Гродзенска-баранавіцкая (заходняя) група гаворак — адна з груп гаворак паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы.
Зона распаўсюджвання Гродзенска-баранавіцкую групу гаворак складаюць гаворкі заходняй часткі паўднёва-заходняга дыялекту прыблізна да ракі Лань і далей на поўнач да водападзелу рэк Нёман і Пціч. Гродзенска-баранавіцкая група гаворак мае працяг за мяжой Беларусі ў Польшчы. Гэта сумежная паўночная частка гаворак усходняй Беласточчыны.
Асаблівасці Гродзенска-баранавіцкая група мае наступныя характарыстыкі: Найбольш выразнае і яркае недысімілятыўнае яканне. Выразны галосны [а] вымаўляецца тут у становішчы пасля мяккіх зычных незалежна ад якасці галоснага пад націскам не толькі ў першым складзе перад націскам, але і ў іншых ненаціскных складах: [с’арада́], [б’араγ’і́], [z’ас’ац’і́], [п’аz’:ас’а́т], [з’ал’анава́ты], [п’арадава́ц’], [во́с’ан’], [н’э́йак], [γул’а́йаш], [γул’а́йац’а]. Прыстаўны гук [γ] перад націскнымі і ненаціскнымі галоснымі [у], [о] у пачатку слова: [γу́л’іца], [γу́с’ан’], [γо́с’ан’], [γо́чы], [γару́ц’], [γараб’і́на]. Формы інфінітыва дзеясловаў з асновай на галосныя гукі з канцавым галосным [і]: [бра́ц’і], [раб’і́ц’і], [саz’і́ц’і]. Канцавы [о] у канчатках дзеясловаў першай асобы множнага ліку цяперашняга часу: [ро́б’імо], [ко́с’імо], [крычымо́], [іz’эмо́], загадны лад — [с’а́z’мо], [пайz’э́мо], [с’п’імо́] і інш.
Некаторыя даследчыкі ў гэтай групе гаворак вылучаюць паўночна-заходнюю падгрупу. Адрозніваюць яе ад іншых мясцовых гаворак заходняй групы такія асаблівасці: Вымаўленне галоснага [о] пасля мяккіх зычных у канцавым адкрытым складзе: [кам’э̂́н’о], [в’э́ц’о], [гал’о]. Канчатак [-э] у назоўніках жаночага роду з асновай на мяккія зычныя і шыпячыя ў месным склоне адзіночнага ліку: [на⁀м’ажэ́], [у⁀z’ажэ́], [на⁀шашэ́], [на⁀пн’э́] і інш.
Але дамінуюць у ёй усё ж асаблівасці паўночна-заходняй дыялектнай зоны. Таму больш падстаў лічыць гэтыя гаворкі часткай паўночна-заходняй дыялектнай зоны, а не асобнай падгрупай гаворак заходняй групы.
Уплыў на літаратурную мову Паўднёва-заходняму дыялекту, асабліва слуцкай і гродзенска-баранавіцкай групе, належыць важная роля ў фарміраванні і развіцці сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На асаблівасці гаворак паўднёва-заходняга дыялекту абапіраліся ў сваёй беларускамоўнай літаратурнай творчасці Я. Чачот (Навагрудчына), Цётка (Гродзеншчына) і іншыя беларускія пісьменнікі XIX стагоддзя. На мове, блізкай да гаворак заходняй групы, звяртаўся да народа ў сваіх публіцыстычных творах К. Каліноўскі. Родная гаворка Стаўбцоўшчыны была асноўнай крыніцай моўных сродкаў для Якуба Коласа — аднаго са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У XX стагоддзі дзякуючы творчасці многіх пісьменнікаў, выхадцаў з паўднёва-заходняй часткі Беларусі (К. Чорны, К. Крапіва, П. Глебка, Я. Брыль і многія іншыя), роля гэтых гаворак у выпрацоўцы нормаў літаратурнай мовы, у развіцці і ўзбагачэнні яе слоўніка робіцца вызначальнай.
Літаратура
Катэгорыя:Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы