Граф Адам Альфрэд Густаў Станіслававіч Плятэр-дэ-Броэль (, ; 23 красавіка 1836, Вільня — 24 снежня 1909, Швякшна) — грамадскі дзеяч, калекцыянер, археолаг, віленскі губернскі прадвадзіцель дваранства (1878—1908).
Адыграў значную ролю ў станаўленні этналінгвістычнай геаграфіі Віленшчыны, выступіўшы арганізатарам і спонсарам першага навуковага статыстычнага даследавання моўнага складу насельніцтва Віленскай губерні.
Біяграфія Прадстаўнік шляхецкага роду Плятэраў. Сын Стэфана Эмерыка Броэль-Плятэра (1799—1864) і яго жонкі Алаізы Аліны з Жабаў-Марцінкевічаў (1800—1876). У спадчыну ад бацькоў атрымаў маёнтак Швекшне з вёскамі Лігуцы і Падубрыне, а таксама Аляксандрава ў Цельшаўскім павеце. Пазней, дзякуючы ўплыву пры двары, нягледзячы на абмежаванні для палякаў, атрымаў права набываць землі ў Паўночна-Заходнім краі. Набыў маёнтак Вепры з фальваркамі Кавалякі і Батанішкі ў Вількамірскім павеце, пасля чаго агульная плошча яго ўладанняў склала 2473 дзесяціны.
Пасля заканчэння вучобы падарожнічаў па Заходняй Еўропе, а таксама наведаў Грэцыю і Блізкі Усход.
У 1861 годзе быў абраны прадвадзіцелем дваранства Расіенскага павета. Займаў лаяльную пазіцыю ў адносінах да расійскай улады, змагаўся з уплывам «белых» у рэгіёне. Нягледзячы на гэта, пасля пачатку паўстання 1863—1864 гадоў прыняў прызначэнне на пасаду паўстанцкага начальніка павета. Пасля задушэння паўстання, маючы выбар паміж смерцю і супрацоўніцтвам, пагадзіўся заняць пасаду прадвадзіцеля дваранства Віленскага павета. У жніўні 1863 года разам з бацькам быў адным з першых землеўладальнікаў, якія падпісалі ў Вільні вернападданніцкі адрас цару.
З 24 лістапада 1878 па 1908 год — Віленскі губернскі прадвадзіцель дваранства. Рабіў кар’еру пры расійскім двары: з 1875 года — камергер, з 30 жніўня 1879 года — правадзейны стацкі саветнік, з 13 красавіка 1886 года — шталмайстар, з 17 лістапада 1903 года — обер-гофмайстар. Быў адзіным палякам, які прысутнічаў на адкрыцці помніка Міхаілу Мураўёву ў Вільні ў 1898 годзе.
З 1884 года быў членам Англійскага клуба ў Пецярбургу. 21 кастрычніка 1878 года ўзначаліў Віленскае дабрачыннае таварыства. Таксама займаў пасады старшыні Віленскага зямельнага банка і камітэта па адбудове касцёла Святой Ганны. Быў ганаровым міравым суддзёй Віленскай судова-міравой акругі і старшынёй Савета Імператарскага Чалавекалюбнага таварыства. Супраціўляючыся русіфікацыі краю, перашкодзіў будаўніцтву праваслаўнай царквы ў Швекшне, выдзеліўшы пад яе багністы ўчастак. Валодаў жамойцкай мовай. Пры перасячэнні мяжы з Прусіяй у сваёй карэце часам правазіў забаронены літоўскі друк. У 1880 годзе ў парку Швекшне пабудаваў рэпрэзентатыўную вілу, якую назваў у гонар жонкі Генавефы. Да яго часта прыязджаў сусед па маёнтку Пётр Сталыпін. Быў аматарам палявання, у швекшаўскім музеі захоўваецца чучала ўпаляванага ім мядзведзя. Разам са стрыечным братам Аляксандрам у 1900—1905 гадах зрабіў значны ўнёсак у будаўніцтва новага касцёла Святога Апостала Якуба ў Швекшне, ахвяраваўшы 50 000 рублёў і драўніну.
Памёр 24 снежня 1909 года ў Швекшне. Пахаваны ў крыпце пад галоўным алтаром мясцовага касцёла.
