Валянці́н фон Дзі́тман (? — ?) — беларускі палітычны і дыпламатычны дзеяч, юрыст, перакладчык.

Біяграфія і палітычная дзейнасць Паводле веравызнання з’яўляўся лютэранінам. У прафесійнай дзейнасці працаваў адвакатам у Горадні. Быў таксама палкоўнікам расійскай арміі.

У жніўні 1918 года пачаў працаваць перакладчыкам з нямецкай мовы ў Камісарыяце замежных спраў пры Народным сакратарыяце БНР. З канца 1918 да пачатку 1919 года знаходзіўся ў Горадні. У сярэдзіне кастрычніка 1918 года ўвайшоў у склад створанай там Беларускай ўправы Гарадзенскага краю (БУГК) (якая першапачаткова насіла назву «Руская ўправа Гарадзенскай губерні»), што аб’ядноўвала мясцовых расійцаў і беларусаў прарасійскай арыентацыі.

У снежні 1918 года прымаў удзел у Першым беларускім губернскім з’ездзе, які праходзіў 1—2 снежня, дзе выступаў з дакладам па палітычным становішчы Гродзенскай губерні. У сваёй прамове ён адзначаў, што Гродзенская губерня не можа існаваць як самастойная дзяржава і мусіць далучыцца да каго-небудзь з суседзяў. Адкідаючы саюз з Польшчай (з-за яе сепаратнай палітыкі) і Украінай (якая тады не мела поўнага міжнароднага прызнання), Дзітман выказаўся за далучэнне да Літвы як за «найменшае зло». Ён абгрунтоўваў гэта гістарычнымі сувязямі дзвюх нацый з часоў Вялікага Княства Літоўскага, адзначаючы, што пасля Крэўскай уніі і шлюбу Ягайлы з Ядвігай пачаўся прыгнёт з боку Польшчы і каталіцкага духавенства, а пазней — з боку расійскага самадзяржаўя. Падчас гэтага ж з’езда Валянцін фон Дзітман тлумачыў дэлегатам ролю Віленскай беларускай рады (ВБР) і Рады БНР, бо арганізатары з’езда спрабавалі патрактаваць іх як два самастойныя і раўнапраўныя прадстаўніцтвы дзвюх розных губерняў.

У траўні 1919 года В. фон Дзітман у складзе вялікай групы беларускіх дзеячаў (разам з А. Смолічам, Л. Зайцам, Л. Барковым і іншымі) накіраваўся ў Берлін, каб прадстаўляць інтарэсы БНР у Германіі. Планавалася, што ён зойме пасаду сакратара створанай Дыпламатычнай місіі БНР. У перыяд са жніўня па кастрычнік 1919 года ён выконваў функцыі сакратара, кур’ера і дарадцы ў справах прэсы пры дыпламатычнай місіі. У пачатку 1920 года разам з кіраўніком місіі Л. Барковым ён быў звольнены з яе складу.

Удзел у выданні кнігі «Беларусь» Падчас працы ў Берліне ў якасці саветніка місіі па справах прэсы Валянцін фон Дзітман прыняў удзел у стварэнні першай нямецкамоўнай інфармацыйнай кнігі пра Беларусь «Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung» (1919), рэдактарам якой быў нямецкі журналіст Вальтэр Егер. Дзітман напісаў для гэтага выдання гістарычны раздзел, паколькі рэальныя спецыялісты былі адрэзаныя ад Берліна. У сваёй працы ён канцэптуальна, а часам і шляхам прамых тэкставых запазычанняў, абапіраўся на брашуру Мітрафана Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» і кнігу Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі».

У падрыхтаваным тэксце Дзітман прасоўваў тыповы для беларускага нацыянальнага руху гістарычны наратыў: падкрэсліваў існаванне шырокай аўтаноміі і народаўладдзя (веча) ў старажытных беларускіх княствах у складзе Кіеўскай Русі, а таксама вядучую ролю беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Ён апісваў наступны ўціск з боку польскага імперыялізму і каталіцкай царквы пасля Люблінскай і Берасцейскай уній, а пазней — гвалтоўную палітыку расійскіх цароў. Абвяшчэнне БНР разглядалася ім як адраджэнне старажытнай славянскай дзяржавы. Гэты тэкст найбольш адпавядаў мемарандумам, якія беларуская дэлегацыя прадстаўляла на Парыжскай мірнай канферэнцыі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Постаці беларускага нацыянальнага руху Катэгорыя:Дыпламаты Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Адвакаты Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з нямецкай мовы Катэгорыя:Палітыкі Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Немцы ў Беларусі