Станіслаў Судроўскі (, ) () — кальвінісцкай дзеяч, прапаведнік і тэолаг.

Біяграфія Нарадзіўся, магчыма, у сям’і мяшчан з Астраленкі. Энцыклапедычныя выданні даюць час нараджэння Судроўскага як каля 1550 года, аднак, на думку Генрыка Люлевіча, нарадзіцца ён мог раней, бо ў 1580 годзе лічыўся ўжо чалавекам сталага ўзросту. Дзе вучыўся не вядома, але ўзровень пазнейшай дзейнасці сведчыць пра адукацыі, імаверна, у межах краіны.

Як сцвярджалі яго ворагі, каталіцкія палемісты (у прыватнасці, езуіт Марцін Лашч), у маладосці Судроўскі быў асуджаны ў Львове да павешання за крадзеж сярэбранай талеркі і ўнік кары толькі праз згоду стаць катам.

Духоўную кар’еру пачынаў службай пры двары Радзівілаў біржанскай лініі, быў прапаведнікам у ваяводы віленскага і канцлера Мікалая Радзівіла Рудога. Вясной 1570 года Судроўскі ўжо быў міністрам віленскага кальвінскага збора, быў прадстаўніком вялікалітоўскіх кальвіністаў на сінодзе ў Сандаміры. Думаюць, што месца міністра мог атрымаць яшчэ ў сярэдзіне 1560-х гадоў.

З 29 верасня да 1 кастрычніка 1573 года быў дэлегатам ад кальвіністаў Вялікага Княства Літоўскага на генеральным сінодзе ў Кракаве. 15 лютага 1577 года Судроўскі згаданы сярод пакупнікоў камяніцы ў Вільні (так званага Гарнастаеўскага дома), якую Радзівіл прадаў кальвінскай грамадзе пад збор. У 1577 годзе Судроўскі стаў духоўным сеньёрам (кіраўніком) віленскага дыстрыкта, змяніў на гэтай пасадзе Шымона Зацыюша. 25 чэрвеня 1578 года ўдзельнічаў у нарадзе лютэран і кальвіністаў у Вільні і падпісаў «віленскую згоду».

У маі 1589 года Крыштаф Радзівіл Пярун прызначыў Судроўскага прапаведнікам збору ў Біржах. 8 снежня 1592 года як утрыманне Судроўскаму нададзены вёскі Мстуны і Шалнодзі пад Біржамі, а таксама пажыццёвая пенсія (100 злотых штогод) і натуральныя выплаты збожжам. У маі 1591 года ён старшынстваваў на сінодзе ў Вільні.

Судроўскі быў прыяцелем рэфармацыйнага дзеяча Андрэя Волана. У 1589 годзе Волан выступіў у абарону Судроўскага ад абвінавачванняў езуіцкіх палемістаў (у прыватнасці Андрэя Юргевіча) у невуцтве і няведанні асноў лацінскай граматыкі, выклаў абарону ў творы «Ad scurilem et famosum libellum Jurgievitii responsio». Судроўскі, магчыма, быў выдаўцом і папулярызатарам польскіх перакладаў палемічных твораў Волана, скіраваных супраць Пятра Скаргі. Праз блізкасць інтэлектуальных пазіцый Судроўскаму часам памылкова прыпісвалі аўтарства вядомага твора Волана «Idolatriae Loiolitarum Vilnensium Oppugnatio» (1583), скіраванага супраць віленскіх езуітаў. Паводле Андрэя Юргевіча, у другім выданні «Nauka i utwierdzenie…» (1598), у зборніку рэлігійных песень былі акравершы, якія славілі прыгажосць Зоф’і Воланаўны — дачкі Андрэя Волана, што абурыла віленскую кальвінісцкую грамаду, як сцвярджалі, нават стала прычынай пераходу віленскага цівуна Яна Паца ў каталіцтва.

Памёр у 1600 годзе і, імаверна, пахаваны ў Вільні.

Па смерці Судроўскага Андрэй Волан абраны для агалашэння пахавальнай прамовы («Oratio funebris»), яе тэкст выйшаў асобным выданнем у 1600 годзе..

Пазней Судроўскі стаў персанажам контррэфармацыйнай сатыры Яна Жжэнчыцкага «Anatomia Martynusa Lutra» (1619).

Сям’я Магчыма, Судроўскі быў жанаты двойчы. Другой жонкай магла быць віленская мяшчанка Марта Мазурава (або Мазураўна).

Пэўных звестак пра нашчадкаў няма, аднак даследчык Уладзімір Будка выказаў здагадку, што яго сынам быў Анджэй Судроўскі Знаеўскі (памёр у 1639). Пры гэтым прозвішча Знаеўскі часам памылкова прыпісвалі самому Станіславу.

Дзейнасць Судроўскі быў актыўным удзельнікам рэлігійнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. У 1585 годзе ўдзельнічаў у дыспуце паміж кальвінісцкімі і лютэранскімі тэолагамі пра прыроду ўдзелу Хрыста ў Тайнай Вячэры, а таксама ў дыспуце з езуітамі і лютэранамі пра шанаванне абразоў. Судроўскага лічылі глыбокім знаўцам Святога Пісання.

Пісаў на польскай мове, вядомыя творы: «Wykład na modlitwę pańską» («Выклад на малітву Панскую», Вільня, 1580) — каментарыі да малітвы «Ойча наш» . «Nauka i utwierdzenie…» («Навука і сцвярджэнне…», 1580; 2-е выд. 1598) — праца пра падрыхтоўку хрысціяніна да смерці. «Katechizm albo krótkie w jedno miejsce zebranie wiary…» («Катэхізіс», Вільня, 1598; 2-е выд. 1600) — падрыхтаваны на аснове нясвіжскага катэхізіса Сымона Буднага (1562) па даручэнні сіноду. «Forma albo porządek sprawowania świętości pańskich…» — дапаўненне да другога выдання Катэхізіса.

Таксама складальнік зборнікаў песень: У першае выданне «Навука і сцвярджэнне…» (Nauka i utwierdzenie…) 1580 года ўключаны зборнік з 48 песень і 30 псалмоў Давіда, якіх раней не было ў кальвінісцкіх катэхізісах. Другое выданне выйшла ў 1598 годзе ў Вільні, менавіта ў ім, быццам, былі акравершы з усхваленнем Зоф’і Воланаўны. У склад «Катэхізіса» («Віленскага катэхізіса») 1598 года ўключаны польскія песні пра боскую прыроду Хрыста і пра Святога Духа, а таксама даданы ноты да прыкладна 300 рэлігійных песень. Другое выданне гэтага Катэхізіса з песнямі апублікавана ў 1600 годзе. Таксама Судроўскі, магчыма, непасрэдна ўдзельнічаў ў складанні канцыянала (зборніка духоўных песень), які выйшаў у 1594 годзе ў Вільні.

Крыніцы

Літаратура Woźniak Wojciech. Stanisław Sudrowski z Ostrołęki: pisarz kalwiński z XVI wieku: szkic o życiu i ksiązkach. -- Ostrołęka, 1987. Lulewicz Henryk. Sudrowski (Sudrovius, Swidrous) Stanisław // PSB. T. XLV/3. — Warszawa; Kraków, 2008. — S. 349—351.

Спасылкі

Катэгорыя:Кальвінізм у Вялікім Княстве Літоўскім