Галі́на Ту́рска (дзявочае прозвішча Ябло́нская; ; — ) — польская мовазнаўца, прафесар, даследчыца гісторыі польскай мовы на Віленшчыне, а таксама польска-беларускіх і польска-літоўскіх моўных кантактаў.

Біяграфія Нарадзілася 15 кастрычніка 1901 года ў Іркуцку ў сям'і польскага інжынера-чыгуначніка Яна Рафала Яблонскага і Алены з Малахоўцаў, якія знаходзіліся ў той час у Сібіры. Пазней сям'я пераехала ў Вільню, дзе ў 1920 годзе будучая даследчыца скончыла мясцовую гімназію імя Элізы Ажэшкі і паступіла на студыі польскай і славянскай філалогіі ва Універсітэт Стэфана Баторыя. Падчас вучобы таксама актыўна цікавілася індаеўрапейскім мовазнаўствам. У 1921—1923 гадах яна працавала настаўніцай у віленскіх агульнаадукацыйных школах.

Пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплома ў 1924 годзе Галіна пачала працаваць малодшым асістэнтам на адной з мовазнаўчых кафедраў універсітэта. У 1927 годзе выйшла замуж за хіміка Станіслава Турскага, уладальніка віленскай друкарні «Графіка». У 1929 годзе пад кіраўніцтвам прафесара Яна Атрэмбскага паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Мова Яна Ходзькі» і атрымала пасаду старшага асістэнта, на якой працавала да верасня 1939 года.

Да пачатку Другой сусветнай вайны даследчыца падрыхтавала дзве вялікія манаграфіі. Адна з іх, прысвечаная гаворцы шляхецкага хутара Бялішкі, не захавалася навогул. Другая, фундаментальная праца «Аб узнікненні польскіх моўных абшараў на Віленшчыне», летам 1939 года была перададзена ў друкарню мужа. У выніку пачатку вайны і бамбардзіровак друкарня была знішчана, таму з дваццаці друкарскіх аркушаў удалося ўратаваць толькі першыя восем (каля траціны працы). У перыяд нацысцкай акупацыі Галіна Турска ўдзельнічала ў тайным навучанні, супрацоўнічала з падполлем Арміі Краёвай (АК), пэўны час працавала санітаркай у віленскай інфекцыйнай бальніцы, а з 1943 года была працаўладкавана ў садоўніцкай гаспадарцы ў Вількішках.

У 1946 годзе разам з сям'ёй мовазнаўца пакінула Віленшчыну і пераехала ў ПНР, дзе асела ў Торуні. У чэрвені таго ж года яна стала ад'юнктам на кафедры індаеўрапейскага мовазнаўства Універсітэта Мікалая Каперніка (УМК). Уратаваны фрагмент віленскай манаграфіі стаў асновай для яе працэдуры габілітацыі, якая паспяхова завяршылася ў чэрвені 1949 года ў Пазнанскім універсітэце. З 1951 года Г. Турска працавала на кафедры польскай філалогіі УМК, якую неўзабаве ўзначаліла, а ў 1954 годзе атрымала званне надзвычайнага прафесара.

У 1962 годзе па ўласным жаданні даследчыца пакінула ўніверсітэт і перайшла працаваць прафесарам у Інстытут польскай мовы Польскай акадэміі навук (ПАН), дзе даследавала тэматыку ў рамках Беларускай лабараторыі. У 1966 годзе выйшла на пенсію. Памерла 5 студзеня 1979 года пасля доўгай хваробы, пахавана на Цэнтральных камунальных могілках у Торуні.

Навуковая дзейнасць Навуковыя інтарэсы Галіны Турскай ахоплівалі крэсовую польскую мову (асабліва віленскую), мову твораў Адама Міцкевіча, польска-літоўскія і польска-беларускія моўныя сувязі, а таксама славянскую і індаеўрапейскую кампаратывістыку. Яе першыя працы былі прысвечаны мастацкай мове пісьменнікаў (Міцкевіча, Ходзькі), аднак пазней яна засяродзілася на жывым гутарковым маўленні, выдаўшы ў 1930 годзе нарыс «Польская мова на Віленшчыне».

