Слуцкая група гаворак (таксама слуцка-бабруйская, слуцка-рэчыцкая група гаворак) — адна з груп гаворак паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы.

Зона распаўсюджвання Слуцкую групу гаворак складаюць гаворкі паўночна-ўсходняй часткі паўднёва-заходняга дыялекту. Заходняя мяжа праходзіць прыблізна па рацэ Лань і далей на поўнач да водападзелу рэк Нёман і Пціч. Паўднёвая — прыблізна па лініі Лунінец — Жыткавічы — Мазыр — Брагін.

Асаблівасці Слуцкая група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту адрозніваецца ад гродзенска-баранавіцкай многімі асаблівасцямі: Спалучэнне цвёрдых губных зычных з [й] у адпаведнасці з аналагічнымі мяккімі губнымі зычнымі перад [а] у іншых гаворках: [пйац’], [мйа́со], [вйа́н’э], [жарабйа́]. Прыстаўны гук [в] перад націскнымі (і ненаціскнымі) галоснымі [у] у пачатку слова: [ву́л’іца], [ву́с’эн’]. Мяккі канцавы зычны [с’] у адпаведнасці з неканцавым спалучэннем зычных [с’ц’] у словах: [γос’], [ра́дас’], [кос’]. Захаванне ў дзеясловах з асновай на зычны ў першай асобе множнага ліку перад канчаткам -о̂м (-ам) цвёрдага зычнага асновы: [ідо̂́м], [н’аcо̂́м], [м’ато̂́м], [пасо̂́м], [п’ако̂́м], [стрыγо̂́м]. Цвёрды зычны [с] у зваротным афіксе дзеясловаў, або саканне: [с’м’айа́ўса], [мы́ўса], [памы́лас]. Канцавы суфікс -ці ў дзеясловах з асновай на [γ], [к] у неазначальнай форме: [б’э̂́γц’і], [л’э́γц’і], [с’э̂́кц’і], [ц’э́кц’і], [с’ц’эраγц’і́], [б’эраγц’і́].

Гэтыя асаблівасці агульныя як для слуцкай, так і для мазырскай груп гаворак.

Выключна для слуцкай групы гаворак характэрна: Недысімілятыўнае яканне са «звужаным», падобным да гука [э], вымаўленнем галоснага пасля мяккіх зычных не пад націскам ([з’аэмл’а́], [с’аэz’а́ц’], [с’эарада́], [м’э̂́с’аэц]). Прыстаўны гук [в] перад націскнымі (і ненаціскнымі) галоснымі [о] у пачатку слова: [во́с’эн’], [во́чы], [вачэ́й]. Вымаўленне галоснага [о] пад націскам перад цвёрдымі зычнымі, прытым губныя зычныя выступаюць перад ім у спалучэнні з наступным [й]: [аўйо̂с], [мйо̂д], [бйо̂рдо], [ўйо̂дра].

Уплыў на літаратурную мову Паўднёва-заходняму дыялекту, асабліва слуцкай і гродзенска-баранавіцкай групе, належыць важная роля ў фарміраванні і развіцці сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На асаблівасці гаворак паўднёва-заходняга дыялекту абапіраліся ў сваёй беларускамоўнай літаратурнай творчасці А. Абуховіч (Случчына) і іншыя беларускія пісьменнікі XIX стагоддзя. У XX стагоддзі дзякуючы творчасці многіх пісьменнікаў, выхадцаў з паўднёва-заходняй часткі Беларусі (К. Чорны, К. Крапіва, П. Глебка, І. Мележ і многія іншыя), роля гэтых гаворак у выпрацоўцы нормаў літаратурнай мовы, у развіцці і ўзбагачэнні яе слоўніка робіцца вызначальнай.

Літаратура

Катэгорыя:Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы