў для развіцця нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў і далучэння іх да рэгіянальнай культуры. У навуковых даследаваннях па этнамузыкалогіі і фалькларыстыцы. Сучаснымі постфальклорнымі выканаўцамі і кампазітарамі як узор самабытнай народнай творчасці.

Традыцыя перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях з пакалення ў пакаленне, а таксама праз клубную сістэму і работу з дзецьмі і моладдзю (навучанне традыцыйным спевам, танцам, абрадавай практыцы).

Крыніцы

Катэгорыя:Культура Жыткавіцкага раёна Катэгорыя:Рычоў