Аляксей Міхайлавіч Саладухін (нар. Віцебск) — беларускі музыказнаўца, выкладчык. Дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа ў 1998—2021 гадах.

Біяграфія Нарадзіўся ў Віцебску. Музыкай зацікавіўся з дзяцінства, на што паўплывала маці-музыкант. Скончыў музычную школу, а затым тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Віцебскага музычнага вучылішча. Пасля паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якую скончыў па спецыяльнасці «музыказнаўца, выкладчык, музычны крытык». Пазней навучаўся ў аспірантуры. Як музыказнаўца з’яўляецца аўтарам больш за 100 музычна-крытычных і навуковых артыкулаў, даследуе музычную культуру Беларусі XVI стагоддзя.

У 1987 годзе пераехаў у Гродна і пачаў працаваць выкладчыкам музычнай літаратуры ў Гродзенскім музычным вучылішчы. На працягу двух гадоў узначальваў Гродзенскую капэлу. У 1998 годзе быў прызначаны дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага музычнага вучылішча, з 2008 года — каледжа. За час яго кіраўніцтва каледж пераехаў у новы будынак, быў пабудаваны інтэрнат, а канцэртная зала стала адной з лепшых у горадзе.

Звальненне У пачатку лютага 2021 года Аляксей Саладухін быў звольнены з пасады дырэктара Гродзенскага музычнага каледжа па пагадненні бакоў. Звальненне адбылося праз паўгода пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падчас якіх ён узначальваў участковую выбарчую камісію № 37, што размяшчалася ў будынку каледжа. На гэтым участку, паводле афіцыйнага пратакола, перамогу атрымала Святлана Ціханоўская. Пасля выбараў на будынку каледжа з'явіўся плакат з надпісам «Тут палічылі сумленна».

Калегі і студэнты звязвалі звальненне менавіта з прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй дырэктара. Паводле ананімных крыніц, ён не фальсіфікаваў вынікі выбараў і адмаўляўся звальняць студэнтаў і выкладчыкаў за ўдзел у пратэстах. Пасля звальнення быў пазбаўлены права працаваць па спецыяльнасці. Сам Аляксей Саладухін пацвердзіў факт звальнення, але ад каментароў адмовіўся.

Узнагароды У 2013 годзе быў удастоены прэміі Гродзенскага аблвыканкама «Чалавек года Гродзеншчыны».

Сям'я Жанаты з Ларысай Саладухінай, выкладчыцай па класе скрыпкі, якая працуе ў Гродзенскай гарадской гімназіі і грае ў Гродзенскай капэле.

Мае дзвюх дачок, абедзве — прафесійныя скрыпачкі. Старэйшая дачка Любоў — выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, лаўрэатка шматлікіх міжнародных конкурсаў і тройчы стыпендыятка Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Малодшая дачка Надзея — таксама лаўрэатка міжнародных конкурсаў і двойчы стыпендыятка прэзідэнцкага фонду.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Віцебску Катэгорыя:Музыказнаўцы Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Катэгорыя:Выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі