Керсці Мерылаас (; сапраўднае імя — Керсці Санг; ) — эстонская паэтэса і перакладчыца. Заслужаны пісьменнік Эстонскай ССР (1980). Пісала вершы і прозу для дзяцей, а таксама п’есы.

Біяграфія Керсці Мерылаас (народжаная Яўгенія Моарберг) нарадзілася ў Нарве ў сям’і рабочага незадоўга да пачатку Першай сусветнай вайны. Яна правяла сваё ранняе дзяцінства ў Санкт-Пецярбургу з маці Ганнай Моарберг і сястрой. Сям’я вярнулася ў Эстонію ў 1917 годзе пасля рэвалюцыі. З 1921 па 1927 год Керсці вучылася ў школе ў сяле Кільтсі, затым працягнула сваё навучанне ў Вяйку-Маар’і і Ракверэ ў павеце Ляэнэ-Вірумаа. У 1932 годзе яна скончыла школу ў горадзе Тапа. З-за эканамічнага крызісу, яна была вымушана працаваць служанкай, нянькай і афіцыянткай. У 1935 г. уладкавалася практыканткай у Вірумааскае павятовае ўпраўленне, там яна прапрацавала адзін год.

У 1936 годзе яна выйшла замуж за эстонскага пісьменніка і перакладчыка Аўгуста Санга (1914—1969), а ў 1950 годзе ў пары нарадзіўся сын Ёэл Санг.

З 1936 года яна жыла ў Тарту, дзе працавала бібліятэкарам. У 1941 г. працавала сакратаром і справаводам прафсаюза работнікаў асветы і мастацтваў.

У 1935 годзе адбыўся літаратурны дэбют Керсці Мерылаас, калі яе верш быў апублікаваны ў часопісе «Looming». У 1937 годзе выйшаў яе першы зборнік вершаў «Maantee tuuled» («Вятры на дарозе»), які быў ухвальна сустрэты крытыкамі. Ён утрымліваў любоўную і пейзажную лірыку, а таксама асуджэнне гвалту. У 1938 годзе яна стала членам уплывовай суполкай эстонскіх паэтаў «Арбуяд». Таксама ў 1938 годзе яна далучылася да Саюза пісьменнікаў Эстоніі.

Пасля далучэння Эстоніі да СССР працы Керсці Мерылаас пачалі разглядацца савецкімі ўладамі як прапаганда «буржуазнага нацыяналізму». У 1950 годзе Мерылаас вымусілі сысці з Саюза пісьменнікаў Эстоніі. Пасля гэтага ёй было дазволена працягваць пісаць толькі кнігі для дзяцей. У 1960 годзе, пасля пачатку «хрушчоўскай адлігі», Мерылаас ізноў было дазволена пісаць дарослую літаратуру.

У 1962 годзе выйшаў зборнік яе вершаў «Берагавая ластаўка», а ў 1966 годзе — зборнік «Вясновыя пашы». Кніга абранай любоўнай лірыкі «Луннікі» выйшла ў 1969 годзе. Пасляваенная паэзія Керсці Мерылаас адрозніваецца шырынёй тым, багаццем эмоцый і разнастайнасцю формаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі Эстонскай ССР імя Юхана Смуула (1974).

Акрамя паэзіі і прозы, Керсці Мерылаас напісала лібрэта для трох опер эстонскага кампазітара Густава Эрнесакса і перавяла з нямецкага на эстонскі творы Бертольда Брэхта, Георга Крыстафа Ліхтэнберга і Іагана Вольфганга фон Гётэ.

Керсці Мерылаас памерла ў Таліне ў 1986 годзе ва ўзросце 72 гадоў.

Зноскі

Катэгорыя:Паэты Эстоніі