Жняя або жнейкажнейка / жняя // жняярка // Слоўнік паронімаў беларускай мовы — у традыцыйнай аграрнай гаспадарцы жанчына, якая займалася ўборкай збожжавых культур (жыта, пшаніцы, ячменю) з дапамогай ручнога сярпа. У даіндустрыяльную эпоху гэта быў адзін з самых цяжкіх, але ганаровых жаночых заняткаў, які патрабаваў цягавітасці і адмысловага майстэрства. Фактычна амаль кожная сялянская жанчына працаздольнага ўзросту на перыяд жніва рабілася жняёй. Жніво заўсёды было калектыўнай працай. Адзінокая жняя — адносна рэдкая з’ява; часцей за ўсё гэта была група жанчын-жнеек. У славянскай (як і ў балцкай) культуры існаваў звычай «талакі», калі суседзі збіраліся разам, каб хутка ўбраць ураджай у адной сям’і або ў панскім маёнтку. Сімвалам жняі заўсёды быў серп. У адрозненне ад мужчынскай касьбы «літоўкай» (касой), жніво сярпом дазваляла захоўваць ледзь не кожнае зярнятка і акуратна ўкладваць сцёблы ў снапы. Майстэрства жняі ацэньвалася па чысціні поля: добрая працаўніца не пакідала пасля сябе «агрэхаў» (нязрэзаных каласоў).
Пры жніве важнае значэнне надавалі першаму і апошняму зжатым снапам — «гаспадару» і «жытняй бабе», якія сімвалізавалі сабой зажынкі і дажынкі. Зажынкі, як правіла, ладзілі ў суботу: лічылі яе, згодна з народнымі вераваннямі, найлепшым днём. Зажынаць выходзіла гаспадыня з дочкамі або нявесткай. З сабой бралі кавалак хлеба, сала, соль або спецыяльна для гэтага адціснуты клінковы сыр. На Палессі зажынкі пачынала сталая, мудрая і аўтарытэтная ў вёсцы жанчына. Зажынальніцы павінны былі адпаведна апрануцца. Кісць правай рукі жняі перавязвалі жгутом саломы, што нібыта служыла абярэгам ад стомленасці і няшчасных выпадкаў і давала моц рукам. Зжатае жыта вязалі ў снапы, ставілі ў «бабкі», якія налічвалі 5—12 снапоў. Потым высушаныя ў бабках снапы складвалі ў копы, па 60 снапоў кожная.
Пры заканчэнні жніва на апошнім загоне пакідалі жменю нязжатага жыта, якое абвязвалі стужкай або саломінай. Паміж сцяблін начыста выполвалі траву, прычым палолі не голай рукой, а ахінутай рукавом ці хусцінкай. Гэты працэс называўся «завіванне» ці «палонне барады». Паралельна з гэтым абрадам «завівання барады» тры дзяўчыны спляталі дажынкавы вянок: адна выбірала палосы, імкнучыся, каб сярод іх трапілі спарышы (двайныя палосы), другая пляла вянок, а трэцяя яго падтрымлівала. Кожная жняя, дажынаючы апошні загон, адкладвала па каласку для аднаго супольнага дажынкавага снапа. Узяўшы дажынкавы сноп, усклаўшы на галаву адной з абраных дзяўчат вянок з каласоў і палявых кветак, пад звонкія гукі дажынкавых песень жнеі ішлі дахаты, у двор. Іх сустракалі каля ганка ці брамы гаспадар з гаспадыняй. Прыняўшы з рук жней дажынкавы сноп і вянок, гаспадар запрашаў работніц на дажынкавую трапезу. Сярод страў, якія гатавалі на дажынкі, былі бліны, масла, сыта і густая каша (каб налета пасевы былі такія густыя). На дажынкі выпякалі каравай. У некаторых месцах дажынкі спраўлялі двойчы — па заканчэнні жніва азімых і яравых. Духоўны змест дажынкавага святкавання складалі песні. Дажынкавы абрад звязаны з культам зямлі і ўрадлівасці, у ім паслядоўна выяўляецца працоўная аснова, услаўляецца цяжкая праца жанчыны-жняі.
