Дзмітрый Пятровіч Жураўскі () — расійскі статыстык, эканаміст і дэмограф.
Біяграфія З дробнай шляхты Магілёўскай губерні. Нарадзіўся ў 1810 годзе. У 1829 годзе скончыў Першы кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбургу.
У 1829—1831 гадах на ваеннай службе. У 1831—1839 гадах працаваў у Санкт-Пецярбургу пад кіраўніцтвам М. М. Спяранскага, займаўся кадыфікацыяй законаў (складаннем «Зводу ваенных пастаноў»). У 1830-х гадах пачаў супрацоўнічаць з «Энцыклапедычным лексіконам» А. А. Плюшара, дзе апублікаваў шэраг артыкулаў.
У 1840 годзе наведаў Аўстрыю і Францыю. У 1841—1842 гадах працаваў у Варшаве ў камісіі фінансаў і казначэйства Царства Польскага, займаўся фінансавымі пытаннямі.
У 1843—1844 гадах кіраваў маёнткам Л. А. Нарышкіна ў Балашоўскім павеце Саратаўскай губерні. Вывучаў побыт і стан 6,5 тысяч прыгонных сялян, напісаў на гэтым матэрыяле два неапублікаваныя даследаванні.
У 1845 годзе пераехаў у Кіеў, жыў на хутары ў Кураніўцы. З 1845 года быў вучоным сакратаром статыстычнага аддзялення Камісіі для апісання губерняў Кіеўскай навучальнай акругі пры Кіеўскім універсітэце. У Кіеве супрацоўнічаў з эканамістамі І. Вярнадскім і М. Бунге.
У 1852 годзе праз праблемы са здароўем паехаў на лячэнне ў Крым, адначасова збіраў там матэрыялы для будучых даследаванняў. У 1854 годзе вярнуўся ў Кіеў і працягнуў працу як кіраўнік статыстычнага аддзялення камісіі ўніверсітэта.
Памёр у Кіеве 23 лістапада (5 снежня) 1856 года.
Грамадская дзейнасць Жураўскі быў перакананым праціўнікам прыгоннага права. За ўласны кошт выкупіў з прыгону больш за дзесяць сем’яў дваровых людзей. Таксама завяшчаў усё сваю невялікую маёмасць на выкуп дваровых людзей і на заснаванне рамеснай школы для сялянскіх дзяцей.
Навуковая дзейнасць
Статыстычная метадалогія У 1846 годзе апублікаваў працу «Пра крыніцы і ўжыванне статыстычных звестак» («Об источниках и употреблении статистических сведений»), перавыдадзеную ў 1946 годзе. У гэтым даследаванні Жураўскі выступіў за пераход ад «дзяржавазнаўства» да сацыяльнай статыстыкі, заснаванай на групаванні звестак паводле «саслоўяў і класаў». Жураўскі крытыкаваў афіцыйную статыстыку Расіі за несапраўднасць і прапанаваў сістэму паказчыкаў для ацэнкі прадукцыйных сіл дзяржавы. Уладзімір Акуліч параўноўвае метадалогію Жураўскага з пазнейшымі працамі Уэслі Мітчэла і Саймана Кузняца. Паводле Мікалая Чарнышэўскага, Жураўскі быў «высокадаравітым вучоным», а яго працы «адным з самых каштоўных набыткаў рускай навукі» XIX стагоддзя.
Асноўнай працай Жураўскага было трохтомнае «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні» («Статистическое описание Киевской губернии»), выдадзенае ў 1852 годзе пад імем губернатара І. І. Фундуклея: I том: Прырода, народанасельніцтва, шляхі зносін. Уключае аналіз руху насельніцтва і быту розных класаў. II том: Сельская гаспадарка. Апісанне тэхнікі вытворчасці, маёнткаў і сялянскіх павіннасцей (уключаючы паншчыну). III том: Прамысловасць і гандаль. Аналіз сыравіны, абсталявання і становішча рабочых.
У 1851 годзе апублікаваў «План статыстычнага апісання губерняў Кіеўскай навучальнай акругі», які ўключаў 418 пытанняў па розных аспектах жыцця краю.
Іншыя працы «Пра прыбярэжнае насельніцтва і суднаходства па р. Дняпры на працягу Кіеўскай губерні» («О прибрежном населении и судоходстве по р. Днепру на протяжении Киевской губернии», 1846) — эканамічна-геаграфічнае даследаванне . «Пра крэдытныя здзелкі ў Кіеўскай губерні» («О кредитных сделках в Киевской губернии», 1856) — праца паклала пачатак банкаўскай статыстыцы ў Расіі , . «Статыстычны агляд выдаткаў на ваенныя патрэбы (з 1711 па 1825 г.)» («Статистическое обозрение расходов на военные потребности (с 1711 по 1825 г.)») — апублікавана пасмяротна ў 1859 годзе ў «Ваенным зборніку» пры садзейнічанні Мікалая Чарнышэўскага.
Прызнанне Член-супрацоўнік Рускага геаграфічнага таварыства з 1847 года. Прэмія Рускага геаграфічнага таварыства за «Статыстычнае апісанне Кіеўскай губерні».
Крыніцы
Катэгорыя:Эканамісты Расійскай імперыі Катэгорыя:Члены Рускага геаграфічнага таварыства да 1917 года