Навуковая і мецэнацкая дзейнасць З юнацтва цікавіўся археалогіяй і нумізматыкай. З 1852 года пачаў праводзіць раскопкі могільнікаў у межах свайго маёнтка, даследаваўшы 164 пахаванні. У 1857 годзе стаў ганаровым куратарам гімназіі ў Свянцянах. У 1859 годзе даследаваў гарадзішчы і курганы ў Кернаве. У 1860 годзе быў запрошаны ў Віленскую археалагічную камісію, а таксама стаў членам Пецярбургскага археалагічнага таварыства. Сярод найбольш значных яго знаходак — сем старажытнаегіпецкіх статуэтак, знойдзеных у 1852 годзе ў адным з курганоў, імаверна, у Юргайці. Сабраў багатую бібліятэку старадрукаў і калекцыю манет.
Сваю нумізматычную калекцыю перадаў роду Патоцкіх з Кшэшавіц, а каля 450 археалагічных артэфактаў са Швекшне, палеанталагічныя экспанаты і старажытнаегіпецкія амулеты ў 1912 годзе яго жонка падарыла музею Віленскага таварыства сяброў навук. Іх далейшы лёс пасля Першай сусветнай вайны невядомы.
Найбольш значным навуковым праектам, ажыццёўленым пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы Адама Плятэра, стала статыстычнае апытанне насельніцтва Віленскай губерні, праведзенае ў 1890 годзе. Плятэр ініцыяваў збор даных аб этнічным і моўным складзе губерні, прычым упершыню ў гісторыі рэгіёну звесткі збіраліся і агрэгаваліся не паводле афіцыйнай нацыянальнасці ці веравызнання, а на аснове асноўнай мовы штодзённых зносін.
Вынікі гэтага даследавання былі абагульнены і апублікаваны ў 1898 годзе ў Кракаве пад псеўданімам «Ананім» (Anonym) у артыкуле «Абшар літоўскай мовы ў Віленскай губерні» (). Гэтая крыніца адыграла ключавую ролю ў ацэнцы рэальнай этналінгвістычнай сітуацыі на канец XIX стагоддзя і паслужыла асновай для знакамітай мапы Яна Міхала Развадоўскага (1901), якая зафіксавала межы паміж беларускімі і літоўскімі гаворкамі.
Сям’я У 1872 годзе ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве ажаніўся з Генавефай Пуслоўскай (1852—1936), дачкой Вандаліна Пуслоўскага (1814—1884) і Ядвігі з Галомбак-Язерскіх (1827—1901). У шлюбе нарадзіліся два сыны: Марыян Стэфан Вандалін (1873—1951) — у шлюбе з Людвікай Марыяй Янінай Галынскай меў дзяцей: Марыю (1909—1923), Ежы (1913—1939), Казімежа Ота (1915—2004, шахматыст, міжнародны майстар) і Анджэя (нар. 1917). Юрый (Ежы Фларыян Феліцыян, 1875—1943) — скончыў Пажаскі корпус, афіцэр Кавалергардскага палка, у шлюбе з Янінай Броэль-Плятэр меў сына Аляксандра Адама (нар. 1914).
Узнагароды Ордэн Святога Уладзіміра 2-й ступені (1894) Ордэн Белага Арла (1896) Ордэн Святога Аляксандра Неўскага (9 красавіка 1900)
Крыніцы
Літаратура Альманах современных русских государственных деятелей. — СПб.: Тип. Исидора Гольдберга, 1897. — Т. 2. — С. 815. Губернии Российской империи: История и руководители. 1708—1917. — М., 2003. — С. 61, 407. Кавалеры Императорского ордена Святого Александра Невского (1725—1917): Биобиблиографический словарь в трех томах. — М., 2009. — Т. 3. — С. 819.
Катэгорыя:Плятэры Катэгорыя:Губернскія маршалкі віленскія Катэгорыя:Археолагі Літвы Катэгорыя:Калекцыянеры манет Катэгорыя:Правадзейныя стацкія саветнікі Катэгорыя:Обер-гофмайстры (Расійская імперыя) Катэгорыя:Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага Катэгорыя:Кавалеры ордэна Белага арла (Расійская імперыя) Катэгорыя:Нарадзіліся 23 красавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1836 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вільні Катэгорыя:Памерлі 24 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1909 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Швекшне Катэгорыя:Пахаваныя ў Швекшне