Існаваў цэлы пласт архаічнай народнай культуры — жніўныя песніАрсень Ліс. Жніўныя песні. Мінск: Навука і тэхніка, 1993., якія спяваліся жнейкамі хорам, а запявалай выступала, як правіла, зажынальніца. Яны адрозніваліся ад святочных: гэта былі працяглыя, рытмічныя мелодыі, якія дапамагалі сінхранізаваць рухі сярпа і палегчыць манатонную працу пад пякучым сонцам. У тэкстах часта згадваецца цяжар працы («спіна баліць», «сонца пячэ»), але таксама апяваецца ўрадлівасць зямлі.
Вобраз у культуры
На пачатку XIX стагоддзя, з распаўсюджаннем ідэй рамантызму, архетыпічны вобраз жняі, якой людзі ўсіх сацыяльных класаў абавязаныя хлебам, з народнай культуры трапляе ў высокую, кніжную. Іх працу пачынаюць услаўляць «літвінскія» паэты-рамантыкі (пераважна на польскай мове) — Ян Чачот, Адам Міцкевіч і іншыя. У паэме Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (кніга шостая) апісваецца жніво і характэрны спеў жнеек пад цяжкую працу:
Пачаўся жнеяў спеў працяглы і маркотны, Так сумны, аднастайны, як дзень гэты слотны, І тым сумнейшы, што ў імгле без рэха гіне. Вось хруснулі сярпы у спелай азіміне, І рад касцоў сячэ атаву на лагчыне, Насвістваючы песню; а ў канцы пакосаў Спыняюцца ўсе, менцяць або клеплюць косы. Людзей не ўбачыш, толькі чуецца ў тумане Звон кос, сярпоў ды песняў стройнае гучанне.
Шырокую вядомасць у гэты перыяд атрымала карціна Канута Русецкага «Жняя» (1844). З нараджэннем новай беларускай літаратуры ў канцы XIX — на пачатку XX стагоддзяў, вобраз жняі на доўгі час робіцца ў ёй адным з цэнтральных — тым больш, што масавая механізацыя ўборачных прац, у сувязі з тэхналагічным адставаннем Расійскай імперыі і СССР ад перадавых краін, надышла толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў, а на асабістых надзелах, нават пасля калектывізацыі, яшчэ доўга працягвалі жаць сярпом. Праграмнае гучанне набыў верш Янкі Купалы «Жняя» (1911), які ў школе вучылі на памяць некалькі пакаленняў беларускіх школьнікаў:
Як сама царыца Ў залатой кароне, Йдзе яна ў вяночку Паміж спелых гоняў. З каласкоў вяночак — Моладасці сведка — На ёй зіхаціцца, Як у садзе кветкаЯнка Купала. Жняя // Беларуская Палічка.
Амаль адначасова (1912) Якуб Колас піша верш «Жніўныя песні»Якуб Колас. Жніўныя песні // Беларуская Палічка.. Сапраўдны гімн цяжкой працы жнеек пад палаючым сонцам, з рэфрэнам «а жнейкі жнуць» змяшчаецца ў ягонай паэме «Новая зямля» (раздзел XXV)Якуб Колас. Новая зямля (раздзел XXV, «Летнім часам»).. Падобныя вобразы фігуруюць у творах многіх іншых беларускіх паэтаў і празаікаў, паступова робячыся банальнымі, прапагандысцкімі штампамі, і з цягам часу іх актуальнасць і эмацыйная значнасць, асабліва са зменай тэхналагічнага ўкладу, пачала прыкметна зніжацца. Тым не менш, у гістарычнай рэтраспектыве «жніво» застаецца ў культуры ўніверсальнай метафарай збору плёну любой доўгай, сур’ёзнай, асэнсаванай працы, а вобраз жняі — адным з галоўных нацыянальных архетыпаў, і яшчэ чакае новых таленавітых творцаў, якія здолеюць яго сімвалічна пераасэнсаваць.
Галерэя
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Жаночыя заняткі Катэгорыя:Ураджай Катэгорыя:Сельская гаспадарка