Белы лапатанос (Scaphirhynchus albus) — від рыб сямейства асятровых. Эндэмік рэк Місуры і Місісіпі.
Апісанне Можа вырастаць да 1,5-1,8 метра і важыць да 30-45 кг. Мае светлую, амаль белую або бледна-шэрую афарбоўку, што звязана з жыццём у мутнай вадзе, дзе пігментацыя не мае значэння.
Рыла доўгае, плоскае і шырокае, на ніжнім баку размешчаны чатыры вусікі, унутраная пара вусікаў карацейшая за вонкавую і ўнутраныя вусікі звычайна ссунуты наперад. Вусікі могуць быць злёгку махрыстымі, што дапамагае знаходзіць здабычу ў абсалютнай мутнай вадзе. Рот ніжні, высоўны, мае форму трубкі, дазваляе «ўсмоктваць» рыбу або бесхрыбетных з паверхні дна. Губы маюць дробныя сасочкі (папілы), якія таксама служаць рэцэптарамі. Шчыльныя жабры з колькасцю тычынак ад 24 да 31 дапамагаюць фільтраваць дробную здабычу і ваду з вялікай колькасцю пяску і глею.
Вочы ў белага лапатаноса вельмі маленькія, амаль недаразвітыя. Галава, асабліва ніжняя частка рыла, пакрыта тысячамі дробных электрарэцэптараў. Гэта ампулы Ларэнцыні, яны дазваляюць рыбе адчуваць слабыя электрычныя палі, якія выпрацоўваюць жывыя істоты. Дробныя прыдонныя рыбы складаюць вялікую частку рацыёну белага лапатаноса.
Верхняя частка галавы пакрыта трывалымі касцянымі пласцінамі, якія зрастаюцца ў суцэльны панцыр. Касцяныя пласцінкі на целе ўтвараюць пяць падоўжных радоў: спінны рад (з 14-18 шчыткоў), два бакавыя рады (па 40-48 шчыткоў) і два брушныя рады (па 9-13 шчыткоў). Дадатковыя шчыткі сустракаюцца пасля спіннога плаўніка (звычайна 9 штук) і пасля анальнага плаўніка (7-8 штук). Брушная вобласць голая, што робіць яго больш уразлівым, але, магчыма, палягчае манеўранасць. Хваставая нітка звычайна маецца, але можа адсутнічаць у пажылых рыб.
Асаблівасці біялогіі Пацверджана, што гэтыя рыбы могуць жыць ад 40 да 50 гадоў, а паводле некаторых ацэнак — нават да 60–100 гадоў. У прыродзе большасць асобін дасягае ўзросту 20–30 гадоў. Самцы становяцца палаваспелымі ў 5–7 гадоў, а самкі — у 15–20 гадоў.
З-за пабудовы плацін ў месцах нерасту гібрыдызуецца са звычайным лапатаносам. Пасля вылуплення лічынкі павінны праплысці ад 200 да 500 км, пакуль не знойдуць месца для кармлення. Калі на шляху сустракаецца плаціна або вадасховішча са стаячай вадой, лічынкі гінуць (асядаюць на дно і задыхаюцца ў глеі). Праграмы па штучным развядзенні прызначаны, каб выратаваць від ад вымірання.
Катэгорыя:Асятровыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1905 годзе