Юлія Паўлаўна Латушкова () — беларуская гісторык, спецыялістка ў галіне нумізматыкі і баністыкі.

Біяграфія Нарадзілася 9 лютага 1977 года ў Мінску. У 1998 годзе з адзнакай скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1998—1999 гадах навучалася ў магістратуры БДУ па спецыяльнасці «музейная справа і ахова помнікаў гісторыі і культуры», атрымала вучоную ступень магістра гуманітарных навук.

У 1999—2005 гадах працавала лабарантам на кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты час актыўна ўдзельнічала ў археалагічных экспедыцыях, а таксама займалася палявой і камеральнай апрацоўкай калекцый.

У 2003—2011 гадах працавала ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, ад малодшай навуковай супрацоўніцы аддзела рэчавых помнікаў да вядучай навуковай супрацоўніцы навукова-фондавай лабараторыі археалогіі, нумізматыкі і зброі.

З 21 чэрвеня 2011 года працавала ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі малодшай навуковай супрацоўніцай сектара геральдыкі і нумізматыкі, у 2014 — малодшая навуковая супрацоўніца ў аддзеле спецыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай работы , з 11 студзеня 2015 да 9 верасня 2019 — навуковая супрацоўніца аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі ІГ НАНБ. У верасні 2019 года ўдзельнічала ў VIII-м Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Вільні.

Станам на 2023—2025 гады, старшая выкладчыца кафедры археалогіі гістарычнага факультэта БДУ.

Са жніўня 2025 года жыве ў Варшаве.

Грамадская дзейнасць Папулярызуе навуковыя веды ў сродках масавай інфармацыі. Выступала як эксперт у перадачах Міжнароднага радыё «Беларусь» і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў межах праектаў «Карані», «Беларускі альбом», «Беларускія старонкі» і «Артадоксія». Удзельнічае ў медыйных праектах як спецыялістка па гісторыі грошай і іх абароту ў Беларусі на пачатку XX стагоддзя.

У 2021 годзе была адной з аўтараў серыі ілюстраваных картак па прыродных аб’ектах рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Днепра-Сожскі», прысвечаных пойменным лугам, паромным пераправам, дзюнам і пойменным дубровам. Удзельнічала ў праекце па развіцці трансгранічнага адукацыйнага турызму паміж Польшчай і Беларуссю.

Дзейнасць Навуковыя інтарэсы ўключаюць баністыку Беларусі, гісторыю грашовага абарачэння ў 1914—1924 гадах, фінансы Беларусі ў перыяд сацыяльных крызісаў і гісторыю крэдытных устаноў. За час навуковай працы прайшла шэраг стажыровак, у тым ліку ў Інстытуце археалогіі РАН у Маскве (2001), Готландскім універсітэце ў Швецыі (2005) і ў аддзеле нумізматыкі Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу (2006).

Суаўтарка калектыўнай манаграфіі «Банкаўская справа Беларусі. Гісторыя» (2017, 2018). У прыватнасці ж даследавала пытанні арганізацыі Хрысціянскага Народнага Банка ў Нясвіжы і абароту бон Гомельскага гарадскога самакіравання. Значная частка даследаванняў прысвечана эканамічнаму і фінансаваму жыццю Мінска ў 1918—1920 гадах, у тым ліку ўзаемадзеянню мясцовай і ваеннай адміністрацыі па маёмасных пытаннях падчас нямецкай акупацыі. Займалася вывучэннем паўсядзённых фінансаў гараджан праз аналіз дзённікаў і прыходна-расходных кніг мінскага рабочага Іосіфа Голубева, асвятляла ўплыў грашовых рэформ на бюджэт асобнай сям’і.

У межах выкладчыцкай дзейнасці на гістарычным факультэце БДУ распрацавала і чытала агульны курс спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны «Баністыка» для студэнтаў аддзялення архівазнаўства і музеязнаўства. Таксама займаецца даследаваннем гісторыі фарміравання нумізматычнага кабінета навучальнай лабараторыі музейнай справы БДУ.

Прызнанне Падзяка кіраўніцтва Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі «За сумленную працу і адказнае стаўленне да даручанай справы» (18 мая 2005).

Выбраныя публікацыі Станам на люты 2026 года.

Кнігі і калектыўныя манаграфіі Бекцінееў Ш. І. і інш. Банкаўская справа Беларусі. Гісторыя (Частка «Выпрабаванні на трываласць»). — Мінск: Беловагрупп, 2017. — 360 с.

Артыкулы ў навуковых выданнях Латушкова Ю. П. Денежная реформа 1922—1924 гг. («реформа золотого червонца») в отражении приходно-расходной книги И. П. Голубева // «Долгий XIX век» в истории Беларуси и Восточной Европы: сб. науч. тр. — Мінск: РІВШ, 2023. — Вып. 7. — С. 23—31. Латушкова Ю. П. Нарматыўна-прававое рэгуляванне фінансаў на тэрыторыі, падпарадкаванай грамадзянскаму ўпраўленню Усходніх Зямель (па матэрыялах друкаванага выдання «Dziennik urzędowy zarządu cywilnego Ziem Wschodnich») // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2019. — Вып. 34. — С. 107—114. Латушкова Ю. П. Повседневная жизнь г. Минска в период немецкой оккупации 1918 г. // Архэ. — 2017. — С. 263—318. Латушкова Ю. П. Загадкі залатога скарбу 1990 г. са Слуцка // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. — № 7. — С. 32—37. Латушкова Ю. П. Денежное обращение в Минске в период немецкой оккупации 1918 г. // Банкаўскі веснік. — 2016. — № 1. — С. 49—54. Латушкова Ю. П. Взаимодействие местной и военной администрации г. Минска по имущественным и финансовым вопросам в период немецкой оккупации 1918 г. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. — 2014. — Вып. 12. — С. 279—288. Латушкова Ю. П. Денежное обращение and котировки валют в Минске (август 1919 — июль 1920 г.): по материалам городской прессы // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2014. — Вып. 29. — С. 170—179. Латушкова Ю. П. Нереализованный проект выпуска минских городских бон в 1918 г. // Банкаўскі веснік. — 2014. — № 3. — С. 52—55. Латушкова Ю. П. К вопросу о котировке валют в Минске в период немецкой оккупации (21 февраля — 10 декабря 1918 г.) // Наукові записки з украінськоі історіі: Збірник наукових статей. — 2013. — Вип. 33. — С. 181—187. Латушкова Ю. П. Дневники и приходно-расходная книга Иосифа Голубева: деньги рядового горожанина в экстремальных условиях (1916 — февраль 1917 гг.) // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 376—383. Латушкова Ю. П. Финансовая жизнь Минска (08.08.1919 — 11.07.1920) // Банкаўскі веснік. — 2012. — № 1. — С. 53—57. Латушкова Ю. П. Неосуществленный проект выпуска бон города Минска 1918 г.: подготовка местной эмиссии или попытка создания национальной валюты? // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. — Мінск: Беларуская навука, 2023. — С. 330—340.

Навукова-папулярныя выданні Латушкова Ю. П. Шэсць валют на адзін горад // Наша гісторыя. — 2018. — № 3. — С. 72—75.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Нумізматы Беларусі