Кісцяпёрыя рыбы (Crossopterygii, Coelacanthimorpha) — падклас (надатрад) старажытных лопасцевапёрых рыб, уключае адзіны атрад .
Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн гадоў таму). Доўгі час лічыліся цалкам вымерлымі ў канцы мелавога перыяду, пакуль у 1938 годзе ў Індыйскім акіяне не быў знойдзены адзіны сучасны прадстаўнік — латымерыя.
Галоўнай асаблівасцю кісцяпёрых з’яўляецца будова плаўнікоў (асабліва парных — грудных і брушных). Аснова плаўніка ўяўляе сабой мускулістую лопасць, унутры якой знаходзіцца моцны шкілет з некалькіх сегментаваных касцей. Гэтая будова нагадвае канечнасць наземных пазваночных і дазваляе рыбе абапірацца на субстрат.
Шкілет пераважна храстковы, але ў выкапнёвых формаў была развіта касцявая тканка. Захоўваецца хорда. Чэрап мае асаблівы рухомы сустаў паміж пярэдняй і задняй часткамі, што дазваляе рыбе шырока адкрываць рот. Луска касмоідная (складаецца з косці, дэтынападобнага рэчыва — касміну і тонкага слою эмалі).
У выкапнёвых прэснаводных форм былі развіты лёгачныя мяшкі (вырасты кішэчніка), што дазваляла дыхаць атмасферным паветрам. У сучаснай латымерыі (марскі від) лёгкіх няма, яны рэдукаваны да тлушчавай падушкі.
Кісцяпёрыя рыбы лічацца адной з самых важных груп у гісторыі эвалюцыі. Менавіта ад адной з галін прэснаводных кісцяпёрых (група Rhipidistia) у дэвонскім перыядзе паходзяць першыя наземныя пазваночныя — стэгацэфалы (старажытныя земнаводныя). Пераход да наземнага спосабу жыцця стаў магчымым дзякуючы моцным плаўнікам-лапам і наяўнасці дадатковага лёгачнага дыхання.
Катэгорыя:Лопасцевапёрыя рыбы