Найважнейшай працай даследчыцы лічыцца манаграфія «Аб узнікненні польскіх моўных абшараў на Віленшчыне» (). Нягледзячы на тое, што кніга была напісана ў 1939 годзе, яе ўцалелыя фрагменты былі апублікаваны ў Польшчы толькі ў 1982 годзе ў зборніку «Studia nad polszczyzną kresową». У гэтай працы навукоўца падрабязна даследавала, як фармаваліся польскамоўныя тэрыторыі ў Літве. Яна даказала, што паланізацыя літоўцаў і праваслаўнай шляхты ў ВКЛ пачалася яшчэ ў XVI стагоддзі, аднак распаўсюджванне польскай мовы сярод сельскага насельніцтва пачалося толькі ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя.

Асаблівую ўвагу Галіна Турска звярнула на праблему беларуска-літоўска-польскага памежжа. Яна разглядала гіпотэзу аб тым, што перад паланізацыяй балцкае насельніцтва Віленшчыны спачатку прайшло праз этап беларусізацыі (пераход на беларускую мову), а ўжо потым пачало пераходзіць на польскую. Паводле яе даследаванняў, беларусізацыя літоўцаў ахапіла толькі частку тэрыторыі, пераважна бліжэй да сучаснай мяжы з Беларуссю, у той час як на Ковеншчыне ці поўначы Літвы насельніцтва паланізавалася наўпрост, без пераходнага беларускамоўнага этапу. Даследчыца таксама прааналізавала феномен узнікнення мясцовай ідэнтычнасці (так званых «тутэйшых»), якая стала вынікам змешвання моў і лінгвістычнай асіміляцыі.

У другой частцы сваёй галоўнай працы Г. Турска правяла дэталёвы аналіз шматлікіх беларусізмаў, якія трывала замацаваліся ў польскіх гаворках Віленшчыны. Яна пераканаўча давяла, што польская мова запазычвала гэтыя элементы непасрэдна з народных беларускіх гаворак, а не з літаратурнай мовы. Сярод выяўленых ёй рыс былі: недысімілятыўнае аканне (напрыклад, ляка́рства), характэрны беларускі націск (неха́й), прадуктыўныя беларускія суфіксы (-ачы, напрыклад, цяля́чы), а таксама спецыфічныя формы безасабовых дзеясловаў (пекць — «пячы», побекць — «пабегчы»). Акрамя фанетычных і граматычных рыс, яна зафіксавала вялікі пласт беларускай лексікі ў мясцовай польскай мове, уключаючы такія словы, як багун, бульба, дзёргач («дзяркач»), дрывотня, бадзяцца. Даследчыца адзначала, што многія з гэтых беларусізмаў фіксаваліся яшчэ ў часы ВКЛ у мове мясцовай шляхты і актыўна выкарыстоўваліся ў літаратурных творах польскамоўных пісьменнікаў-рамантыкаў, такіх як Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Валеры Лазінскі.

У пасляваенны перыяд у Торуні прафесар займалася даследаваннямі мовы Міцкевіча (у прыватнасці, мовы паэмы «Пан Тадэвуш»), а таксама праблемамі славянскай этымалогіі і лексікалогіі. Пры яе ўдзеле былі распачаты даследаванні для стварэння дыялекталагічнага атласа Куяў і Хэлмінскай зямлі. З 1949 года з'яўлялася членам Навуковага таварыства ў Торуні, а таксама ўваходзіла ў Камітэт мовазнаўства Польскай акадэміі навук.

Выбраная бібліяграфія Język Jana Chodźki (Мова Яна Ходзькі, 1930) Język polski na Wileńszczyźnie (Польская мова на Віленшчыне, 1930) O powstaniu polskich obszarów językowych na Wileńszczyźnie (Аб узнікненні польскіх моўных абшараў на Віленшчыне, 1939; апублікавана часткова ў 1982) Prowincjonalizmy językowe w „Panu Tadeuszu” (Моўныя правінцыялізмы ў «Пану Тадэвушы», 1984) Mianownik liczby mnogiej „chłopy”, „draby” w języku ogólnopolskim (Назоўны склон множнага ліку «chłopy», «draby» ў агульнапольскай мове, 1953) Wpływ substratu litewskiego na fleksję gwary polskiej (Уплыў літоўскага субстрату на флексію польскай гаворкі, 1964) Leksykalne pożyczki białoruskie w języku polskim (doba staropolska) (Лексічныя беларускія запазычанні ў польскай мове (старапольская эпоха), 1970)

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мовазнаўцы Польшчы Катэгорыя:Даследчыкі беларускай мовы Катэгорыя:Нарадзіліся 15 кастрычніка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1901 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Іркуцку Катэгорыя:Памерлі 5 студзеня Катэгорыя:Памерлі ў 1979 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Торуні Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Польскай акадэміі навук Катэгорыя:Удзельнікі Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Паланісты